RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Традыцыйная акцыя «Звон смутку» пройдзе на Буйніцкім полі пад Магілёвам 22 чэрвеня

На Буйніцкім полі пад Магілёвам у Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа 22 чэрвеня пройдзе традыцыйная акцыя «Звон смутку». Пра гэта паведамілі ў Магілёўскім аблвыканкаме.

У гэты памятны і журботны дзень у мемарыяльным комплексе «Буйніцкае поле» збяруцца тысячы чалавек, каб ушанаваць памяць тых, хто ў гады Вялікай Айчыннай вайны адстойваў права беларусаў жыць на сваёй зямлі і ўсіх тых, хто загінуў ад рук нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Пачнецца памятнае мерапрыемства а 4.00. Тут жа дадуць старт міжнароднаму маладзёжнаму праекту «Дарогамі памяці і славы».

Як расказалі ў Магілёўскім філіяле Аўтобуснага парка нумар 1 ААТ «Магілёўаблаўтатранс», каб усе жадаючыя магіляўчане змаглі дабрацца да Буйніцкага поля, у горадзе будуць курсіраваць дадатковыя рэйсы аўтобусаў.

Рух грамадскага транспарту будзе арганізаваны ад мікрараёна Казіміраўка (канчатковы прыпыначны пункт) - Мінская шаша - вул.Якубоўскага - вул.Лазарэнка - Магілёўскае абласное кадэцкае вучылішча - вул.Чалюскінцаў - мемарыяльны комплекс «Буйніцкае поле». Адпраўленне ад прыпыначнага пункта «мікрараён Казіміроўка» ў 2.45.

Яшчэ адзін маршрут руху: вул.Кулібіна - вул.Крупскай - чыгуначны вакзал - Цэнтральны ўнівермаг - пл.Арджанікідзэ - вул.Чалюскінцаў - мемарыяльны комплекс «Буйніцкае поле». Адпраўленне транспарту ў 2.45 ад прыпынку «вул.Кулібіна».

Грамадскі транспарт таксама будзе рухацца па маршруце Любужскі лесапарк (канчатковы прыпынак тралейбусаў) - пр.Віцебскі - пр.Дзімітрава - гіпермаркет «Гіпа» - пр.Пушкінскі - вул.Астроўскага - пр.Шміта - вул.Чалюскінцаў - мемарыяльны комплекс «Буйніцкае поле». Ад прыпынку «Любужскі лесапарк» аўтобусы адправяцца ў 2.45.

На кожным маршруце прадугледжаны па тры адзінкі рухомага саставу. Падбор пасажыраў будзе ажыццяўляцца на ўсіх пунктах прыпынку па дарозе. Рух па зваротных маршрутах ад Буйніцкага поля аўтобусы пачнуць у 4.45.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая