RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Слаўгарадзе ўшанавалі подзвіг ліквідатараў Чарнобыльскай аварыі

На алеі Памяці пахаваных вёсак Слаўгарада сёння прайшоў мітынг-рэквіем «Доўгае рэха Чарнобыля», прысвечаны 33-й гадавіне аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. У мерапрыемстве прынялі ўдзел кіраўніцтва Магілёўскага абласнога і раённага выканаўчых камітэтаў, ліквідатары наступстваў катастрофы, прадстаўнікі працоўных калектываў, грамадскасць і моладзь. Яны ўсклалі вянкі і жывыя кветкі да памятнага знака і ўшанавалі хвілінай маўчання памяць аб тых, хто аддаў свае жыцці за выратаванне іншых людзей і зямель.

«26 красавіка 1986 года здарылася страшная катастрофа: «мірны атам» выйшаў з-пад кантролю работнікаў станцыі Чарнобыльскай АЭС, аказаўшы негатыўны ўплыў на ўсе сферы жыцця многіх раёнаў Беларусі. Гэта бяда закранула і сумежныя рэспублікі, – адзначыў на мітынгу старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц. – Напэўна, няма сёння чалавека, чыё сэрца не было б напоўнена спагадай і спачуваннем пры думцы аб тым, што здарылася».

Моцна адбілася Чарнобыльская аварыя і на гісторыі Слаўгарадчыны, падкрэсліў кіраўнік рэгіёна. У сувязі з адсяленнем спыніла існаванне 25 населеных пунктаў, было ліквідавана тры сельскія Саветы, чатыры сельскагаспадарчыя арганізацыі. Пераселена або самастойна выехалі ў іншую мясцовасць 7191 чалавек.

«Пераадоленне наступстваў аварыі на ЧАЭС для нашай краіны – задача дзяржаўнай важнасці, – заўважыў старшыня аблвыканкама. – Робяцца вычарпальныя меры, каб у нашых населеных пунктах, якія падвергліся Чарнобыльскай трагедыі, людзі жылі годна, захоўваючы беларускія традыцыі і нарошчваючы эканамічны патэнцыял». У якасці прыкладу кіраўнік вобласці прывёў указ №235 «Аб сацыяльна-эканамічным развіцці паўднёва-ўсходняга рэгіёна Магілёўскай вобласці», накіраваны на стварэнне спрыяльных умоў жыцця людзей і павышэнне эфектыўнасці эканомікі. Ён прадугледжвае шэраг прэферэнцый для жыхароў, а таксама прадпрыемстваў і арганізацый.

Леанід Заяц звярнуў увагу, што ў Слаўгарадскім раёне сёння будуецца новае жыллё, вытворчасці, сацыяльна значныя аб’екты, у сельскія населеныя пункты прыходзіць прыродны газ. Зусім хутка будзе запушчаны ў працу сучасны свінагадоўчы комплекс у раёне вёскі Перагон, а ў Слаўгарадзе будзе наладжаны выпуск кандытарскіх вырабаў. «На гэтым мы не спынімся і будзем усяляк спрыяць таму, каб людзі тут жылі годна», – запэўніў кіраўнік рэгіёна.

У ліквідацыі наступстваў чарнобыльскай катастрофы былі задзейнічаны больш за 600 тыс. чалавек. Сярод тых, хто мужна і самааддана выконваў свой грамадзянскі абавязак, былі і жыхары Магілёўскай вобласці: вайскоўцы, пажарныя, медыкі, навукоўцы, добраахвотнікі. «Яны годна праявілі сябе ў гэтых складаных умовах і перамаглі. На жаль, не ўсе дажылі да гэтага дня», – адзначыў Леанід Заяц. Ён перадаў галоўнаму ўрачу Слаўгарадскай цэнтральнай раённай бальніцы Алене Аксёнавай сертыфікат на атрыманне двух аўтамабіляў хуткай медыцынскай дапамогі. Абнаўленне аўтапарка палепшыць аператыўнасць аказання медыцынскіх паслуг насельніцтву рэгіёна.

«Пры значнай дзяржаўнай фінансавай падтрымцы мы сёння пераадольваем чарнобыльскую бяду, – падкрэсліў старшыня Слаўгарадскага райвыканкама Канстанцін Жыгуцкі. – У раёне стабільна працуе народнагаспадарчы комплекс. Ажыццяўляецца паэтапнае развіццё ўсяго спектра сацыяльных паслуг. За больш чым 30-гадовы перыяд напрацаваны немалы вопыт па мінімізацыі наступстваў катастрофы, укаранёны навуковыя распрацоўкі, новыя тэхналогіі, забяспечана сацыяльная абарона насельніцтва. Сёння развіццё эканомікі раёна накіравана на павышэнне рэнтабельнасці прадпрыемстваў і даходаў насельніцтва, прыцягненне інвестыцый, міжнароднае супрацоўніцтва. Гэта дазваляе гаварыць аб новым этапе ў вырашэнні чарнобыльскіх праблем, пераходзе ад рэабілітацыі да развіцця пацярпелых тэрыторый раёна пры захаванні ўсіх неабходных мер радыяцыйнай абароны».

Канстанцін Жыгуцкі заўважыў, што ў апошнія гады шмат было зроблена па добраўпарадкаванні населеных пунктаў раёна. Трывала ўвайшла ў жыццё патрэба пастаянна ахоўваць парадак на зямлі, паляпшаць санітарны стан, праводзіць прыродаахоўныя мерапрыемствы.

Успамінамі аб ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС з удзельнікамі мітынгу падзяліўся Мікалай Лугаўцоў.

У гонар загінулых ліквідатараў і ахвяр Чарнобыльскай трагедыі на тэрыторыі, прылеглай да алеі Памяці пахаваных вёсак, былі высаджаны дрэвы.

Затым у актавай зале райвыканкама прайшла сустрэча Леаніда Зайца з ліквідатарамі катастрофы на ЧАЭС.

Раніцай, напярэдадні мітынгу, у храме Раства Найсвяцейшай Багародзіцы адбыўся малебен. Настаяцель храма айцец Уладзімір уручыў Леаніду Зайцу ў памяць аб наведванні Слаўгарадскага раёна абраз Казанскай Божай Маці.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая