RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Беларускай сельгасакадэміі распрацавалі дражыратар насення

Новая распрацоўка вучонага Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі – цэнтрабежны дражыратар насення з лопасцевым адбівальнікам – дазволіць значна знізіць кошт у Беларусі насеннага матэрыялу з абалонкай. Пра гэта паведаміў аўтар праекта – намеснік дэкана па вучэбнай рабоце факультэта механізацыі сельскай гаспадаркі Дзяніс Міхееў.

«Першапачаткова ствараўся эксперыментальны ўзор для дражыравання насення цукровых буракоў. Да гэтага часу гэта насенне ў Беларусь імпартуецца па высокай цане (да 120 еўра за адну пасяўную адзінку), але, арганізаваўшы вытворчасць аналагічнага айчыннага абсталявання з наступным яго выкарыстаннем унутры краіны, можна было б на 30-50% знізіць яго цану толькі за кошт дражыравання і атрымаць пасяўны матэрыял высокай якасці. Так, палявая ўсходжасць дражыраванага насення цукровых буракоў у нас склала 97-98%», – растлумачыў Дзяніс Міхееў.

Распрацоўка Горацкага вучонага атрымала трэцяе месца на рэспубліканскім конкурсе інавацыйных праектаў у намінацыі «Найлепшы маладзёжны інавацыйны праект». Быў выдадзены сертыфікат на Вг14,2 тыс. для яе камерцыялізацыі. «Цяпер буду займацца вырабам доследнага ўзору ўстаноўкі, якая зможа дражыраваць любое насенне з абмежаваннем па памеры да 1 мм з функцыяй яго сушкі, – падзяліўся планамі Дзяніс Міхееў. – У навінцы будуць улічаны ўсе сучасныя распрацоўкі, а таксама ўжыты запатэнтаваныя элементы, якія адрозніваюць яе ад імпартных аналагаў. Прапанаваны агрэгат дасць магчымасць не толькі стварыць штучную абалонку на паверхні насення, але і весці яе інтэнсіўную сушку гарачым паветрам прама ўсярэдзіне камеры змешвання. Гэта будзе бясспрэчнай перавагай перад імпартнымі аналагамі. Сушка ўнутры камеры дазволіць скараціць час на апрацоўку насення, эканоміць выдаткі на асобныя сушыльныя камеры і вытворчыя плошчы».

Наступным крокам, паводле слоў навукоўца, стане пошук інвестара для арганізацыі вытворчасці абсталявання і прадастаўлення паслуг па дражыраванню насення на базе акадэміі. «На мой погляд, гэта перспектыўны праект, які павінен вельмі хутка акупіцца. Бо нашы дражыратары будуць у разы таннейшыя, а эфектыўнасць і якасць атрыманага пасяўнога матэрыялу не горшая, чым эфектыўнасць і якасць замежных аналагаў», – падкрэсліў Дзяніс Міхееў.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая