RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Сумесны патрыятычны праект рэалізуюць прафсаюзы Беларусі і Расіі

Сумесны беларуска-расійскі аўтапрабег «Па дарозе жыцця», прысвечаны 75-годдзю вызвалення нашай рэспублікі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 115-годдзю прафсаюзнага руху Беларусі, пройдзе ў маі 2019 года. Такая дамоўленасць дасягнута ў межах візіту дэлегацыі прафсаюзных і педагагічных работнікаў тэрытарыяльнай арганізацыі Калінінскага раёна Санкт-Пецярбурга прафсаюза работнікаў народнай адукацыі і навукі Расійскай Федэрацыі ў Магілёўскую вобласць.

Прафсаюзныя актывісты суседняй дзяржавы сустрэліся з кіраўніцтвам абласнога і раённага камітэтаў Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. Вынікам перамоў стаў шэраг дамоўленасцяў, у тым ліку аб правядзенні сумеснай патрыятычнай акцыі і зваротным візіце беларускага боку. За«круглым сталом» расіяне азнаёміліся з работай прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі ў рэгіёне, падзяліліся сваімі напрацоўкамі, намецілі шляхі далейшага супрацоўніцтва, наведалі музей прафсаюзаў Прыдняпроўскага краю і першасную прафсаюзную арганізацыю сярэдняй школы №45 Магілёва.

Таксама яны прынялі ўдзел у калядным форуме «Прафсаюз без межаў», мэтай правядзення якога стала актывізацыя міжнароднага супрацоўніцтва ў адпаведнасці з Пагадненнем аб супрацоўніцтве паміж Магілёўскай раённай арганізацыяй Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі і тэрытарыяльнай арганізацыяй Калінінскага раёна Санкт-Пецярбурга прафсаюза работнікаў народнай адукацыі і навукі Расійскай Федэрацыі на 2018-2021 гады. Акцэнт у дакуменце, які прынялі ў верасні 2018 года, быў зроблены на ўмацаванне і развіццё сувязяў у сферы абароны правоў і сацыяльна-эканамічных інтарэсаў работнікаў адукацыі саюзнай дзяржавы, абмене вопытам прафсаюзнай работы, узмацненні ролі прафсаюза ў фарміраванні палітыкі дзвюх краін у галіне адукацыі.

Удзельнікі форума расказалі аб напрацоўках у вырашэнні пытанняў прафесійнай і сацыяльна-эканамічнай абароны членаў прафсаюза, праблемах у сістэмах адукацыі і шляхах іх пераадолення, назначылі планы на будучыню. У якасці прыкладу арганізацыі прафсаюзнай дзейнасці дэлегацыя наведала шэраг «пярвічак» устаноў адукацыі Магілёўскага раёна: Камінтэрнаўскую, Кадзінскую і Дашкаўскую сярэднія школы, яслі/сад №2 аграгарадка Буйнічы, Магілёўскі дзяржаўны прафесійны агралесатэхнічны каледж імя К. П. Арлоўскага.

«Падчас такіх візітаў у нас ёсць выдатная магчымасць лепш даведацца адзін пра аднаго, пазнаёміцца з дзейнасцю прафсаюзаў суседніх краін, – адзначыла старшыня Магілёўскай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Ларыса Дзядкова. – Напрыклад, расійскіх гасцей зацікавіў адпачынак у беларускіх прафсаюзных здраўніцах, бо вопыт работы па аздараўленні працоўных у іх быў згублены з развалам СССР. Таксама іх здзівіла, наколькі вялікая ўвага ў нас надаецца духоўнасці і патрыятычнаму выхаванню, прычым многае яны ўзялі на ўзбраенне. Расіяне таксама плануюць вывучыць вопыт узаемадзеяння з сацыяльнымі партнёрамі – у прыватнасці, з выканаўчай уладай. У сваю чаргу, нам цікавы іх падыход у інфармацыйнай і культурнай працы. Напрыклад, тэрытарыяльным камітэтам Калінінскага раёна Санкт-Пецярбурга галіновага прафсаюза выдаецца свая газета, дзейнічае прафсаюзны педагагічны тэатр. Нам сапраўды ёсць чаму павучыцца адзін у аднаго». 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая