Гісторыя з будаўніцтвам школы ў Бабруйску закруцілася яшчэ ў мінулым годзе, калі Прэзідэнт наведваў прадпрыемства «Славянка». Адна з работніц тады закранула актуальную тэму і папрасіла кіраўніка дзяржавы дапамагчы ў вырашэнні пытання. Кіраўніцтву вобласці было даручана прааналізаваць неабходнасць новага аб’екта. Школа сапраўды патрэбна новаму мікрараёну, і сёлета яна расчыніць свае дзверы. Як і дзіцячы садок, які на той момант ужо будаваўся. Што чакае навасёлаў, мы даведаліся, пабываўшы на будоўлі.
Як з карцінкі
Будаўніцтва мікрараёна № 7 пачалося прыкладна дзесяць гадоў таму. Людзі сталі актыўна карыстацца льготамі, прадугледжанымі заканадаўствам па падтрымцы шматдзетных сем’яў. У выніку ў гэтай частцы горада каля 60 працэнтаў сем’яў з трыма і больш дзецьмі. Але жылая забудова бегла наперадзе сацыяльнай інфраструктуры: у мікрараёне каля 7 тысяч дзяцей, а школы няма. Вынесеная на высокі ўзровень праблема стала хутка вырашацца.
–Ужо ў жніўні 2020-га на бульвары Прыбярэзінскі заклалі капсулу ў гонар будаўніцтва школы № 35,– расказвае намеснік старшыні Бабруйскага гарвыканкама Вікторыя Амялюсік. – На яе ўзвядзенне плануецца выдаткаваць 30,5 мільёна рублёў з рэспубліканскага і мясцовага бюджэтаў.
У капсулу змясцілі малюнак першакласніцы Міланы Шаўчэнка, якая адлюстравала на ім школу мары – вялікі яркі будынак, вакол радасныя дзеці. Сям’я Шаўчэнкі жыве ў новым мікрараёне, з вокнаў іх дома відаць, як хутка расце новы будынак.
– Нам прапанавалі паўдзельнічаць у конкурсе, і Мілана пачала фантазіраваць, у якой школе хацела б вучыцца, – успамінае мама Наталля. – Наша карціна ўвекавечыла пачатак ўзвядзення важнага аб’екта. А як радавалася дачка, што паўдзельнічала ў важнай справе!
Зараз дзяўчынка ў другім класе, ездзіць у 10-ю гарадскую школу: тры прыпынкі на аўтобусе, а потым пешшу хвілін 25. Адлегласць не самая вялікая, але новы аб’ект, вядома, будзе нашмат зручнейшы.
– З нецярпеннем чакаем, калі яго пабудуюць, – кажа Наталля. – Сучасны будынак, пляцоўкі актыўнасці, басейн. Ідэальныя ўмовы для дзяцей. І ўсё гэта – у крокавай даступнасці.
Сапраўдная школа будучыні
У верасні школа № 35 павінна прыняць першых вучняў. Майстар будаўніча-мантажнага ўпраўлення Бабруйскага завода буйнапанэльнага домабудавання Дзяніс Хамякоў удакладняе, што да працы прыступілі восенню мінулага года:
– Мы выступаем генеральным падрадчыкам, усяго ж на аб’екце занята каля 350 чалавек з субпадрадных арганізацый, сярод якіх будаўнікі Магілёва і Бабруйска. Такі праект школы ўжо другі ў нашым горадзе. Яна разлічана на 1020 чалавек. Будзе складацца з двух чатырохпавярховых блокаў з навучальнымі класамі і цэнтральнай часткі са спартыўнай і актавай заламі. Асобна размесціцца басейн, які злучыцца з асноўным корпусам галерэяй. У ім дзве плавальныя аквазоны: дарожкі на 25 метраў для старшакласнікаў і 12 – для малодшых дзяцей. Фасад асноўнага будынка ўпрыгожаць яркія ўстаўкі аранжавага і блакітнага колеру.
Нават тэрыторыя вакол будынка новай школы будзе працаваць на ўсебаковае развіццё дзяцей: стадыён, баскетбольная і валейбольная пляцоўкі, тэнісны корт, зоны для кідання ядра, гімнастыкі, спартыўных гульняў і міні-футбола. Другая частка–вучэбна-доследная зона, дзе размесцяцца ўчасткі палявых агароднінных культур, пладовага саду і гадавальніка, кветкава-дэкаратыўных раслін. Тут дзеці змогуць пісаць навуковыя працы і займацца даследаваннямі.
Вось гэта попыт!
Дзіцячы сад па вуліцы Дняпроўскай флатыліі–аб’ект не менш важны і патрэбны, тлумачыць Вікторыя Амялюсік:
– Садкі паблізу мікрараёна № 7 «трашчалі». Калі браць агульную колькасць дзяцей, то ва ўзросце да трох гадоў іх каля паўтары тысячы! Усім патрэбна магчымасць наведваць дашкольныя ўстановы.
Побач размешчана яшчэ пяць дзіцячых садоў. Калі разглядаць, што ў тэорыі кожны з іх можа ўзяць да 100 дзяцей, усё роўна праблема не здымаецца. Нават новы сад № 84 на 240 месцаў, які адкрыўся летась, не ратаваў сітуацыю. Таму лагічным было будаваць яшчэ адну дашкольную ўстанову на ўзор той, што адкрылася.
На гэтыя мэты інвестыцыйнай праграмай прадугледжана выдзяленне 7 мільёнаў рублёў. Міжраённы домабудаўнічы камбінат, які выступае генеральным падрадчыкам, курыруе ўсе этапы будоўлі.
– Наша арганізацыя ўдзельнічала ва ўзвядзенні садка № 84. Новы практычна нічым не адрозніваецца ад пабудаванага, таму вопыт маем, – расказвае начальнік участка агульнабудаўнічых работ МДСК Уладзімір Пруднікаў. – Цяпер займаемся ўнутранымі аздобнымі працамі, пракладкай камунікацый, прыступілі да добраўпарадкавання–робім навесы. Працы яшчэ шмат, але плануем здаць аб’ект да верасня.
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
23.04.2025 - 14:55
Беларускім пенсіянерам з 1 мая прадаставяць скідку 50 працэнтаў на праезд у паяздах эканамкласа
23.04.2025 - 13:01
23.04.2025 - 12:49
Ад футбольных палёў да воркаўт-зон: якія новыя пляцоўкі з'явяцца ў Магілёве (відэа)