RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У акцыі «Чысты лес» прыме ўдзел больш за 7,4 тыс. жыхароў Магілёўскай вобласці

У Магілёўскай вобласці ўдзельнікамі рэспубліканскай акцыі «Чысты лес» стане больш за 7,4 тыс. чалавек. Пра гэта расказаў намеснік кіраўніка па ідэалагічнай працы Магілёўскага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання Сяргей Шах.

«Сёлета ўдзельнікамі акцыі «Чысты лес» стане 4,2 тыс. работнікаў лясной гаспадаркі і больш за 3,2 тыс. валанцёраў, – падкрэсліў Сяргей Шах. – Ініцыятыва будзе рэалізаваная на тэрыторыі ўсіх наяўных у Магілёўскай вобласці лясгасаў, якіх налічваецца 13. Самыя маштабныя работы пройдуць у Горацкім раёне, дзе на ўборку лесу выйдзе больш за 1,2 тыс. удзельнікаў, і Магілёўскім, на тэрыторыі якога будзе працаваць больш за 1,3 тыс. чалавек».

Па словах прадстаўніка Магілёўскага ДВЛГА, у рэгіёне акцыяй будзе ахоплена амаль 400 участкаў лесу. На гэтай тэрыторыі плануецца прыбраць 280 куб. м смецця і ачысціць ад захламленасці 483 куб. м лесу. У першую чаргу гэта тычыцца прыдарожных палос, якія патрабуюць расчысткі ад упалых галін і сукоў. Акрамя таго, на тэрыторыі 282 га будзе дадаткова высаджана каля 520 тыс. дрэў, у ліку якіх асноўныя лесаўтваральныя пароды – хвоя, елка, бяроза. Пасадачны матэрыял з закрытай каранёвай сістэмай прадаставіць Магілёўскі лясгас. Напярэдадні зімы высадка лясных культур – важны момант у абнаўленні лесу.

«Акцыя «Чысты лес» пройдзе 9 кастрычніка ва ўсіх кутках краіны, – адзначыў Сяргей Шах. – Мерапрыемства праводзіцца ўжо 11-ым разам. Яно спрыяе добраўпарадкаванню і навядзенню парадку ў лясным фондзе, а таксама прыцягненню ўвагі грамадскасці да беражлівых адносінаў да прыроды. З году ў год ініцыятыва актыўна падтрымліваецца мясцовай выканаўчай уладай, работнікамі прадпрыемстваў і ўстаноў, грамадскімі аб’яднаннямі і арганізацыямі, а таксама навучэнскай і студэнцкай моладдзю».

Па словах намесніка кіраўніка, праца па захаванні ляснога фонду вядзецца цэлы год. Асаблівая ўвага надаецца прадухіленню ўтварэння стыхійных звалак і забруджвання лесу, незаконнай высечкі і вывазу дрэў. Для таго каб адсочваць сітуацыі па гэтых пытаннях, на тэрыторыі вобласці ўстаноўлены 195 камер фота- і відэафіксацыі (так званых фотапастак). З пачатку года яны дапамаглі ўстанавіць 50 парушэнняў – на 19 фактаў больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Дарэчы, для фізічных асоб штраф за забруджванне лесу можа даходзіць да 10 базавых велічынь.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая