RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Сям’я Фядотавых з Кіраўскага раёна прадставіць Магілёўскую вобласць у фінале сямейнага сельскагаспадарчага праекта «Уладар сяла»

Сям’я Фядотавых з аграгарадка Барчыцы Кіраўскага раёна прадставіць Магілёўскую вобласць у фінале рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта БРСМ «Уладар сяла».

«Калі робіш нешта – рабі на сумленне»,– такога прынцыпу ва ўсім прытрымліваюцца муж і жонка. Фядотавы – сапраўдныя сельскія жыхары. У садзе і агародзе сям’і можна знайсці практычна ўсё, што расце ў нашых шыротах. А яшчэ яны трымаюць бычкоў і свіней, трусоў і курэй. Ёсць і хатнія любімцы: сабакі, каты, чарапаха, хамячкі.

Кіраўнік сям’і Васіль працуе аператарам па штучным абнасенванні ў КСУП «Барчыцы-агра». У сваёй прафесіі ён – адзін з найлепшых, пра што сведчаць прызнанне калег і неаднаразовыя перамогі ў конкурсах прафесійнага майстэрства. Жонка Кацярына цяпер у адпачынку па доглядзе дзіцяці. Вольны час траціць не толькі на кулінарыю і гаспадарку, але яшчэ і творчасць: лепіць, вяжа, займаецца дэкупажам, вырабамі з паперы і тканіны. Нядаўна захапілася абярэгамі з мешкавіны. Сваю калекцыю абавязкова прывязе на фінал праекта.

Муж і жонка выхоўваюць траіх сыноў: Мікіту, Ваню і Ілью. Фядотавы імкнуцца прывіць дзецям любоў да ўсяго жывога, павагу да сямейных традыцый, сваіх каранёў. Кацярына беражліва захоўвае вышыванкі, якія некалі належалі яе прабабулі, і тлумачыць сынам, чаму гэтыя рэчы такія каштоўныя. Так што з ранняга ўзросту хлопчыкі ведаюць, як важна захоўваць памяць пра мінулае сваёй сям’і, адчуваць сувязь пакаленняў.

У гэтым годзе «Уладар сяла» ўваходзіць у афіцыйную праграму другога дня рэспубліканскага форуму сельскай моладзі, які адбудзецца ў Мінскай вобласці 27-28 верасня. У фінале папулярнага моладзевага праекта будзеўдзельнічаць 6 сем’яў. Гэта пераможцы абласных тураў. Яны будуць спаборнічаць за тытул «Уладар сяла-2019» у творчых і сельскагаспадарчых конкурсах. Упершыню ў праграму фінальных мерапрыемстваў праекта ўключана закладка алеі сямейных дрэў і прэзентацыя праекта БРСМ «ПапаЗал».

Конкурс «Уладар сяла» зарадзіўся ў Глыбоцкім раёне ў маі 2007 года. У 2008-м БРСМ падтрымаў моладзевую ініцыятыву на рэспубліканскім узроўні. За гэты час конкурс атрымаў пастаянную прапіску ва ўсіх рэгіёнах краіны і рэалізуецца як рэспубліканскі сямейны сельскагаспадарчы праект «Уладар сяла», галоўная мэта якога –садзейнічанне замацаванню маладых сем’яў на вёсцы і папулярызацыя сельскагаспадарчай працы.

Арганізатарамі праекта з’яўляюцца Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, Міністэрства адукацыі, Беларускі саюз жанчын і Белаграпрамбанк.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая