RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Магілёве выбралі пераможцу абласнога конкурсу прафмайстэрства сярод электраманцёраў

Абласны этап V Рэспубліканскага конкурсу прафмайстэрства па кампетэнцыі «Электрамантаж» завяршыўся ў Магілёве. Пра гэта расказала начальнік вучэбна-метадычнага цэнтра прафадукацыі Магілёўскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Ірына Кандрашова.

«Конкурсы прафмайстэрства раскрываюць патэнцыял удзельнікаў, прывіваюць ім цікавасць да абранай прафесіі, - адзначыла Ірына Кандрашова. - Удзел у такіх мерапрыемствах дазваляе набыць бясцэнны прафесійны вопыт, пагутарыць з экспертамі, убачыць адзін аднаго ў справе. У гэтым годзе Магілёўская вобласць прымае ўдзел амаль у сарака прафесійных кампетэнцыях: будаўніцтва, вытворчыя, інжынерныя, інфармацыйныя і камунікацыйныя тэхналогіі, транспарт, лагістыка і многае іншае. Лепшыя з лепшых прадставяць рэгіён на рэспубліканскім этапе, які адбудзецца ўжо ў маі».

Праграма конкурсу па кампетэнцыі «Электрамантаж» была разлічана на два дні. У першы дзень на выкананне задання ўдзельнікам было адведзена шэсць гадзін, у другі - чатыры. Рабятам трэба было сабраць, запраграмаваць і здаць у эксплуатацыю ўласную ўстаноўку. Так, для пачатку ім неабходна было змантаваць абсталяванне - свяцільні, шчыты, выключальнікі і кнопкі кіравання, абкласці і падлучыць усе правады і кабелі, праверыць схемы. Затым эксперты прымалі ўстаноўкі і падавалі напружанне. Пасля гэтага канкурсанты прыступалі да праграмавання: складалі алгарытм кіравання асвятленнем і ліфтам.

Удзельнікамі спаборніцтваў сталі прадстаўнікі ўстаноў сярэдняй спецыяльнай і прафесійнай адукацыі. Рабятам трэба было не проста якасна і правільна выканаць заданне, але і прыйсці да выніку ў найкароткія тэрміны. У выніку дыплома першай ступені і права прадстаўляць рэгіён на рэспубліканскім этапе ўдастоены прадстаўнік Магілёўскага электратэхнічнага каледжа Антон Бяганскі, другое месца заняў Вадзім Кляйменаў з Магілёўскага тэхналагічнага каледжа, трэцяе - Марк Міцінёў з Клічаўскага аграрна-тэхнічнага каледжа.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая