RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Магілёве на сустрэчы са старшынёй ветэранскай арганізацыі РАУС абмеркавалі пытанні гісторыі

Старшыня ветэранскай арганізацыі Ленінскага РАУС Магілёва падпалкоўнік міліцыі ў запасе Аляксандр Бурлакоў пагутарыў з маладымі супрацоўнікамі органаў унутраных спраў аб важнасці Дня народнага адзінства. Пра гэта расказала афіцыйны прадстаўнік Ленінскага РАУС Магілёва Алена Сіманава.

Прадстаўнік старэйшага пакалення нагадаў маладым супрацоўнікам міліцыі, як важна памятаць, што гісторыя роднай краіны – гісторыя кожнага яе грамадзяніна. Ён падкрэсліў:

– Дата абрана не выпадкова: 17 верасня 1939 года пачалося ўз’яднанне Заходняй і Усходняй Беларусі. Гэты дзень лічыцца актам гістарычнай справядлівасці ў дачыненні да нашага народа, які быў падзелены супраць волі па ўмовах Рыжскага мірнага дагавора ў 1921 годзе. Важна, што менавіта адноўленае адзінства народа дазволіла Беларусі выстаяць у страшнай Вялікай Айчыннай вайне, не зламацца пад націскам фашысцкіх захопнікаў!

Размаўляючы з маладымі сышчыкамі і ўчастковымі інспектарамі міліцыі, Аляксандр Бурлакоў завастрыў увагу сваіх суразмоўцаў на тым, што згуртаванасць, салідарнасць і паразуменне беларусаў, якія непарыўна звязаны паміж сабой агульнай гісторыяй, традыцыямі і культурай, духам павагі і роўнасці, павінны быць у прыярытэце ў кожнага праваахоўніка. Непарушнымі гэтыя якасці павінны заставацца і пры зносінах з грамадзянамі, якія звярнуліся па дапамогу.

Заканчваючы гутарку, ён звярнуўся да прысутных:

– Беларусь – выдатная краіна, і мы павінны любіць і аберагаць яе, шанаваць і паважаць традыцыі свайго народа, заставацца сапраўднымі патрыётамі сваёй Радзімы. Нездарма, усведамляючы агульную адказнасць за лёс сваёй краіны, нашы продкі ўсё рабілі разам. І сёння мы разам працягваем пісаць гісторыю Рэспублікі Беларусь!

Ирина Менделева, СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая