RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У імя тых, хто аддаў жыццё за мірнае неба над галавой, мы абавязаны развіваць і ўмацоўваць Беларусь – Леанід Заяц

У імя тых, хто аддаў жыццё за мірнае неба над галавой, мы абавязаны развіваць і ўмацоўваць Рэспубліку Беларусь. На гэта звярнуў увагу на ўрачыстым мітынгу, прысвечаным Дню Перамогі ў Магілёве, старшыня аблвыканкама Леанід Заяц.

     

9 мая 1945 года – адна з самых светлых і ўрачыстых дат для нашага народа і ўсяго чалавецтва, падкрэсліў кіраўнік рэгіёна. Пацверджанне таму – дзясяткі тысяч людзей, якія кожны год у гэты дзень прыходзяць да Вечнага агню на плошчу Славы, аддаючы даніну павагі героям. Тут у кожным барэльефе адчуваецца веліч і мужнасць пакалення пераможцаў.

«Народная памяць назаўсёды захавае бяспрыкладны подзвіг і гераізм нашых бацькоў і дзядоў, – адзначыў Леанід Заяц. – Яны здолелі абараніць свой дом, свой народ, сваю краіну ад фашызму. Чорным крылом вайна закранула кожную беларускую сям’ю. Мы першымі прынялі на сябе страшны ўдар вераломнага агрэсара, які кінуў на заваяванне Савецкага Саюза тры чвэрці сваіх войскаў. Чаго толькі вартая гераічная абарона Брэсцкай крэпасці: плавілася цэгла, а крэпасць страляла. Жывым шчытом на шляху ворага быў горад Магілёў. 23 дні ў ліпені 41-га абаронцы вялі найцяжэйшыя баі з адборнымі дывізіямі праціўніка. Менавіта пры абароне Дняпроўскага рубяжа ўмацавалася вера ў тое, што вораг будзе разбіты. Менавіта тут быў развеяны міф аб непераможнасці Вермахта».

Леанід Заяц нагадаў, што ў гады вайны на нашай зямлі разгарнуўся шырокі партызанскі рух і падпольная барацьба з акупантамі. Больш за сотню атрадаў народных мсціўцаў і падпольных груп набліжалі доўгачаканы дзень вызвалення. Нападаючы на варожыя аб’екты і гарнізоны, громячы паліцэйскія ўчасткі, яны адваёўвалі цэлыя раёны і аднаўлялі там савецкую ўладу. Адной з самых буйных у гады вайны стала Клічаўская партызанская зона. 120 тыс. мірных жыхароў былі выратаваны ад зверстваў акупантаў і згону ў фашысцкае рабства.

Залатымі літарамі ў гісторыю Вялікай Айчыннай вайны ўпісаны імёны 114 нашых землякоў, партызан і падпольшчыкаў, салдат і афіцэраў. За мужнасць і гераізм яны былі ўдастоены найвышэйшай узнагароды – звання Герой Савецкага Саюза. Сёння іх партрэты былі ў першых радах, у руках маладога пакалення беларусаў.

«За Перамогу мы заплацілі неймаверна высокую цану, – падкрэсліў кіраўнік рэгіёна. – Зямля Магілёўшчыны была багата палітая крывёю савецкіх воінаў. Абараняючы Айчыну, тут склала галовы 327 тыс. чырвонаармейцаў. Многія з іх, на жаль, па-ранейшаму застаюцца безыменнымі. Нашы сэрцы перапоўнены смуткам па тых, хто не вярнуўся з поля бою. Мы ўспамінаем загінулых вязняў фашысцкай няволі і мірных жыхароў спаленых вёсак і разбураных гарадоў. Мы нізка схіляем галаву перад усімі ахвярамі той страшнай вайны». Старшыня Магілёўскага аблвыканкама заклікаў усіх, хто сёння прыйшоў на свята, ушанаваць хвілінай маўчання загінулых на палях бітваў і ахвяр нацызму. Ён таксама заўважыў, што, паднімаючыся ў атаку на фронце, змагаючыся ў тыле ворага, працуючы за станком у заводскім цэху, кожны салдат і працаўнік тылу набліжаў радасны дзень Перамогі.

На адрас ветэранаў Леанід Заяц выказаў самыя цёплыя словы падзякі. «Вы, дарагія ветэраны, паказалі ўсяму свету, наколькі магутнымі могуць быць воля і дух народа, аб’яднанага святой мэтай, – сказаў кіраўнік рэгіёна. – Вы вынеслі ўсе нягоды ваеннага ліхалецця, а затым аднаўлялі краіну з руін. Дзякуй вам за гэта і нізкі паклон! Жывіце доўга і шчасліва, а мы будзем рабіць усё, каб быць годнымі салдат-пераможцаў!»

Звяртаючыся да моладзі, Леанід Заяц падкрэсліў неабходнасць захоўваць памяць аб вялікім подзвігу продкаў, перадаваць дзецям і ўнукам гістарычную праўду аб страшнай вайне. Ён павіншаваў усіх са святам, пажадаў здароўя, дабрабыту, упэўненасці ў заўтрашнім дні і мірнага неба над галавой.

Удзельнікі мітынгу ўсклалі кветкі і вянкі да Вечнага агню на плошчы Славы. Пасля адбыўся канцэрт «Была вайна ... Была перамога...».

Мерапрыемствы, прысвечаныя Дню Перамогі, у Магілёве адкрыў урачысты марш воінскіх часцей Магілёўскага гарнізона на плошчы Леніна. Далей па галоўнай вуліцы горада Першамайскай прайшлі ўдзельнікі шэсця-парада «Беларусь памятае». Сярод іх ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, кіраўніцтва вобласці і горада, прадстаўнікі працоўных калектываў, моладзь і грамадскасць.

Святкаванні 9 Мая сёння праходзяць на шматлікіх адкрытых пляцоўках абласнога цэнтра. Фіналам урачыстасцей стане салют на набярэжнай Дняпра.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая