RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Сяргей Дзямідаў: на першым месцы заўсёды будуць заставацца людзі, іх веды, уменні і вывучка

Практычны семінар для прадстаўнікоў СМІ і прэс-канферэнцыю да 170-годдзя пажарнай службы Рэспублікі Беларусь правялі 19 ліпеня ў Магілёўскім абласным упраўленні МНС. У гэты дзень таксама адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў абласнога творчага конкурсу на найлепшае асвятленне ў сродках масавай інфармацыі дзейнасці органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях і асноў забеспячэння бяспекі жыццядзейнасці.

Сёння служба выратавання Магілёўшчыны ўключае каля 2,6 тыс. чалавек. У кожным раёне дзейнічаюць РАНС, якія складаюцца з адной або некалькіх частак, а таксама, у залежнасці ад плошчы раёна і колькасці жыхароў, ад аднаго да чатырох пажарных пастоў у сельскай мясцовасці. Падраздзяленні разгрупаваны з улікам размеркавання часу аператыўнага прыбыцця да месца выкліку. Акрамя таго, два аварыйна-выратавальныя атрады дзейнічаюць на тэрыторыі буйных прадпрыемстваў «Белшына» і «Магілёўхімвалакно», ёсць і абласны пажарна-аварыйны выратавальны атрад, які мае ў сваім складзе спецыяльныя службы: вадалазную, хімічную, пошукава-выратавальную і іншыя.

Па словах начальніка Магілёўскага абласнога ўпраўлення МНС Сяргея Дзямідава, за першае паўгоддзе бягучага года ў рэгіёне не зарэгістравана буйных надзвычайных сітуацый, якія маглі б паўплываць на функцыянаванне эканомікі і іншых сфер. Адзначаецца зніжэнне колькасці пажараў, ахвярамі якіх становяцца людзі - на 15%. У той жа час колькасць пажараў узрасла на 10 працэнтаў.

«Калі аналізаваць прычыны пажараў, яны традыцыйныя: каля 35% ад агульнай колькасці адбываецца па прычыне неасцярожнага абыходжання з агнём, каля 30% - звязаныя з няспраўнасцямі электраабсталявання, каля 20% - з парушэннямі пры эксплуатацыі цеплагенерыруючых прылад. Безумоўна, мы надаем час прафілактыцы гэтых прычын, аднак і асабістае стаўленне грамадзян у гэтым пытанні немалаважна», - распавёў ён.

Таксама Сяргей Дзямідаў падкрэсліў, што нельга не ўлічваць той факт, што 92 працэнты загінуўшых на пажарах людзей знаходзіліся ў стане алкагольнага ап'янення. Каля 40% з іх былі працаздольнага ўзросту, аднак не працавалі і вялі асацыяльны лад жыцця.

«Задача па прафілактыцы ў гэтым напрамку комплексная, накіраваная на ўзаемадзеянне розных структур: аховы здароўя, сацабароны, органаў унутраных спраў, грамадскіх арганізацый і іншых.

Сітуацыі бываюць розныя, закранаюцца і інтарэсы непаўналетніх, работа вядзецца і ў адносінах да адзінокіх грамадзян. Мы ўвесь час абменьваемся інфармацыяй і прымаем меры па ўхіленні выяўленых парушэнняў».

Як расказаў начальнік абласнога ўпраўлення МНС, штогод абнаўляецца матэрыяльна-тэхнічная база службы, будуюцца новыя пажарныя дэпо з улікам сучасных патрабаванняў па размяшчэнні новых пажарных аўтамабіляў і аўталесвіц. Так, літаральна ўчора пры ўдзеле старшыні аблвыканкама быў адкрыты новы будынак РАНС у Слаўгарадзе, на жнівень запланаваны пачатак будаўніцтва аналагічнай пажарнай часці ў Хоцімску.

«Служба выратавання ў гэтым годзе адсвяткуе самавітую дату - 170 гадоў. Пры гэтым мы імкнемся развівацца - не толькі крочыць у нагу з часам, але і імкнемся яго абагнаць, - адзначыў падчас размовы з журналістамі Сяргей Дзямідаў. - У працы мы сутыкаемся з усімі стыхіямі. Пераважная большасць надзвычайных сітуацый прыпадае на пажары, але пры неабходнасці ратуем мы людзей і на вадзе, і ў паветры, для чаго таксама ёсць адпаведны рыштунак і спецыялісты, авіяцыя, мы гатовы аказаць дапамогу людзям пад зямлёй у выпадку завалаў, ліквідаваць НС, звязаныя з аварыйнымі выкідамі хімічна-небяспечных рэчываў, з дарожна-транспартнымі здарэннямі, арганізоўваем пошукі грамадзян, якія заблудзіліся ў лясных масівах і іншае.

Высокапрафесійнай і гатовай заўсёды прыйсці на дапамогу людзям па першым званку будзе заставацца служба і ў будучыні. Варта адзначыць, што пры далейшым удасканаленні тэхнічных сродкаў аказання дапамогі, умацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы, на першым месцы заўсёды будуць заставацца людзі, іх веды, уменні і вывучка».

Звярнуў увагу начальнік абласнога ўпраўлення МНС і на прафілактычную работу з падрастаючым пакаленнем, у тым ліку пры задзейнічанні Цэнтра бяспекі жыццядзейнасці.

«Адно з найважнейшых базавых ведаў – гэта веданне тэлефона службы выратавання 101 і 112. Дзеці часам лепш за дарослых называюць нумары, хутчэй рэагуюць і на экстрэмальныя сітуацыі. Часта яны ведаюць, як дзейнічаць пры НС, слухаюць парады дыспетчара. Гэта сведчыць аб эфектыўнасці і своечасовасці працы, якая вядзецца ў гэтым напрамку, што не можа не радаваць».

Таксама Сяргей Дзямідаў падкрэсліў, што дабіцца значных вынікаў у напрамку прапаганды бяспекі жыццядзейнасці, інфармавання грамадзян, дапамагае цеснае супрацоўніцтва са сродкамі масавай інфармацыі. Ён падзякаваў журналістам за ўзаемадзеянне і ўклад у бяспеку жыццядзейнасці, павышэнне яе ўзроўню сярод насельніцтва. І ўручыў заслужаныя ўзнагароды. Сярод узнагароджаных па выніках работы за 2022 год - рэдактары сайта Магілёўскага аблвыканкама Юлія Таранава і Галіна Гаўрыловіч.

У сваю чаргу ветэран пажарнай службы, старшыня МГА БГА «Ратавальнік» Баляслаў Протас расказаў аб пераемнасці пакаленняў:

«Трэба аддаць належнае, у нас наладжана цеснае ўзаемадзеянне. Маладыя супрацоўнікі МНС дапамагаюць ветэранам, а тыя дзеляцца з імі як прафесійнымі ведамі, так і жыццёвым досведам. Гэта станоўча адбіваецца і на павышэнні іх узроўня ведаў, і выбудоўванні ўзаемаадносін.

Каб засталася памяць аб ветэранах вайны, якія працавалі ў пажарнай службе, мы сабралі інфармацыю і выпусцілі зборнік «Салдаты Перамогі - ветэраны пажарнай службы». Гэта важна і павучальна для маладых пакаленняў».

Пасля ўрачыстай часткі і пресс-канферэнцыі для прадстаўнікоў СМІ Магілёўшчыны адбылася экскурсія па Цэнтры бяспекі жыццядзейнасці, а затым на базе пажарнага аварыйна-выратавальнага атрада ўдзельнікі семінара змаглі пагрузіцца ў прафесію на практыцы, наведаўшы інтэрактыўныя пляцоўкі, якія дэманструюць працу ратавальнікаў ва ўмовах розных НС.

Юлія Таранава, фота Галіны Гаўрыловіч

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая