RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Валерый Малашка: Мы павінны выказвацца на ўзроўні міжнародных структур аб тых жахлівых момантах, дзе парушаюцца асновы дэмакратыі і самога чалавечага жыцця

Сёння мы бачым вастрыню палітычнага моманту – крызіс, які перажываюць міжнародныя адносіны, а таксама адносіны да чалавека ў частцы ацэнкі еўрапейскіх каштоўнасцей. І вядома, наша сведчанне не павінна быць маўклівым і староннім. Такое меркаванне выказаў намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка падчас правядзення IV Пленума праўлення Магілёўскага абласнога аддзялення ГА «Беларускі фонд міру».

Валерый Малашка адзначыў, што ўдзел жыхароў і міратворцаў Магілёўшчыны павінен заключацца не толькі ў зборы гуманітарнай дапамогі для людзей, якія затрымаліся на беларуска-польскай мяжы: «Мы павінны выказвацца на ўзроўні міжнародных структур аб тых абуральных момантах, дзе парушаюцца асновы дэмакратыі і самога чалавечага жыцця».

У сваю чаргу член бюро праўлення Магілёўскага абласнога аддзялення Беларускага Фонду міру старшыня Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў Ірына Раінчык расказала, што абласным аддзяленнем ужо пералічаны грошы для цэнтралізаванага аказання неадкладнай гуманітарнай дапамогі змешчаным ва ўразлівым становішчы ў часовым цэнтры каля 2 тыс. мігрантам з Ірака.

«У сувязі з міграцыйным крызісам, які разгарнуўся ў апошні час на мяжы нашай краіны і Еўрапейскага Саюза, дзе ў надзеі атрымаць магчымасць знайсці будучыню на тэрыторыі Германіі і Вялікабрытаніі пакутуюць тысячы грамадзян, лічу неабходным падняць наш голас у абарону гэтых абяздоленых вайной людзей, тых, што спадзяюцца на гуманізм і міласэрнасць прымаючага боку», – адзначыла Ірына Раінчык.

Старшыня Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў зачытала перад прысутнымі тэкст рэзалюцыі для галасавання і накіравання яе ва ўпраўленне Вярхоўнага Камісара ААН па справах бежанцаў і прадстаўніцтва Еўрапейскага Саюза ў Рэспубліцы Беларусь.

Тыя, хто знаходзіўся ў зале і на відэасувязі, а таксама ўвесь міратворчы актыў Прыдняпроўскага краю аднагалосна падтрымалі рэзалюцыю.

Старшыня праўлення Магілёўскага абласнога аддзялення Беларускага Фонду міру Андрэй Нікіцін падкрэсліў, што актывісты нашага рэгіёна як ніхто разумеюць неабходнасць практычнай рэалізацыі ў жыццё нормаў Статута Беларускага Фонду міру, якія вызначаюць мэтамі сваёй дзейнасці ўмацаванне міру, дружбы, узаемаразумення і згоды паміж людзьмі і народамі, прапаганду і ўвасабленне ў жыццё ідэй міласэрнасці і гуманізму.

«У нашай краіне на чале павінны стаяць не толькі нашы агульныя інтарэсы, але і інтарэсы кожнага канкрэтнага чалавека, – сказаў Андрэй Нікіцін. – Наш фонд з’яўляецца найстарэйшай у свеце гуманітарнай арганізацыяй, у якой ёсць аўтарытэт і надзейнасць. Людзі, якія супрацоўнічаюць з намі, якія абралі гэты шлях, ніколі не пакінуць сваю Радзіму ў бядзе. Калі людзі думаюць толькі пра сябе, іх эгаізм закрывае праблемы астатніх».

 

Дарэчы, па папярэдніх выніках дзейнасці сярод абласных аддзяленняў Беларускага Фонду міру за мінулы год, Магілёўшчына спрацавала лепш за ўсіх у Рэспубліцы.

Вялікім здзяйсненнем актыў міратворцаў рэгіёнуа лічыць пачатак пакладзенай сёлета сістэме стварэння школ міру ў Магілёўскай вобласці. Пакуль іх толькі 4. Зараз у планах адкрыць такія школы ў кожным раёне Прыдняпроўскага краю, каб дзеці сваёй працай і сваімі добрымі справамі рэалізоўвалі чалавечы патэнцыял, закладзены ў кожнага з нас.

Многае робіцца па ўвекавечанні памяці герояў і ахвяр вайны. Магілёўскае абласное аддзяленне актыўна прымае ўдзел у будаўніцтве і рэстаўрацыі мемарыяльных комплексаў не толькі ў рэгіёне, але і па ўсёй рэспубліцы.

Акрамя таго, вялікая ўвага надаецца старэйшаму пакаленню. Фонд міру ў цэлым і Магілёўская абласная арганізацыя ўключыліся ў акцыю па стварэнні і ўкамплектаванні ветэранскіх палат. Гэта праца будзе актыўна падтрымлівацца і ў наступным годзе.

Пытанні гарантавання бяспекі ў сувязі з пандэміяй таксама бяруцца на кантроль. У мінулым годзе праводзілася фундаментальная падтрымка ўстаноў аховы здароўя.

 

 

Падчас пленума таксама прагаварылі некаторыя пытанні па ўдасканаленні далейшай працы.

Фінальным акордам сустрэчы стала ўзнагароджанне ўсіх, хто годна рэалізуе гуманітарную дзейнасць у нашай вобласці.

 

Галіна Гаўрыловіч, фота аўтара

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая