RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Якія рэзервы для павышэння заробкаў у АПК бачаць у Магілёўскай вобласці

Выручка і здаровы азарт

Ці ёсць рэзервы для павышэння заробкаў у АПК у Магілёўскай вобласці? І які часовы фактар?

Тэму своечасовай выплаты зарплаты работнікам сельгаспрадпрыемстваў «СД» ужо падымала. Для Магілёўскай вобласці пытанне яе затрымкі – дзень учарашні: праблему на ўзроўні рэгіёна знялі яшчэ некалькі гадоў таму. Да апошніх чыслаў заліковага месяца грошы паступаюць на карткі работнікаў сельгаспрадпрыемстваў капейка ў капейку. Пытанне аплаты працы аграрыяў знаходзіцца ўжо ў іншай плоскасці – яе памеру. Па асобных катэгорыях спецыялістаў матэрыяльны вынік іх працы за месяц, на жаль, пакідае жадаць лепшага. Але кропкі росту ў вобласці бачаць: трэба павышаць аб’ёмы вытворчасці сельгаспрадукцыі.

Без кропак росту

Факты нясвоечасовай выплаты заробленых за месяц грошай камітэт па сельскай гаспадарцы і харчаванні Магілёўскага аблвыканкама не фіксаваў даўно: разлікі ідуць строга ў тэрмін. Своечасовасць выплат у сельгасарганізацыях пад пільнай увагай і прафсаюза. Галоўны прававы інспектар працы Магілёўскага абкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Пётр Грыбаноўскі канстатуе, што за бягучы год не было ніводнага выпадку пратэрміноўкі ў налічэнні абавязковых выплат наймальнікамі:

– Штомесяц праводзім планавыя праверкі захавання правоў работнікаў. Гэта не толькі кантроль за тэрмінамі налічэння зарплаты, але і ўвесь комплекс пытанняў, з якімі сутыкаецца чалавек: ад уладкавання на працу да звальнення і выплаты выхадной дапамогі. Па такім жа прынцыпе працуюць прафсаюзы ў кожным раёне.

Ключавым дакументам, які рэгламентуе ўзровень заробкаў, стала Дырэктыва Прэзідэнта № 6 «Аб развіцці вёскі і павышэнні эфектыўнасці аграрнай галіны». У ёй выразна прапісана, што да канца 2020 года ўзровень заработнай платы ў сельскай гаспадарцы павінен быць не ніжэйшы за ўзровень, які складваецца ў сярэднім у эканоміцы. Цяпер – да звестак статыстыкі. У 2020-м у Магілёўскай вобласці сярэдняя налічаная заработная плата ў сельгасгаліне – 774,6 рубля (76 працэнтаў ад сярэднеабласнай), у 2021-м – 878 рублёў (зноў тыя ж 76 працэнтаў). У студзені-кастрычніку 2022 года – 1031,6 рубля. Гэта ўжо 79,8 працэнта, але ўсё роўна не сто. Разрыў у аплаце працы ў асобных раёнах яшчэ большы. Паводле даных камітэта дзяржкантролю Магілёўскай вобласці, у Клімавіцкім раёне, да прыкладу, зарплата аграрыяў у бягучым годзе склала 705 рублёў, або 54,6 працэнта ад сярэдняй па эканоміцы вобласці, у Чавускім – 55,5, Мсціслаўскім – 61,5 працэнта.

Намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Клімавіцкага райвыканкама Мікалай Дубровінскі рэзервы для росту заработнай платы, а значыць, і дабрабыту вяскоўцаў бачыць у павелічэнні аб’ёму вырабленай прадукцыі:

– Калі браць гарачую пару – пасяўную і ўборачную, тыя ж механізатары грашыма не пакрыўджаныя. Іх зарплаты фарміруюць сярэднюю лічбу па раёне. Улетку аб’ектыўна лепшыя паказчыкі і па малаку. А вось у міжсезонне, калі жывёла пераходзіць на зімова-стойлавае ўтрыманне, надоі падаюць, няма таго аб’ёму механізатарскіх работ, аўтаматычна зніжаецца і паказчык па заробках. Зразумела, што чым вышэйшыя аб’ёмы і якасць вырабленай прадукцыі, тым вышэйшыя і зарплаты. Сувязь тут прамая, іншых кропак росту папросту няма. Рыхтуем план развіцця прадпрыемстваў АПК раёна на будучы год. У ім закладзены неабходны аб’ём выпускаемай сельгаспрадукцыі, выручка і іншыя эканамічныя паказчыкі. У залежнасці ад павелічэння жывых грошай павінен адбывацца рост і заработнай платы. Па малаку стаўку, зразумела, трэба рабіць на гатунак экстра. І пачынаць з самага нізу – культуры аператараў машыннага даення. Выконваючы элементарныя тэхналагічныя патрабаванні, можна зрабіць скачок у якасці. Да таго ж, у даярак ёсць матэрыяльная зацікаўленасць: расцэнкі ўстаноўлены ў залежнасці ад якасці малака. У гэтым ключы будзем метадычна працаваць.

Матывацыя дорага каштуе

Часта ў паказчыку па сярэднераённых заробках у АПК цягне ўніз жывёлагадоўля. Невысокія выплаты, таму нізкая замацоўвальнасць моладзі, Такім чынам – адкрытыя вакансіі. У Дрыбінскім раёне, да прыкладу, не хапае ветурачоў: на гэты год сфарміравана заяўка на пяць спецыялістаў, на наступны – яшчэ на тры, але пакуль ніхто ў раён не прыехаў. Галоўны ветурач Дрыбінскага ААТ «Трылесіна-Агра» Сяргей Лісаў, стаж працы якога ўжо тры дзясяткі гадоў, упэўнены, што, акрамя мер па падтрымцы маладых спецыялістаў, на замацоўвальнасць ўплывае матывуючая сістэма аплаты для ўсіх ветэрынараў. Скажам, асеменатары атрымліваюць зарплату ў залежнасці ад колькасці ацёлаў. І калі ў сельгаспрадпрыемстве зніжаецца невытворчае выбыццё жывёлы, эфектыўна праводзіцца прафілактычная вакцынацыя жывёл, то ветурач павінен разумець, што ад гэтага непасрэдна залежаць яго даходы.

Па такім шляху пайшлі ў адным з вядучых сельгаспрадпрыемстваў Магілёўскай вобласці – СВК «Калгас “Радзіма”» Бялыніцкага раёна. Да пошуку справядлівай і матывацыйнай мадэлі заахвочвання работнікаў жывёлагадоўчых аб’ектаў ішлі не адзін год, скрупулёзна ўлічваючы кожную дробязь. У яе аснове штомесячная ацэнка работы ўсёй каманды кожнага жывёлагадоўчага аб’екта: калі ўзровень сцельнасці высокі, то бонусы атрымліваюць аднолькава начальнік комплексу, ветурач і асеменатар. Надбаўкі могуць дасягаць і 1000 рублёў! І гэта не проста плюс да зарплаты, а здаровы азарт, саперніцтва, якія ў выніку прыводзяць да агульнай для ўсёй гаспадаркі выгады. Адсюль і рост заробкаў у цэлым па сельгаспрадпрыемстве.

Але ў некаторых гаспадарках вострадэфіцытныя спецыяльнасці не ў цане. Да прыкладу, у базе даных Дзяржаўнай службы занятасці лічацца вакансіі ветурачоў у ВСУ «Чэрыкаўская райветстанцыя» (прапанаваны заробак – 482–523 рублі), у ЗАТ «АСБ-Агра Цяцерына» Круглянскага раёна (490–510 рублёў), у ААТ «Бялынічы» (511 рублёў), у Дрыбінскім ААТ «Трылесіна-Агра» (600–800 рублёў). Зразумела, што чарга з жадаючых на пасады з такой аплатай не стаіць.

Начальнік упраўлення кантролю за працай аграпрамысловага і прыродаахоўнага комплексаў КДК Магілёўскай вобласці Вячаслаў Асмалоўскі лічыць, што зарплата важная, але не адзіная задача, над якой неабходна працаваць, каб замацоўваліся кадры ў АПК:

– Таксама трэба забяспечыць камфортныя ўмовы працы і быту моладзі. Выпускнікоў ВНУ часта палохае праца звыш графіка, без выхадных, часам з раніцы да ночы.

Рост вытворчасці, строгія тэхналогіі і дысцыпліна

Матывацыя кадраў важная, але пра гэта можна казаць у тым выпадку, калі сельгаспрадпрыемства займае трывалыя пазіцыі ў вытворчасці прадукцыі, упэўненыя гаспадарнікі. Калі трэба элементарна нарасціць надоі малака з крытычна нізкіх лічбаў да хоць бы сярэдніх, матывацыйныя выплаты адыходзяць на другі план. Перш неабходна працаваць над рэсурсамі. Па такім шляху метадычна ідзе Клічаўскі раён, які ўсё больш трывала займае верхнія радкі па малаку ў рэгіёне.

– Пад гэтую справу развіваем кармавую базу, ад якой залежыць прадуктыўнасць дойнага статка, – каментуе першы намеснік старшыні Клічаўскага райвыканкама Віталь Сіта. – Прывяду ў прыклад КСУП «Будзёнага». У гаспадарцы пралічылі: каб закрываць заробкі, ім трэба рэалізоўваць 3,5 тоны малака, каб падняць – выходзіць на 4,5 тоны. Гэта рэзерв. Па кожнай сельгасарганізацыі варта дакладна разумець, якія павінны быць лічбы вытворчасці, каб нарошчваць грашовую масу пад абавязковыя выплаты. У тых сельгаспрадпрыемствах нашага раёна, дзе ёсць малако, зарплата павышаецца. Сёлета як мінімум пяць за кошт яго цалкам закрываюць заробак: УКСП «Саўгас “Добраахвотнік”» і «Саўгас Ольса», ААТ «Максімавічы-Агра», «Бацэвічы-Агра», «Колбча-Агра». Да пяцёрцы падбіраецца прыведзенае вышэй КСУП «Будзённага». Такім чынам, у гэтым годзе выраслі ў заробках на 16 працэнтаў.

На думку старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Магілёўскага аблвыканкама Анатоля Ланкуця, прагрэс заработнай платы ў АПК – у прамой залежнасці ад аб’ёмаў і якасці сельгаспрадукцыі:

– Рост па гэтых паказчыках пачынаецца з кожнага работніка, кіраўніка сельгаспрадпрыемства, раёна і далей па ланцужку. У гаспадарках вобласці ідзе праца па складанні своеасаблівых бізнес-планаў з кропкамі росту, дзе выразна прапісаны важныя вытворчыя крытэрыі. Да прыкладу, неабходная кармавая база на год, пад яе – структура пасяўных плошчаў, узровень вытворчасці малака. І калі кожнае аграпрадпрыемства будзе трымаць у розуме гэтыя паказчыкі і выразна ісці да іх выканання, будзе і выручка, а адпаведна, зарплата. Сёлета рэгіён атрымаў на 18 працэнтаў больш збожжа, на 500 тысяч тон – сіласу. Гэта добры зачын на будучы год. Памножаны на працоўную дысцыпліну і тэхналогіі, ён дасць прырост і ў заработнай плаце аграрыяў.

СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая