RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Уклад у хлебны каравай Магілёўскай вобласці ўносяць не толькі сельгаспрадпрыемствы, але і фермеры

Справа прыватная, карысць агульная

Магілёўская вобласць пераадолела запаветны намалот у мільён тон збожжа. Убрана звыш 97% плошчаў, сярэдняя ўраджайнасць у рэгіёне 30,3 цэнтнера з гектара. Уклад у агульную скарбонку ўносяць і фермеры рэгіёна. У сялянскай фермерскай гаспадарцы «Пралесак» Магілёўскага раёна дажынаюць апошнія гектары. Да ўборачнай тут падышлі адказна. Таму ёсць і вынік: сярэдняя ўраджайнасць каля 50 цэнтнераў з гектара. Не кожнае сельгаспрадпрыемства можа пахваліцца такім ураджаем.

На полі каля вёскі Дубінка тры камбайны ўбіраюць трыцікале. Пад’язджае яшчэ адзін. За рулём – кіраўнік фермерскай гаспадаркі Юрый Коршунаў:

– Кожнае жніво плячом да пляча з маімі механізатарамі. З гэтага камбайна перасяду на кормаўборачную тэхніку – і на кукурузу. Паспяваю і вырашаць арганізацыйныя пытанні, і працаваць. А як інакш? Трэба круціцца. Камандзір павінен быць наперадзе.

Яшчэ ў 1991 годзе, калі фермерства ў краіне толькі давала першыя парасткі, гараджанін Юрый Коршунаў адважыўся на амбіцыйны крок – заняўся аграбізнесам. Сёння яго КФГ – адна з найбуйнейшых у рэгіёне: больш за 2300 гектараў зямлі, 600 галоў жывёлы, да 70 працоўных, парк энерганасычанай тэхнікі. У 2022-м пад збожжавыя ў Коршунава – 1370 гектараў. Засталося прыбраць апошнія гектары трыцікале.

– У жніве было задзейнічана шэсць адзінак тэхнікі. Адны камбайны новыя, іншым па 10–12 гадоў. Усе на хаду. Уявіце, адпрацаваць столькі сезонаў! – назіраючы за ходам айчыннай тэхнікі са сцягамі, расказвае фермер. – Трэба аддаць належнае кіраўніцтву вобласці: наўпрост з «Гомсельмаша» ішлі запчасткі, да таго ж з адтэрміноўкай плацяжу. Гэта дазволіла своечасова падрыхтаваць тэхніку да ўборачнай.

Дзяржзаказ Коршунаў выканаў: здаў 150 тон пшаніцы, 20 тон аўса і столькі ж грэчкі. Пра адказнасць перад краінай фермер разважае мудра:

– Дзяржава дапамагае нам, дык чаму я не павінен рабіць крок у адказ? Бо ад нас залежыць харчовая бяспека. Кіраўнік дзяржавы пастаянна кажа: калі будзем сытыя, будуць і іншыя даброты. Да таго ж дзяржзаказ – падушка бяспекі. Здаў збожжа – выдаў людзям заробак, заплаціў падатак, падцягнуў сацыяльную сферу. Дарэчы, не так даўно выкупіў калгасны домік на восем кватэр. Зараз поўным ходам ідзе рамонт. Жыллё – для сваіх жа спецыялістаў.

Жніво ў гэтым годзе, адзначае фермер, асаблівае. Работы ідуць не адна за адной, а паралельна. Хлопцы прыбіраюць, затым ставяць камбайны і тут жа перасаджваюцца на трактары для ўзворвання. Фермер ужо пасеяў 200 гектараў рапсу, з камандай дапамог вяскоўцам на прысядзібных участках. У спісе 11 вёсак. Затым стартуе падрыхтоўка глебы для іншых азімых культур:

– Цяжкавата, але трэба не стагнаць, а працаваць. Прычым рацыянальна. Чаму ў мяне шэсць камбайнаў, а цяпер у лізінг бяру сёмы? Дзейнічаем так: не выходзім у поле рана, пакуль каласы сырыя. Чакаем, калі падсохнуць, а потым «групай захопу» за пару гадзін прыбіраем. Тады не трэба дасушваць зерне – эканомія. Лепш мець лішні камбайн, чым сушылку.

– У чым сакрэт добрых ураджаяў сёлета? – цікавімся.

Мяркуйце самі: землі ў мяне не самыя ўраджайныя, але хлеб добры. Пшаніца, да прыкладу, дала 76 цэнтнераў з гектара! Складана паверыць, улічваючы ўрадлівасць глебы. Парадавала і сумесь аўса з гарохам, ураджайнасць – за 50. Усё чаму? Тое, што дала зямля, трэба выкарыстоўваць. Да прыкладу, салому прапускаю праз жывёльны двор, потым на поле вяртаю арганіку. У мяне нічога не знікае. Трэба лічыць, тады і будзе вынік.

Калектыў у фермера зладжаны. Механізатар Віктар Лянькоў, хоць і гарадскі, да сельскай гаспадаркі звыклы.

– Працаваў на сельгаспрадпрыемстве Бялыніцкага раёна, адкуль родам. Тут ужо пяць гадоў. Калі б не падабалася, не затрымаўся б, – прыбіраючы апошнія гектары, разважае Віктар. – Калі ў полі ты ў адной камандзе з кіраўніком, гэта стымулюе. Але ў нас і так прывыклі працаваць на вынік. Мы пазлы агульнай харчовай карціны. Хто прыбірае хлеб, той і патрыёт. Будзем з зернем – будзем незалежныя. Зірніце: мы працуем на айчыннай тэхніцы, нашы прадпрыемствы выпускаюць якасную прадукцыю, мы вырабляем імпартазамяшчальныя тавары. Роўна – мы самастойныя.

 СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая