RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Бабруйскім раёне завяршылі ўборку азімага ячменю, выбарачна прыступілі да пшаніцы

У Бабруйскім раёне завяршылі ўборку азімага ячменю, актыўна прыбіраюць рапс і выбарачна прыступілі да азімай пшаніцы. Пра гэта расказаў першы намеснік старшыні – начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Бабруйскага райвыканкама Аляксей Жураўлёў.

«На сённяшні дзень усе гаспадаркі раёна завяршылі ўборку азімага ячменю. Новая для нас культура размяшчалася на плошчы 569 га. Ураджайнасць склала больш за 44 ц/га – добры паказчык. Зараз актыўнымі тэмпамі ідзе ўборка азімага рапсу. Ён быў пасеяны на 2,6 тыс. га, і зараз ужо прыбрана 73% да задання», – расказаў Аляксей Жураўлёў.

Збожжавымі і зернебабовымі ў раёне засеяна больш за 12,4 тыс. га, на сённяшні дзень убрана больш за 1,3 тыс. га, або 11% ад наяўных плошчаў. Выбарачна прыступілі да ўборкі азімай пшаніцы. «Тут, вядома, стрымлівае надвор’е. Але патроху пачалі заходзіць на палі. У гэтым годзе прыйдзецца прыкласці больш намаганняў, каб давесці зерне да патрэбных кандыцый», – падкрэсліў Аляксей Жураўлёў.

У гэтай уборачнай кампаніі ў Бабруйскім раёне ўдзельнічае 50 камбайнаў. «Усе на хаду і гатовыя да работ. У забеспячэнні неабходнымі запчасткамі дапамогу аказала вобласць. Калектыў механізатараў таксама ўкамплектаваны, камбайнеры працуюць разам з памочнікамі. Гаруча-змазачныя матэрыялы маюцца, усе пытанні вырашаюцца ў рабочым парадку», – падкрэсліў ён.

Як адзначыў Аляксей Жураўлёў, з-за зрушэння тэрмінаў жніва працы ў гаспадарках будуць накладвацца адзін на аднаго. «Мы разумеем адказнасць, якая ляжыць на нас не толькі за ўраджай гэтага года, але і наступнага. Таму ўжо прыступілі да ворных работ пад азімы рапс. Забяспечанасць угнаеннямі пад гэтую культуру ў нас 100%, таму ўжо закладваем нядрэнную аснову пад ураджай 2023 года, – расказаў ён. – Настрой у нашых аграрыяў баявы. Усе выдатна разумеюць, што на нас адказнасць за прадуктовую бяспеку не толькі нашага раёна і вобласці, але і ўсёй краіны. І ад таго, як мы збяром і захаваем ураджай, будзе залежаць многае. Таму што калі збожжа будзе, будзе ў нас і мяса, і малако, і дастатак».

Па словах першага намесніка старшыні райвыканкама, віды на ўраджай у гэтым годзе лепшыя, чым у мінулым. «У цэлым гаварыць пакуль рана, таму што ўборачная яшчэ набірае абароты ў раёне, але мы ўжо бачым, што ўраджай будзе лепшы. Наша галоўная задача – правесці ўсе работы ў тэрмін і адпаведна тэхналагічным нормам. Вядома, ставім мэту перавысіць паказчыкі мінулага года, – адзначыў ён. – Усе заматываваныя на высокія вынікі. Падчас уборкі праца кожнага чалавека на сваім месцы важная. І гэта ўсе разумеюць. З дысцыплінай пытанняў не ўзнікае, наперадзе яшчэ спаборніцтва паміж камбайнерамі і кіроўцамі. А гэта надае яшчэ больш стымулу ў працы».

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая