RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Клімавічах па прычыне пажару ў інтэрнаце эвакуявалі 45 чалавек

Гарачымі выдаліся мінулыя суткі ў рэгіёне – адбылося 5 пажараў. Супрацоўнікі МНС выратавалі 2 чалавек, жылы дом і 5 гаспадарчых пабудоў, эвакуявалі 45, паведаміла карэспандэнту сайта старшы інспектар Цэнтра бяспекі жыццядзейнасці і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Магілёўскага абласнога ўпраўлення МНС Вольга Нехарошых.

Паводле слоў суразмоўніцы, 23 студзеня каля 16.00 ратавальнікі выязджалі на ліквідацыю ўзгарання ў пяціпавярховы інтэрнат УКП «Камунальнік», размешчанае па вул Леніна ў Клімавічах. Па прычыне гарэння ў электрашчытавай чацвёртага паверха і шахтавага канала стварылася моцнае задымленне. Таму работнікі МНС па лесвічным маршы з процілеглага боку ад ачага пажару з 3-5 паверхаў інтэрната эвакуявалі 45 чалавек, у тым ліку 15 дзяцей. Ніхто не пацярпеў. Пажар аператыўна ўтаймавалі. У выніку здарэння пашкоджана па адным электрашчыце на 4-м і 5-м паверхах, а таксама электрычныя і тэлевізійныя кабелі. Прычына ўзгарання высвятляецца.

Дзякуючы аўтаномнаму пажарнаму апавяшчальніку ўдалося прадухіліць гібель 2 чалавек. 24 студзеня каля апоўначы 86-гадовага бабруйчаніна, які пражывае ў трохпакаёвай кватэры пяціпавярховага жылога дома па вул. Лынькова, разбудзіў настойлівы гук АПА. Кватэра была напоўнена з’едлівым дымам. Пенсіянер пазваніў па тэлефоне 101. Праз чатыры хвіліны ратавальнікі былі на месцы НС.

Занепакоеныя суседзі паведамілі, што ў кватэры могуць знаходзіцца 2 чалавекі. На ложку ў пакоі работнікі МНС знайшлі і эвакуявалі 62-гадовага сына гаспадара, якога з дыягназам «атручэнне прадуктамі гарэння, тэрмічны апёк 1-3 ступені 5% цела (рука, нага)» шпіталізавалі. У суседнім пакоі выратавальнікі знайшлі гаспадара і вывелі яго на свежае паветра. На шчасце, пенсіянер не пацярпеў.

У выніку пажару часткова пашкоджана падлога і пасцельныя прыналежнасці. Меркаваная прычына ўзгарання – неасцярожнае абыходжанне з агнём пры курэнні сына гаспадара. Дарэчы, аўтаномны пажарны апавяшчальнік сям’я набыла і ўстанавіла ў 2018 годзе.

«Калі ў Вашым жыллі яшчэ не ўстаноўлены аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі – не марудзьце, набудзьце і ўсталюйце, – падкрэсліла Вольга Нехарошых, – бо нават калі мы ў сваім доме максімальна выконваем усе правілы бяспекі, дзе гарантыя, што побач з намі не пражывае які-небудзь гора-сусед? Ноччу мы спім і не адчуваем паху дыму, таму вельмі лёгка можам стаць ахвярай агню. Аб эфектыўнасці АПА гавораць лічбы: з 2002 года па 2018 год у Магілёўскай вобласці дзякуючы гэтаму прыбору выратавана 267 чалавек, у тым ліку 70 дзяцей. Не эканомце на бяспецы!».

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая