RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Аляксей Кушнарэнка: добрая традыцыя павінна перадавацца з пакалення ў пакаленне

На тэрыторыі мемарыяльнага комплексу «Лупалаўскі лагер ваеннапалонных» сёння ўдарна працавалі не толькі школьнікі. Супрацоўнікі РУП «Магілёўаблгаз» расчышчалі пляцоўку пад высадку газоннай травы. Напярэдадні на гэтым кавалачку зямлі, побач з помнікам воінам-вызваліцелям, яны ўстанавілі за свой кошт чатыры бетонныя пастаменты.

- Тут перапахавалі чырвонаармейцаў, паднятых падчас нядаўніх Вахт Памяці. Мы вырашылі добраўпарадкаваць пахаванні, крыху пазней дадамо на пастаменты мемарыяльныя таблічкі з імёнамі загінуўшых у баях, - удакладняе намеснік генеральнага дырэктара прадпрыемства Дзмітрый Балашэнка, які ўдзельнічаў у суботніку. - Гэта наша даніна памяці ўсім, хто не вярнуўся з вайны, наш фундуш у справу захавання гістарычнай памяці.

На гэтай жа пляцоўцы спрытна варочае рыдлёўкай сенатар, генеральны дырэктар ДВА па паліве і газіфікацыі «Белтопгаз», дэпутат Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў Аляксей Кушнарэнка:

- Хоць у сілу прафесійнай дзейнасці я працую ў сталіцы, для мяне гэта стала добрай традыцыяй - кожны год выходзіць на рэспубліканскі суботнік менавіта ў Магілёве, у сваёй выбарчай Алтайскай акрузе. Разам з моладдзю, з супрацоўнікамі РУП «Магілёўаблгаз» мы кожны год выбіраем адзін з двароў і займаемся добраўпарадкаваннем: устанаўліваем малыя архітэктурныя формы, рамантуем дзіцячыя пляцоўкі, наводзім парадак на зямлі. У гэтым годзе, улічваючы, што ён аб'яўлены Годам міру і стварэння, палічылі сваім абавязкам правесці суботнік у ранейшым складзе на знакавым месцы - Лупалаўскім лагеры ваеннапалонных. Знакавая яна не толькі для магіляўчан, але і для ўсіх беларусаў - Вялікая Айчынная прайшлася па кожнай сям'і. Мой дзед - Аляксей Мікалаевіч Пляханаў - сувязіст, прайшоў усю вайну, вызваляў Беларусь, быў паранены, мае баявыя ўзнагароды: ордэн Чырвонай Зоркі, медаль «За Адвагу». У гонар яго мяне і назвалі. Нашы прадзеды, дзяды, бацькі заплацілі вельмі высокую цану за Перамогу і перадалі нам краіну - мірнай, незалежнай. На пасляваенны момант - разбуранай, але імі ж адноўленай, паднятай з руін. Наш абавязак - прымножыць усё, што імі зроблена, і выхаваць моладзь у такім жа ключы - патрыётамі, каб яны выканалі сваю місію. І каб добрая традыцыя - павагі да Радзімы, подзвігу народа - перадавалася і далей з пакалення ў пакаленне.

СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая