RU BY EN 中文
Twitter Instagram

З запалам і настроем перамагаць: каля 200 чалавек выйшлі на «Сцежку здароўя» ў Магілёве

Каля 200 чалавек (а гэта 16 каманд) сталі ўдзельнікамі штогадовага спартыўнага свята для пажылых людзей «Сцежка здароўя» ў Магілёве. Па традыцыі каманды прадстаўлялі арганізацыі і прадпрыемствы горада.

Адметнасць спартыўнага спаборніцтва – у асаблівых выпрабаваннях, якія падрыхтавалі для каманд прадстаўнікі Магілёўскага фізкультурна-спартыўнага клуба. Як расказаў намеснік старшыні па асноўнай дзейнасці Магілёўскага гарадскога ФСК Дзмітрый Шчарбаты, пры падборы спартыўных выпрабаванняў улічваліся пажаданні ўдзельнікаў. «Вядома, асаблівасць гэтага спартыўнага свята – узрост нашых удзельнікаў, сярод іх пенсіянеры і ветэраны. Таму мы ўважліва выслухалі прадстаўнікоў каманд, іх пажаданні, бо «Сцежка здароўя» праходзіць у Магілёве кожны год, многія з відаў палюбіліся нашым спартсменам. І мы разам выбралі тое, у чым сёння спаборнічаюць прадстаўнікі старэйшага пакалення», – падкрэсліў ён.

Праявіць сваю трапнасць і спрыт каманды павінны былі на некалькіх станцыях. Сярод іх кулявая стральба, дартс, боўлінг, кальцакід, фрысбі, баскетбол, карнхол, хакей з перашкодамі і вясёлая рыбалка. «З кожным годам павялічваецца колькасць жадаючых паўдзельнічаць у «Сцежцы здароўя». Гэта сведчыць пра тое, што такое свята людзям падабаецца, – адзначыў Дзмітрый Шчарбаты. – Здаровы лад жыцця, актыўная жыццёвая пазіцыя і добры настрой – усё гэта важна для чалавека ў любым узросце. І наша старэйшае пакаленне можа паслужыць добрым прыкладам таго, што актыўны лад жыцця не мае абмежаванняў па ўзросце».

Ва ўдзельнікаў спартыўнага свята сёння была магчымасць паспрабаваць новы від актыўнасці – скандынаўскую хаду. Кожны жадаючы пасля праходжання ўсіх станцый мог паўдзельнічаць у адкрытым майстар-класе і запісацца ў групу для пастаянных заняткаў.

«Людзі вельмі чакалі гэтага свята і актыўна рыхтаваліся да яго, таму што на «Сцежку здароўя» прадстаўнікі старэйшага пакалення ідуць па клічы сэрца, – падзялілася старшыня Магілёўскага гарадскога савета ветэранаў Зінаіда Пянькова. – Для ўдзельнікаў гэта не толькі спорт. Вядома, тут і спартыўны азарт важны, паколькі кожны імкнецца прынесці сваёй камандзе як мага больш ачкоў. А яшчэ гэта магчымасць правесці час на свежым паветры, пагутарыць адзін з адным і завесці новыя знаёмствы».

Усе каманды зараджаныя на перамогу. Так, каманда «Планета тэкстылю» ААТ «Магатэкс» прыйшла пацвердзіць званне пераможцаў, бо летась яны заваявалі першае месца. «Нам вельмі падабаецца гэта мерапрыемства. Тут запал і весялосць, кожны ўдзельнік забывае пра свой узрост. На высокім узроўні і арганізацыя мерапрыемства. Таму ўдзельнічаць – адно задавальненне, – расказаў капітан каманды Пётр Каткоў. – У нас ёсць магчымасць і трэніравацца, ёсць спартыўная зала ад прадпрыемства. Усе пільна сочаць за сваім здароўем і фізічным станам у звычайным жыцці. Фізкультура вельмі важная: прыводзіш сябе ў тонус, умацоўваеш спіну, што для дачнікаў вельмі важна. Ды і актыўны лад жыцця дазваляе адчуваць сябе маладзейшым».

Павіншаваць са спартыўным святам удзельнікаў прыехаў старшыня Магілёўскага гарадскога Савета дэпутатаў Максім Гурын, а пасля ўрачыстага адкрыцця нават сам паспрабаваў прайсці адну са станцый – пагуляў у фрысбі.

«Сёння сапраўднае свята фізкультуры і актыўнага ладу жыцця. Яно праходзіць пры падтрымцы гарвыканкама і грамадскіх арганізацый горада. І мы яшчэ раз пераканаліся, што нашы ветэраны маюць не толькі цвёрдую жыццёвую пазіцыю, але і характар, сілу духу і выдатную фізічную форму. А мы за іх будзем хварэць», – адзначыў Максім Гурын.

Арганізатары падрыхтавалі для ўдзельнікаў не толькі спартыўныя заданні. Пасля праходжання «Сцежкі здароўя» на стадыёне «Тарпеда» адбыўся творчы канцэрт, а кожны жадаючы змог пачаставацца чаем і салдацкай кашай.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая