RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Сям’я Нікалаевых прадставіць Магілёўскую вобласць у фінале рэспубліканскага конкурсу «Сям’я года»

Сям’я Нікалаевых прадставіць Магілёўскую вобласць у фінале рэспубліканскага конкурсу «Сям’я года», які адбудзецца ў Мінску 12 кастрычніка. У сталіцы сабраліся пераможцы ўсіх сямі рэгіянальных этапаў. Заўтра цэлы дзень – рэпетыцыі выступленняў, якія кожная сям’я адточвала дома. А паслязаўтра – фінал, калі мы даведаемся пра найлепшую з найлепшых.

У прадстаўнікоў ад нашага рэгіёна – пяцёра дзяцей. Трое з іх ужо амаль дарослыя. Андрэю і Алесі па 20 гадоў, Уладзіславу 17. Яны вучацца ў каледжах і працуюць, аднак жыць асобна ад бацькоў не спяшаюцца. Аляксандра ходзіць у школу, а самая малодшая, Станіслава, – у дзіцячы сад. Бацька Сяргей працуе на камбінаце «Магілёўхімвалакно», мама Алена – памочнік выхавальніка ў садку.

У гэтай сям’і заведзена прымаць рашэнні з улікам інтарэсаў кожнага. Сямейныя нарады ў Нікалаевых адбываюцца рэгулярна. Па гаспадарцы падзелу абавязкаў таксама няма – дапамагае той, хто вольны ў пэўны момант, і ўгаворваць на гэта нікога не трэба.

Удзельнічаць у фінале рэспубліканскага спаборніцтва за званне найлепшай сям’і таксама будуць усе разам, каб і сябе паказаць, і на іншых паглядзець. Прычым прапановы дзяцей па падрыхтоўцы таксама ўлічваюцца.

– Я пісала сцэнарый, пасля чытала яго сям’і, мы ўсе разам абмяркоўвалі, кожны выказваў сваё бачанне, нейкія моманты перараблялі, – расказвае Алена Аляксандраўна. – Мы ўсе людзі трохі творчыя, таму прывыклі да такога вар’яцкага рытму. Пастаянна нейкія канцэрты, рэпетыцыі, выступленні, так што падобныя клопаты не ў навінку.

Кожны член сям’і пароўну выбірае сабе і словы, і песні, і ролі. Калі Мікалаевы сказалі рэжысёру, што ім трэба сем мікрафонаў для выступлення, ён здзівіўся і спытаў: «А што, у вас усе размаўляюць?» Вядома ж, усе, нават Станіслава будзе спяваць і ўдзельнічаць у іншых пастаноўках, смяецца мама Алена:

– Удзелам у конкурсе мы самі сабе даказалі, што мы сям’я, мы дружныя і можам нешта разам. Пасля конкурсу будзем адпачываць, бо ўдзельнічаць у спаборніцтвах такога ўзроўню ўжо і адказна, і цяжкавата.

Як і ва ўсіх сем’ях, у Нікалаевых, вядома, бываюць і спрэчкі, і канфлікты, але кожны раз сітуацыю імкнуцца «разруліць» адразу, не замоўчваць у сабе крыўды, каб потым не памнажаліся непаразуменні. Гэта, магчыма, і ёсць сакрэт шчаслівага жыцця, мяркуе Алена Аляксандраўна:

– Мы з самага дзяцінства вучым дзяцей, што калі мы з бацькам сыдзем, то толькі яны застануцца адзін у аднаго. З дочкамі ў нас такія адносіны, як быццам мы сяброўкі, яны дзеляцца са мной сваімі сакрэцікамі. І хлопчыкі расказваюць, якія дзяўчынкі ім падабаюцца. А наогул дзеці аднолькава ставяцца і да мяне, і да бацькі. Спадзяюся, мы абодва ім аднолькава дарагія.

Упершыню рэспубліканскі конкурс «Сям’я года» прайшоў у 2012 годзе. Дарэчы, яго пераможцай была сям’я Глазковых з Магілёва, якая выхоўвае пяцярых дзяцей. Найлепшую сям’ю краіны называюць па выніках конкурсу раз на два гады.

Сёлетні фінал адбудзецца ў Рэспубліканскім Палацы культуры прафсаюзаў. Семярым сямейным камандам трэба будзе выканаць два заданні. У прэзентацыі «Радавод» яны прадставяць гісторыю свайго роду, сямейныя звычаі і традыцыі, у конкурсе «Мая краіна – мая сям’я» прадэманструюць сваю актыўную жыццёвую пазіцыю, захапленні і дасягненні. Таксама для ўдзельнікаў конкурсу падрыхтавана культурная праграма: яны наведаюць Беларускі дзяржаўны тэатр лялек і Беларускі дзяржаўны цырк.

По матэрыяле газеты «Звязда»

Видео - СТВ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая