ААТ «Магатэкс» прыняло ўдзел у адной з вядучых сусветных выстаў тканін Heimtextil-2019 у Франкфурце-на-Майне. У спіс трэндаў трапілі і тканіны Магілёўскага вытворцы, паведамілі ў кампаніі.
У агульным 21 узор тканін «Магатэкс» быў адабраны камандай нямецкіх дызайнераў і ўвайшоў у трэнды Heimtextil-2019/2020, якія фарміруюць еўрапейскую моду ўнутранага дызайну памяшканняў на найбліжэйшы год. На сезон 2019/2020 Heimtextil вызначыў 5 тэндэнцый у інтэр’ерным тэкстылі: Pursue Play («Гульня»), Seek Sanctuary («У пошуках прытулку»), Go Off-Grid («Выхад з сеткі»), Escape Reality («Сыход з рэальнасці»), Embrace Indulgence («Настальгія»).
«Усім вядома, што Германія – эканамічны цэнтр Еўропы і адзін з сусветных лідараў па вытворчасці тканін. У Франкфурце-на-Майне штогод прадстаўляюць сваю прадукцыю годныя вытворцы. Менавіта гэтая выстава ўстанаўлівае трэнды і напрамкі, якія вызначаюць свет тэкстылю на найбліжэйшыя гады. Тут можна знайсці бясцэнны вопыт, неабходныя інавацыі і кліентаў. Таму мы ганарымся тым, што менавіта наша прадукцыя ўжо не першы год запар атрымлівае прызнанне міжнародных экспертаў», – адзначыў генеральны дырэктар ААТ «Магатэкс» Віктар Маціевіч.
На сваім стэндзе прадпрыемства прадэманстравала дэкаратыўны і мэблевы тэкстыль. Асаблівую цікавасць у наведвальнікаў выклікала калекцыя льнозмяшчальных тканін, а таксама новая калекцыя тканін для сталовай бялізны. Таксама ўвагу прывабілі экалагічныя тканіны з высокім утрыманнем натуральных нітак.
Падчас выставы прадстаўнікам прадпрыемства ўдалося правесці перамовы з рэпрэзентантамі больш чым 30 замежных кампаній, зацікаўленых у куплі беларускай прадукцыі.
У гэтым годзе ў выставе прыняла ўдзел рэкордная колькасць прадстаўнікоў тэкстыльнай прамысловасці. Сваю прадукцыю прадставілі больш за 3 тыс. кампаній-вытворцаў з 65 краін свету. Колькасць наведвальнікаў перавысіла 67 тыс. чалавек больш чым з 150 краін.
Heimtextil-2019 – адна з вядучых сусветных выстаў тканін, якая праводзіцца ў Франкфурце-на-Майне з 1971 года. Узоры, якія трапілі ў трэнды, задаюць моду на ўвесь наступны год. Выстава складаецца больш чым з 15 павільёнаў і займае плошчу больш за 206 тыс. кв. м, занятых найбуйнейшымі вытворцамі тканін з усяго свету.
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
17.04.2025 - 09:05
14.04.2025 - 11:50
Змяненні ў пенсійным забеспячэнні для некаторых катэгорый грамадзян уступяць у сілу з 1 мая