RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Сярэдняя школа ў мікрараёне «Казіміраўка» Магілёва адкрые дзверы для хлопчыкаў і дзяўчынак у новым навучальным годзе

Сярэдняя школа ў мікрараёне «Казіміраўка» Магілёва адкрые дзверы для хлопчыкаў і дзяўчынак у новым навучальным годзе. Пра гэта паведаміў сёння ў час працы на суботніку старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц. Будаўнічая пляцоўка новай СШ стала адным з асноўных аб’ектаў рэспубліканскага суботніка ў горадзе на Дняпры.

    

Плануецца, што ўстанове адукацыі прысвояць нумар 46. Яна разлічана на 1020 вучняў і ўзводзіцца па такім жа праекце, як нядаўна адкрытыя новыя школы ў Бабруйску, Крычаве і Магілёве (СШ №45).

Асноўныя працы на аб’екце завершаць да 1 верасня. Другім этапам тут пабудуюць басейн. У школе будзе створана безбар’ернае асяроддзе, устаноўлены сучасныя сродкі інфарматызацыі і сістэмы бяспекі з камерамі відэаназірання і электронным прапускным рэжымам.

Сродкі на ўзвядзенне школы прадугледжаны ў абласной інвестыцыйнай праграме. Агульныя выдаткі складуць каля Br25 млн. Ужо асвоена больш за Br8 млн.

«Казіміраўка» цяпер інтэнсіўна забудоўваецца, і тут не хапае месцаў у наяўнай школе, што стварае пэўныя нязручнасці для жыхароў мікрараёна, адзначыў Леанід Заяц. «Установа адукацыі будзе адкрыта да новага навучальнага года, – сказаў кіраўнік рэгіёна. – Па некаторых пазіцыях назіраецца адставанне. Патрэбныя рукі, каб актывізаваць працу, увайсці ў графік і своечасова здаць аб’ект. Таму сёння мы тут».

Леанід Заяц падкрэсліў, што грамадзянскі абавязак кожнага неабыякавага да лёсу сваёй краіны чалавека– дапамагчы зрабіць яе прыгажэйшай і зручнейшай. «Сёння на рэспубліканскі суботнік выйшла больш за 300 тыс. жыхароў Магілёўскай вобласці, якія прадстаўляюць розныя сферы народна-гаспадарчага комплексу рэгіёна, – паведаміў старшыня аблвыканкама. – Ішла актыўная работа па добраўпарадкаванні населеных пунктаў, мемарыяльных комплексаў, месцаў баявой і воінскай славы, аб’ектаў сацыяльнага і культурнага прызначэння, прыбіраліся вуліцы і падворкі. Хацеў бы падзякаваць усім за ўдзел у суботніку, працоўны ўклад у развіццё вобласці».

Сёння ў будаўнічыя, рамонтныя работы, навядзенне парадку на зямлі ўключылася шмат людзей, дадаў памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – інспектар па Магілёўскай вобласці Міхаіл Русы. «Магчыма, кожны выканае невялікі аб’ём, але зробіць гэта з усведамленнем, што яго праца і сілы ўкладзены ў той ці іншы аб’ект. Няважна: высадзіў ён дрэва, прывёў у парадак тэрыторыю або прыняў удзел у сацыяльным будаўніцтве, – адзначыў ён. – Учора ў пасланні кіраўніка дзяржавы акцэнт быў зроблены на крэпасць духу, выхаванне моладзі. І тут важна, каб такіх сацыяльна-значных аб’ектаў, як цяперашняя новая школа ў «Казіміраўцы», было больш. Гэта паказчык таго, што краіна жыве і развіваецца».

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая