RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Магілёўскім дзяржуніверсітэце імя А. А. Куляшова журналісты рэгіянальных СМІ абмеркавалі шляхі прасоўвання Мэтаў устойлівага развіцця

Як журналісты рэгіянальных СМІ могуць дапамагчы ў прасоўванні Мэтаў устойлівага развіцця? Адказаць на гэтае пытанне паспрабавалі ўдзельнікі семінара, які прайшоў у Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя А. А. Куляшова.

На мерапрыемстве прысутнічалі прадстаўнікі практычна ўсіх раённых сродкаў масавай інфармацыі Магілёўшчыны, а таксама абласных выданняў і ТРК «Магілёў».

Перш за ўсё арганізатары растлумачылі сэнс паняцця «ўстойлівае развіццё». Паводле слоў каардынатара кірунку «Устойлівае рэгіянальнае развіццё» праграмы падтрымкі Беларусі Дзмітрыя Карпіевіча, канцэпцыя ўстойлівага развіцця вельмі простая: усе краіны абавязаны ўзяць на сябе калектыўную адказнасць за будучыню нашай планеты. А гэта немагчыма без прадуманага руху наперад з захаваннем эканамічнага патэнцыялу, сацыяльнага развіцця і аховы навакольнага асяроддзя.

«Мы павінны думаць пра эканоміку, забяспечваць сацыяльныя гарантыі. Але ўсё гэта не будзе мець значэння ў тым выпадку, калі мы не будзем клапаціцца аб экалогіі», - падкрэсліў Дзмітрый Карпіевіч. У прыватнасці, ён прывёў наступны прыклад: многія краіны свету прынялі кансалідаванае рашэнне аб скарачэнні шкодных выкідаў у атмасферу. «Гэта і ёсць клопат аб нашай планеце не на словах, а на справе», – выказаў меркаванне дакладчык.

Пра тое, што з сябе ўяўляе канцэпцыя ўстойлівага развіцця ў беларускіх рэаліях, расказаў намеснік старшыні Клічаўскага райвыканкама Аляксей Палавікоў. Паводле яго слоў, у рэгіёнах неабходна максімальна выкарыстоўваць наяўны патэнцыял. У прыватнасці, ён гаварыў аб развіцці грамадзянскай ініцыятывы на месцах. «Людзі не павінны чакаць дапамогі звонку. Тое, што можна зрабіць самім, – трэба рабіць», – адзначыў Аляксей Палавікоў. Дакладчык прывёў і прыклад: жыхары раёна па ўласнай ініцыятыве вырашылі добраўпарадкаваць гарадскі пляж. У выхадны дзень сабраліся і правялі суботнік. Вынік – яшчэ адно месца для адпачынку, а таксама зэканомленыя сродкі бюджэту.

Аб развіцці мясцовых ініцыятыў гаварыў і дырэктар Міжнароднага Фонду Развіцця сельскіх тэрыторый Сяргей Тарасюк.

І ўсё ж? Як журналісты рэгіянальных СМІ могуць дапамагчы прасоўваць прагрэсіўныя і патрэбныя сучаснаму свету ідэі ўстойлівага развіцця? Медыяэксперт, рэдактар сайта «Заўтра тваёй краіны» Марына Загорская лічыць, што сродкі масавай інфармацыі павінны не проста паведамляць аб пазітыўных зменах у рэгіёне, а глядзець на іх у кантэксце глабальным, агульначалавечым. Напрыклад, закрыццё шкоднай вытворчасці ў вашым горадзе – важны крок для ўсяго чалавецтва, адмаўленне асобнага чалавека ад шкодных звычак – сігнал да таго, што і іншыя людзі змогуць падтымаць гэты прыклад, лічыць Марына Загорская.

Тэкст – сайт МДУ ім. А.А. Куляшова

Фота  - mogilevnews.by

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая