RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Святочную праграму арганізавалі ў Магілёве для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі

Вялікае свята для дзяцей грамадскага аб’яднання «Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам» і дзяцей грамадскай дабрачыннай арганізацыі «Магілёўскі дзіцячы хоспіс» арганізавалі сёння ў Магілёве. Удзельнікамі мерапрыемства сталі амаль 50 дзяцей рознага ўзросту.

Для дзяцей падрыхтавалі анімацыйную праграму з любімымі казачнымі персанажамі, шоу мыльных бурбалак, віктарыны, загадкі і музычныя віншаванні. Як адзначыла адна з арганізатараў, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Наталля Тарасенка, такое мерапрыемства важна і трэба не толькі для дзяцей, але і для іх бацькоў.

«Такія святы неабходныя і для дарослых таксама. Бацькі асаблівых дзетак у асноўным знаходзяцца дома і даглядаюць іх. Значную частку часу яны праводзяць у досыць замкнёнай прасторы, замыкаюцца ў сваіх праблемах. А на такіх святах у іх ёсць магчымасць пагутарыць з бацькамі іншых дзяцей, знайсці, можа быць, людзей з падобнай жыццёвай сітуацыяй. Нярэдка такія сустрэчы дапамагаюць знайсці адказы на нейкія пытанні, падзяліцца вопытам і думкамі. Такія перапынкі ім проста неабходныя, – падкрэсліла Наталля Тарасенка. – Трэба падтрымліваць тых, хто знаходзіцца ў цяжкай сітуацыі, асабліва дзяцей. Бо гэта маленькія людзі, якія не маюць таго вялізнага вопыту, які ёсць у нас. Важна, каб нашы дзеці, незалежна ад таго, ці ёсць у іх бацькі, ці здаровыя яны, былі шчаслівыя. Гэтае свята для іх–маленькая частка таго, што мы можам зрабіць. Яшчэ наша грамадства павінна навучыцца любіць дзяцей незалежна ад таго,якія яны. Бо яны ўсе асаблівыя ў самым добрым сэнсе гэтага слова. Дзеці-інваліды прымушаюць нас задумацца, колькі ў нас дабра, міласэрнасці і разумення, ці можам мы звацца людзьмі».

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Людміла Здорыкава ўпэўнена: дзеці–гэта самае дарагое,што ёсць у людзей. І таму ім важна надаваць шмат увагі і падтрымліваць незалежна ад таго, ці ёсць у дзіцяці праблемы са здароўем. «Наша свята не адзінкавая акцыя. Такія мерапрыемствы праводзілі да Новага года, Дня сям’і, сёння–да Дня абароны дзяцей. Працуем у цеснай звязцы–Беларускі саюз жанчын, актыў Беларуска-Расійскага ўніверсітэта, БРСМ, дзяржаўныя і прыватныя арганізацыі і фірмы, якія дапамаглі падрыхтаваць падарункі, – адзначыла Людміла Здорыкава. – Дзеці–самае дарагое для кожнага чалавека і для дзяржавы. Нездарма кажуць, што дзеці–наша будучыня. Свята важнае і для дарослых. Каб нагадаць нам, што нашы дзеці маюць патрэбу ў падтрымцы і клопаце, любові. Таму такія святы дораць нам магчымасць падзяліцца сваёй дабрынёй і клопатам з дзецьмі».

Сярод тых, хто падарыў дзецям свята–актывіст БРСМ, студэнт Беларуска-Расійскага ўніверсітэта Антон Акушэвіч. «Мы пастаянна ездзім на падобныя мерапрыемствы ў дзіцячыя дамы, дамы малюткі. Быць іх удзельнікам–мая ўнутраная патрэба. Мы стараемся падарыць дзецям як мага больш шчасця, радасці, весялосці. Сёння мы падрыхтавалі забаўляльную праграму, – расказаў валанцёр. – Важна, каб дзеці з абмежаванымі магчымасцямі адчувалі сябе паўнавартаснымі членамі грамадства. Такія святы дазваляюць малым не заставацца сам-насам са сваімі праблемамі, дапамагаюць у зносінах з іншымі дзецьмі. Для бацькоў гэта таксама станоўчыя эмоцыі, якіх часам так не хапае».

Як расказала сакратар пярвічнай арганізацыі БРСМ з правамі раённага камітэта Беларуска-Расійскага ўніверсітэта Ірына Шалыгіна, на свята змаглі прыехаць не ўсе. «Яшчэ каля 15 дзяцей па стане здароўя не можа наведваць такія мерапрыемствы. І каб не пакінуць іх без свята, у найбліжэйшыя дні мы наведаем іх дома і перададзім салодкія падарункі», – адзначыла сакратар.

Акрамя гульнявой і забаўляльнай праграмы, для дзяцей падрыхтавалі салодкі стол.

Арганізатарамі выступілі Беларуска-Расійскі ўніверсітэт, першасная арганізацыя БРСМ з правамі раённага камітэта Беларуска-Расійскага ўніверсітэта, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Людміла Здорыкава і Наталля Тарасенка.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая