RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Відовішчныя турніры, сярэднявечныя танцы і вогненныя шоу чакаюць гасцей рыцарскага фэста ў Мсціславе

Свята сярэднявечнай культуры «Рыцарскі фэст» пройдзе 2-4 жніўня ў Мсціславе. Пра гэта паведамілі ў аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мсціслаўскага райвыканкама.

«Гасцей свята чакаюць як яркія мерапрыемствы мінулых сезонаў, так і цалкам новыя, – расказалі ў аддзеле. – Мы пастараемся зрабіць усё магчымае для таго, каб форум прайшоў на высокім узроўні і стаў відовішчным, масавым і запамінальным».

На свята ў горад над Віхрой прыедуць музычныя і танцавальныя калектывы, народныя ўмельцы, клубы гістарычнай рэканструкцыі з Беларусі, Расіі і Украіны.

Рыцарскі блок будзе насычаны разнастайнымі забаўкамі. На Замкавай гары госці фэста змогуць стаць сведкамі відовішчных турніраў, баталій лучнікаў, тактычных бугуртаў «Захоп сцяга», «Ахова караля», масавых бітваў, тэатралізаванага штурма замка. Конныя паказы і забавы арганізуюць удзельнікі Мінскага конна-гістарычнага клуба «Залатая шпора». Манеўры ХVII стагоддзя і трукавае шоу прадэманструе гледачам клуб «Шатландская пяхота» з Маладзечна. Калектыў «1410» прапануе майстар-класы па сярэднявечных танцах. Атмасферу свята падтрымаюць

канцэрты фольк-гуртоў «Стары Ольса», Hardwood, FRAM, музычныя калектывы «Літы Талер», «Адамант», а таксама сярэднявечная дыскатэка. Запланавана вогненнае фэнтэзі і фаер-шоу.

Сярэднявечныя забавы для дзятвы правядзе Мсціслаўская дзіцячая школа мастацтваў імя М. М. Чуркіна. Тут хлопцам і дзяўчатам прапануюць наведаць майстар-класы па сярэднявечных танцах. Дамы і кавалеры змогуць прыняць удзел у конкурсах, ацаніць цяжар ратнай працы, прымерыць даспехі. На мясцовай пажарнай каланчы дзяцей чакае квэст-гульня, а ў раённым Цэнтры культуры і народнай творчасці – прагляд паўнакупальных сферычных фільмаў.

Не абыдзецца без традыцыйных экскурсій. Арганізатары прапануюць наведаць раскопкі старажытнага гарадзішча на Замкавай гары. У Кармеліцкім касцёле Успення Божай Маці можна будзе пазнаёміцца з апошнім на ўсходзе Еўропы помнікам віленскага барока, убачыць каля 20 фрэсак, якія адлюстроўваюць не толькі рэлігійныя, але і свецкія сюжэты, падняцца на адну з вежаў, з якой адкрываецца панарама старога горада.

Гаворачы аб выставах, арганізатары падкрэслілі іх каларытнасць. Камусьці будзе цікава ўбачыць аўтарскія вырабы мастацкага кавання Сяргея Кудзікава, сярэднявечныя прылады катаванняў, халодную зброю Заходняй Еўропы XV-XVII стагоддзяў, іншым – экспазіцыю «Старонкі гісторыі пажарнай службы».

Смачным і шчодрым на пачастункі будзе кулінарны блок. На фарпостах горада спецыялісты мясцовай Цэнтральнай бібліятэкі ў сярэднявечных касцюмах будуць сустракаць гледачоў ахаладжальнымі напоямі, беларускімі прысмакамі. На вуліцы Юрчанкі адкрыецца таверна «Табард», дзе пад этнічную музыку аматары эксперыментаў змогуць азнаёміцца з кухняй «Цёмных стагоддзяў». На Замкавай гары размесціцца cinema карчма «Эскалібур». Тут прапануюць стравы сярэднявечнай кухні, а на спецыяльных падворках пачастуюць напоямі, прыгатаванымі па старажытных рэцэптах.

«Рыцарскі фэст. Мсціслаў-2019» пачнецца 2 жніўня а 12.00, а завершыцца ноччу 4 жніўня. Урачыстае адкрыццё фестывалю з шэсцем і прадстаўленнем удзельнікаў форуму адбудзецца 3 жніўня а 10.00 на плошчы Пятра Мсціслаўца.

Дарэчы, для размяшчэння гасцей фестывалю Мсціслаўскі цэнтр фізкультурна-аздараўленчай работы «Алімп» арганізуе палатачны гарадок на тэрыторыі сярэдняй школы № 2. Адміністрацыя забяспечыць размяшчэнне біяпрыбіральняў, бесперабойную падачу вады, ахоўную стаянку, асвятленне.

Арганізатарамі свята выступаюць Мсціслаўскі раённы выканаўчы камітэт і Цэнтралізаваная клубная сістэма Мсціслаўскага раёна.

З праграмай можна азнаёміцца тут.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая