RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Магілёве сёлета ліквідуюць апошнія смеццеправоды ў шматпавярхоўках

У Магілёве да канца бягучага года па дзяржпраграме «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе» закрыюць у пад’ездах шматпавярховак апошнія смеццеправоды(іх засталося каля 100), паведаміў дырэктар Магілёўскага спецаўтапрадпрыемства Генадзь Іванчанка.

Узамен ліквідаваных смеццеправодаў прадугледжана абсталяванне на прылеглых да жылых дамоў тэрыторыях каля 60 кантэйнерных пляцовак для збору цвёрдых камунальных адходаў (ЦКА). Там, дзе гэта дазваляюць умовы, усталююць заглыбленыя кантэйнеры для збору ЦКА, а астатнія пляцоўкі абсталююць сучаснымі пластыкавымі еўракантэйнерамі. «Як толькі дазволіць надвор’е, мы прыступім да работ па ўладкаванні кантэйнерных пляцовак, а ўсё неабходнае абсталяванне (кантэйнеры) было закуплена яшчэ ў снежні мінулага года, – расказаў дырэктар. – Набыта 70 заглыбленых кантэйнераў і 580 пластыкавых еўракантэйнераў. Апошнія не толькі будуць устаноўлены на новых пляцоўках, але і пойдуць на замену старых металічных кантэйнераў. Яны больш статычныя, зручныя ў эксплуатацыі».

Для выканання пастаўленай задачы прадпрыемствам таксама закуплена 6 смеццявозаў на шасі МАЗа. З іх пяць з задняй загрузкай смецця, а адзін абсталяваны кранам-маніпулятарам спецыяльна для абслугоўвання заглыбленых кантэйнераў. «Гэта значыць, што на сённяшні дзень мы маем усё неабходнае для завяршэння праграмы па ліквідацыі смеццеправодаў у горадзе і пастараемся зрабіць гэта як мага хутчэй. Не выключана, што з гэтай працай мы справімся ўжо ў трэцім квартале бягучага года. – сказаў Генадзь Іванчанка. – Такім чынам, з аднаго боку, вырашаецца праблема з дастаткова складаным і дарагім абслугоўваннем смеццеправодаў, а з другога, што асабліва важна, – з ліквідацыяй антысанітарыі ў жылых дамах», – дадаў ён.

Паэтапнае закрыццё смеццеправодаў у жылых дамах у Магілёве стартавала з 2016 года. За гэты перыяд іх ліквідавана 445, а на прылеглай да жылых дамоў тэрыторыях абсталявана 61 кантэйнерная пляцоўка для збору ЦКА.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая