Архіў навін

Больш за 30 машын хуткай медыцынскай дапамогі было закуплена для раённых бальніц Магілёўскай вобласці ў 2019 годзе. Усе яны ўжо перададзеныя бальніцам рэгіёна. Пра гэта паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Магілёўскага аблвыканкама Аляксандр Старавойтаў. Для раённых бальніц набыта 31 машына хуткай дапамогі агульным коштам больш як Br1,9 млн. Сродкі былі выдзелены з абласнога бюджэту. Аўтамабілі ўжо перададзены ва ўстановы аховы здароўя Магілёўскай вобласці, іх атрымалі ўсе раённыя бальніцы рэгіёна.
Прафсаюзы вобласці 13 студзеня падвядуць вынікі работы за апошнія 5 гадоў, а таксама выберуць лідара Магілёўскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў. Мерапрыемства адбудзецца ў 12.00 у канферэнц-зале Магілёўскай гасцініцы «Турыст». Удзел у справаздачна-выбарнай канферэнцыі прымуць старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда, прадстаўнікі абласной і гарадской выканаўчай улады, дэпутацкага корпуса.
Магілёўскі абласны драматычны тэатр прадставіць прэм’еру спектакля «ЛІЛІЧКА. Замест пісьма» па творах Уладзіміра Маякоўскага і Лілі Брык. Пастаноўка пройдзе 9 і 10 студзеня на малой сцэне тэатра з узроставым абмежаваннем 16+, паведамілі ва ўстанове культуры. Рэжысёр-пастаноўшчык Каміля Хусаінава прапануе гледачу гісторыю пачуццяў паэта і яго музы, расказаную праз вершы і мемуары.
Трэці этап рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах пройдзе з 13 па 17 студзеня ў Магілёве. Удзел у інтэлектуальных спаборніцтвах прыме каля 980 навучэнцаў 8–11 класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, а таксама ўстаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі з усяго рэгіёна.
Урад пашырыў пералік новых вытворчасцей, якія маюць вялікае значэнне для інавацыйнага развіцця Беларусі. Адпаведная пастанова Савета Міністраў ад 30 снежня 2019 года № 942 афіцыйна апублікавана сёння на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. У пералік, у ліку іншага, увайшлі дадатковыя мерапрыемствы па развіцці інавацыйнай інфраструктуры. У прыватнасці, стварэнне філіяла навукова-тэхналагічнага парка ТАА «ІнКата» ў Магілёўскай вобласці.
Прамую тэлефонную лінію правядзе 11 студзеня генеральны дырэктар Магілёўскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання Уладзімір Аляксандравіч Раеўскі.
За першы дзень з пачатку продажаў на спектаклі XV Міжнароднага моладзевага тэатральнага форуму «М.@rt.кантакт–2020» раскупілі 1,2 тыс. білетаў, паведаміла намеснік дырэктара Магілёўскага абласнога драмтэатра Ірына Рабцава. Найбольшым попытам карысталіся білеты на адкрыццё і закрыццё фестывалю, а таксама пастаноўку «Камедыя пра ўдаву» Маскоўскага тэатра імя Яўгена Вахтангава. Кошт білетаў у сярэднім складае Br20–25. На адкрыццё фэсту крыху больш – Br30–35. Набыць іх можна ў тэатральнай касе, а таксама праз Інтэрнэт.
Дзіцячы дом сямейнага тыпу адкрылі сёння ў Бабруйску. Шчаслівай уладальніцай новых квадратных метраў стала сям’я Таццяны і Мікалая Парфёнавых. Зараз у іх сям’і выхоўваецца 9 дзяцей: 4 сваіх і 5 прыёмных.
Навігацыйную сістэму для інвалідаў па зроку ўстанавілі ў Магілёўскім аблвыканкаме. Яна ўключае ў сябе тактыльныя таблічкі са шрыфтам Брайля і маўленчы інфарматар, які працуе ад спецыяльнай праграмы на смартфоне. Пра гэта паведамілі ў камітэце па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама.
З мэтай прыцягнення ўвагі грамадскасці да праблем бацькоўства, сацыяльнай бязбацькаўшчыны, ролі бацькі ў сям’і і выхаванні дзяцей, а таксама фармаванні асобы дзіцяці, актывізацыі працы журналістаў, накіраванай на арганізацыю шырокага абмеркавання тэмы актыўнага бацькоўства ў сродках масавай інфармацыі, сацыяльна-асветніцкія ўстановы «Бацькоўства» і «Сямейны цэнтр “Папа может”», а таксама ГА «Савет бацькаў» горада Мінска пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь праводзяць рэспубліканскі творчы конкурс «Бацькоўства» на самую лепшую публікацыю аб бацькоўстве.
Акцыя «Калядныя дні без абортаў» пройдзе ва ўстановах аховы здароўя Магілёўскай вобласці з 7 па 19 студзеня. Пра гэта паведамілі ў сацыяльна-асветніцкай установе «Цэнтр падтрымкі сям’і і мацярынства “Покрова”» Бабруйска, адзін з напрамкаў работы якога – дапамога жанчынам у крызіснай сітуацыі. Псіхолагі ўстановы дапамагаюць ім зрабіць свой выбар свядома. Бо сітуацыя незапланаванай цяжарнасці ў большасці выпадкаў стрэсавая, і аб’ектыўна ўзважыць усе «за» і «супраць» у такім стане складана.
Новая спецыяльнасць «Упраўленне інавацыйнымі праектамі прамысловых прадпрыемстваў» з’явіцца з новага навучальнага года ў Магілёўскім дзяржаўным універсітэце харчавання. Пра гэта паведамляецца на сайце навучальнай установы. Студэнтаў будуць навучаць распрацоўцы і ўкараненню інавацыйных праектаў на прадпрыемствах. Выпускнікам гэтай спецыяльнасці прысвояць кваліфікацыю «Праект-менеджар. Эканаміст».
Персанальная выстава мастака Уладзіслава Малахава адкрыецца сёння ў 16.00 у Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П. В. Масленікава. Такая экспазіцыя размесціцца ва ўстанове культуры ўпершыню і будзе працаваць да 26 студзеня.
Прамую тэлефонную лінію правядзе 11 студзеня намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Руслан Барысавіч Страхар. З 9.00 да 12.00 па нумары (8 0222) 50-18-69 ён адкажа на пытанні жыхароў Прыдняпроўскага краю.
Каля 350 прапаноў па змене Канстытуцыі краіны ўнеслі беларусы за тры дні. Пра гэта дэпутат, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Віктар Свіла пведаміў у навінавым выпуску на тэлеканале СТВ. Палата прадстаўнікоў размясціла на сваім сайце аб’яву аб прыёме прапаноў па ўнясенні змяненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь 2 кастрычніка. Тэма актуальная да 25 кастрычніка.
У Магілёўскім абласным драматычным тэатры адбылася першая прэс-канферэнцыя, прысвечаная ХV Міжнароднаму моладзеваму тэатральнаму форуму «M.@rt.контакт-2020».
У кастрычніку гэтага года прайшоў першы ў гісторыі рэгіёна інвестыцыйны форум «Магілёўскі раён – тэрыторыя магчымасцяў», які паказаў наяўнасць канкурэнтаздольнага прамысловага патэнцыялу. На форуме быў заключаны шэраг пагадненняў, у тым ліку з ДЛГУ «Магілёўскі лясгас» на суму Br9100 тыс. У адпаведнасці з пагадненнем павінны быць рэалізаваны праекты па будаўніцтве комплексу па вырошчванні пасадачнага матэрыялу з закрытай каранёвай сістэмай у вёсцы Красніца коштам Br6 млн 400 тыс. і сушыльнага комплексу ў дрэваапрацоўчым цэху в. Вільчыцы – Br1 млн 800 тыс.
Урад зацвердзіў пералік тэрыторый з напружанай сітуацыяй на рынку працы на 2020 год. Адпаведная пастанова Савета Міністраў ад 27 снежня 2019 года № 921 афіцыйна апублікавана сёння на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. У спісе 29 тэрыторый 28 раёнаў і адзін горад – Бабруйск. У Магілёўскай вобласці ў пералік таксама ўвайшлі Дрыбінскі і Круглянскі раёны.
Міністэрства аховы здароўя зацвердзіла графік работы арганізацый аховы здароўя ў студзені 2020 года. Так, 4 студзеня ў бальніцах, паліклініках, аптэках і іншых арганізацыях аховы здароўя звычайны працоўны дзень. У панядзелак, 6 студзеня, яны будуць адкрыты па графіку суботы. У аўторак, 7 студзеня, медыкі працуюць па графіку святочнага дня. БЕЛТА
Выйсці на праектную магутнасць абноўленай вытворчасці ААТ «Магатэкс» плануе ў снежні бягучага года. Пра гэта расказаў галоўны інжынер прадпрыемства Пётр Скачкоў. Паводле яго слоў, рэалізацыя праекта па абнаўленні ткацкай фабрыкі прадпрыемства пачалася ў 2018 годзе. Да канца 2019-га абсталяванне ў межах праекта «Выпуск новых тканін і тканін з новымі спажывецкімі ўласцівасцямі» ўстаноўлена ў поўным аб’ёме і ўжо вядзецца яго пуска-наладка.
ААТ «Стужка» прыме ўдзел у выставе Heimtextil 2020, якая пройдзе 7–10 студзеня ў Франкфурце-на-Майне, паведамілі ў канцэрне «Беллегпрам». У прыватнасці, наша прадпрыемства пазнаёміць наведвальнікаў з шырокім асартыментам уласнай прадукцыі. ААТ «Стужка» з’яўляецца адным з найбуйнейшых вытворцаў тэкстыльнай галантарэі ў рэспубліцы, выпускае стужкі розных відаў, гардзінныя палотны, абрусы, сурвэткі, пакрывалы, ручнікі, камплекты штор. Выставу таксама плануюць наведаць прадстаўнікі ААТ «Магатэкс».
Са складу Беларускага дзяржаўнага канцэрна па вытворчасці і рэалізацыі тавараў лёгкай прамысловасці выключана сем прадпрыемстваў, у тым ліку два па Магілёўскай вобласці. Адпаведнае рашэнне замацавана пастановай урада ад 31 снежня 2019 года № 964, паведамілі ў прэс-службе беларускага ўрада. Савет Міністраў выключыў са складу «Беллегпрама» ТАА «Трыкатажная фабрыка “Арэола”», закрытыя акцыянерныя таварыствы «Фабрыка галаўных убораў “Людміла”» і «Гандлёвы Дом “Прамень-М”», адкрытыя акцыянерныя таварыствы «Верас», «Мотэкс», «Бабруйская абутковая фабрыка» і «Кажэўнік».
Пяць беларусак, паводле інфармацыі Міжнароднай асацыяцыі лёгкаатлетычных федэрацый (World Athletics), уключаны ў сусветную эліту жанчын-марафонцаў. Сярод іх прадстаўніцы Магілёўскай вобласці Ніна Савіна і Кацярына Карніенка.
Прамую тэлефонную лінію правядзе 4 студзеня кіраўнік спраў Магілёўскага аблвыканкама Рыгор Аляксандравіч Варонін. З 9.00 да 12.00 па нумары (8 0222) 50-18-69 ён адкажа на пытанні жыхароў Прыдняпроўскага краю.
Апоўдні 7 студзеня жыхароў абласнога цэнтра і гасцей горада на цэнтральнай сцэне Пячэрскага лесапарку чакае тэатралізаваны паказ, забаўляльная праграма з жартамі, прымаўкамі, анекдотамі, рухомымі гульнямі, танцамі і віктарынамі.
У гонар Раства Хрыстова ў Палацы культуры вобласці 7 студзеня пройдуць кірмаш вырабаў ручной працы, дзіцячы ранішнік, а таксама вялікі святочны канцэрт «Святло Раства», у якім прымуць удзел святары Магілёўскай епархіі, выхаванцы нядзельнай школы храма Святых Царскіх Пакутнікаў і ўсіх Новапакутнікаў XX стагоддзя, прафесійныя і аматарскія калектывы рэгіёна. Кірмаш і дзіцячы ранішнік пачнецца ў 12.00, канцэрт – у 14.00. Квіткі можна набыць у абразовай лаўцы храма Царскіх Пакутнікаў у парку Горкага.
Увесь студзень у працоўныя дні з 7.00 да 16.00 на падрыўной пляцоўцы палігона «Асіповіцкі» вайсковай часці 12147 праводзяцца планавыя падрыўныя працы. За гадзіну да пачатку падрыву тут падымаецца чырвоны сцяг і выстаўляецца ачапленне, за 10 хвілін падаецца ўмоўны гукавы сігнал аўтамабіля або ўдары ў гільзу працягласцю 2–3 хвіліны. У адзначаны час катэгарычна забараняецца з’яўленне людзей, праезд тэхнікі, выгул жывёлы і правядзенне сельгасработ на тэрыторыі палігона радыусам не менш за 2 км.
У тэлевізійны эфір Магілёўскай вобласці 4 студзеня 1989 года выйшаў першы выпуск інфармацыйнай праграмы «Дзень вобласці». З гэтага дня пачалася самастойная праца абласнога тэлебачання. Аб стварэнні абласной студыі тэлебачання на Магілёўшчыне задумаліся яшчэ ў канцы 1960-х.; тады ж вызначылі, у якім будынку яна размесціцца –на вуліцы Першамайскай, 83. Тут тэлестудыя знаходзіцца і сёння.
УУС Магілёўскага аблвыканкама сумесна з гімназіяй № 3 горада Магілёва плануюць стварыць у 2020 годзе профільны юрыдычны клас на базе ўстановы адукацыі. Прэзентацыя сумеснага праекта пройдзе ў гімназіі (вул. Ленінская, д. 41) 18 студзеня ў 10.00. Для ўдзелу арганізатары запрашаюць навучэнцаў 7 класаў устаноў адукацыі Магілёва і вобласці. Школьнікаў чакаюць зносіны з аператыўнікамі крымінальнага вышуку, наркакантролю і службы БЭЗ, інспектарамі ДАІ і байцамі АМАП УУС.
За студзень-лістапад 2019 года ў кансалідаваны бюджэт Магілёўскай вобласці паступіла Br1 192,2 млн. Даходы ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года павялічыліся на 9%, або Br98,9 млн. у фактычным вылічэнні, паведамілі ў прэс-цэнтры інспекцыі МПЗ Магілёўскай вобласці. Найбольшыя сумы ў даходах бюджэту склалі паступленні падаходнага падатку –Br420,2 млн. (35,2%), падатку на дабаўленую вартасць – Br164,7 млн. (13,8%), падатку на прыбытак –Br111,2 млн. (9,3%), акцызаў – Br85,6 млн. (7,2%).