RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Магілёве падтрымаюць акцыяй «Адкрытае сэрца» сусветны дзень інфармавання аб аўтызме

Сусветны дзень інфармавання аб аўтызме, які з 2007 года адзначаецца ва ўсім свеце 2 красавіка, у Магілёве падтрымаюць акцыяй «Адкрытае сэрца». Яна адбудзецца ў 11.00 у гандлёвым цэнтры «Парк Сіці».

Галоўная мэта мерапрыемства – прыцягненне ўвагі да праблем, з якімі сутыкаюцца сем’і, якія выхоўваюць дзяцей з аўтызмам. Дарэчы, у нашай вобласці такіх сем’яў 98. 

Падчас акцыі адкрыецца выстава творчых работ «Мой свет, якім я яго бачу», створаных дзецьмі з аўтызмам са студыі выяўленчага мастацтва «Мірабела». Юныя таленты Магілёўскай дзяржаўнай гімназіі-каледжа мастацтваў выступяць з канцэртнай праграмай. Студэнты-валанцёры сацыяльна-педагагічнага цэнтра факультэта педагогікі і псіхалогіі дзяцінства МДУ імя А. А. Куляшова разам са спецыялістамі і бацькамі ДУА «Магілёўскі абласны ЦКРНіР» будуць распаўсюджваць буклеты і памяткі «Што такое аўтызм?», «Аб талерантнасці», «Як паводзіць сябе пры сустрэчы з дзіцём, хворым на аўтызм». Жадаючыя змогуць сфатаграфавацца ў фотазоне з таблічкай «Аўтызм#. Мы ёсць!#». Гульнявую атмасферу для дзяцей створаць роставыя лялькі. Завяршальным момантам стане сумесны запуск шароў сіняга колеру на пляцоўцы перад гандлёвым цэнтрам.

Мерапрыемства арганізуе Магілёўскі абласны цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі пры ўдзеле выпускнікоў лабараторыі мясцовага актывізму, арганізаванай Цэнтрам гарадскіх ініцыятыў.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая