RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Чым здзівіць гасцей свята «Александрыя збірае сяброў»

Сёлета «Купалле» традыцыйна збярэ гасцей на беразе Дняпра. З улікам эпідсітуацыі фестываль будзе доўжыцца адзін дзень – 10 ліпеня. Сімвалам рэспубліканскага свята абраны ручнік – тое, што суправаджае славянскага чалавека ад нараджэння да смерці, што сустракаецца ва ўсіх нашых культурных мерапрыемствах, святах. Такі сімвал дазволіць у поўнай меры раскрыць самабытную культуру беларускага народа, паказаць адзінства славянскай культуры і індывідуальныя асаблівасці кожнага з рэгіёнаў краіны.

У арганізатараў зараз гарачая пара. Яны імкнуцца выканаць усе запыты гасцей, рыхтуюць упадабаныя пляцоўкі і навінкі. На імправізаваных вуліцах размяшчаюцца гандлёвыя рады, гульнявыя атракцыёны, рэгіянальныя міні-павільёны. Тэматычныя пляцоўкі афармляюцца з улікам выкарыстання дзяржсімволікі і лагатыпа года народнага адзінства. Купальскі мюзікл «Вянок на вадзе», гала-канцэрт, сувеніры, горад майстроў, конкурсы і віктарыны... Тут кожны знойдзе занятак па інтарэсах.

Як растлумачылі на працоўнай нарадзе ў Магілёўскім аблвыканкаме, усю тэрыторыю свята падзеляць на некалькі асноўных пляцовак.

На малой сцэне праграма пачнецца ў 11.00 з канцэрта «Галасы будучыні». Тут выступяць юныя таленты Магілёўшчыны –выхаванцы прадзюсарскіх цэнтраў «Ступени», «Ангелы добра», заслужанага аматарскага калектыву Беларусі тэатра-студыі «Радуга» і салісты Магілёўскай абласной філармоніі.

У 12.15 у гледачоў будзе ўнікальная магчымасць назіраць сучаснае сузор’е талентаў прадстаўнікоў розных нацыянальнасцей, якія жывуць і працуюць у Сінявокай. Канцэрт «Люблю Беларусь» аб’яднае разам азербайджанцаў, беларусаў, індыйцаў, казахаў, карэйцаў, малдаван, украінцаў, цыган.

Працягнецца дзейства мюзіклам «Вянок на вадзе», у аснове якога – чароўная гісторыя пра каханне, сяброўства і вялікую сілу старажытнага скарбу, якая здарылася на беразе Дняпра.

Далей плануюцца выступленні творчых калектываў Палаца культуры Мінскага трактарнага завода, групы Jazz City Band, «Весялуха NEW&band».

У 17.00 на малой сцэне адбудзецца ўрачыстае адкрыццё рэспубліканскага свята «Купалле».

Пасля пройдзе паказ новых ільняных калекцый адзення беларускіх вытворцаў, якія ўваходзяць у склад канцэрна «Беллегпрам».

Працягне вечар выступленне ўладальніцы медаля Францыска Скарыны салісткі Магілёўскай абласной філармоніі Вольгі Гарнічар з праграмай «Неба над Магілеўшчынай», якое будуць суправаджаць дэманстрацыйныя палёты Магілёўскага аэраклуба. Тут задзейнічаюць самалёты Як-55. Яны пакажуць фігуры найвышэйшага пілатажу. Самым відовішчным стане момант, калі над Дняпром два з іх выведуць у паветры абрысы сэрца, а трэці па дыяганалі праніжа яго ўяўнай стралой. Яшчэ адзін лятальны апарат Ан-2 выкіне ў неба дзесяць парашутыстаў, адзін з якіх разгорне дзяржаўны сцяг плошчай амаль 730 кв. м і вагой каля 80 кг. Падорыць свой талент гледачу і заслужаная артыстка Беларусі Вікторыі Алешка, група «Галасы Зместа».

Завершыць працу канцэртнай пляцоўкі танцавальная шоу-праграма «Дыскатэка 80-90-х па-новаму!»з удзелам артыстаў Магілёўскай вобласці, найлепшых дыджэяў Беларусі (з 23.30 да 02.00).

На галоўнай канцэртнай пляцоўцы традыцыйна адбудзецца цэнтральная падзея фэсту –народнае шоу «Песні маёй краіны»(«Па заяўках жыхароў Александрыі»). У аснове гала-канцэрта –ідэя духоўнага адзінства грамадства. За адным сталом збяруцца сябры, якія абмяркуюць такія важныя каштоўнасці, як сям’я, духоўнасць, любоў. Сяброўскую гутарку будуць суправаджаць упадабаныя ўсім хіты. Дарэчы, плэйліст сфарміраваны зыходзячы з музычных пераваг жыхароў Александрыі. Здымачная група тэлеканала АНТ ужо запісала відэазаказы жыхароў аграгарадка розных узростаў і прафесій. Гэтыя людзі ўбачаць сябе на экране, будуць знаходзіцца ў глядзельнай зале. Музычныя блокі выведуць на экран для таго, каб можна было падпяваць.

Анансуецца, што ў канцэрце прыме ўдзел Прэзідэнцкі аркестр, зоркі беларускай эстрады Алёна Ланская, Жанет, Вікторыя Алешка, Уладзімір Громаў, Анастасія Масквіна, групы «Беларусы», «Верасы», ансамблі «Песняры», «Сябры» і іншыя. Таксама ў госці прыедуць Канстанцін Масковіч, Сярога, Алег Газманаў.

Дзейства будзе праходзіць на сцэне, па якой зусім нядаўна хадзілі зоркі расійскай эстрады, яе выкарыстоўвалі падчас узнагароджанняў «Прэміі МУЗ-ТБ». Упершыню яна будзе круціцца, ствараючы 3D-эфект. У цэнтры ўстановяць паваротную пляцоўку дыяметрам 9 метраў, на сцэне святлодыёдныя экраны, якія будуць служыць дэкарацыямі і адначасова выконваць ролю шырмы для падрыхтоўкі наступных нумароў.

Астатняя частка тэматычных пляцовак размесціцца на тэрыторыі «Купальнага поля». Адна з галоўных –выстава-кірмаш «Ручнік народнага адзінства». Сёлета свае творы прадставяць каля 800 удзельнікаў. Прыедуць сябры з Дагестана, Чарнігаўскай і Івана-Франкоўскай абласцей Украіны, упершыню – дэлегацыя з далёкага Камчацкага краю.

На трох радах-вуліцах вобласці і Мінск прадставяць экспазіцыі з прэзентацыяй старажытных і рэканструяваных ручнікоў. Тут таксама пройдуць віктарыны, конкурсы, народныя гульнявыя атракцыёны, розыгрышы купальскіх латарэй, тэатралізаваныя дзействы з удзелам творчых груп, выступленні самадзейных калектываў, будуць працаваць фотазоны. Ткачыхі на аўтэнтычных станках XVIII–XIX стагоддзяў правядуць майстар-класы па вырабе ручнікоў з узорамі і вышыўкай.

Так, у экспазіцыях Магілёўшчыны можна будзе ўбачыць ручнікі кожнага раёна, работы ўдзельнікаў і пераможцаў абласнога конкурсу дэкаратыўна-прыкладной творчасці «Ручнік як шлях жыцця чалавека». Спаборніцтва праходзіла на працягу года і завершыцца на свяце. Паміж павільёнамі настрой будуць ствараць абрадавыя творчыя калектывы і гурты, пераможцы і ўдзельнікі абласнога фестывалю фальклорнага мастацтва «Скарбніца Падняпроўя», конкурсу гарманістаў і выканаўцаў прыпеўкі «Падняпроўскі гармонік».

На чацвёртым радзе размесціцца выстава-продаж «Народныя майстры ў адзінстве». Тут прэзентуюць сувенірную прадукцыю, адбудуцца майстар-класы па народных рамёствах.

Побач з выставай-кірмашом будзе працаваць забаўляльна-гульнявая пляцоўка «У гасцях у казкі» Магілёўскага абласнога тэатра лялек. Для гледачоў акцёры рыхтуюць яркую праграму: вулічны перфоманс з удзелам роставых лялек, тэматычную зону з казачнымі персанажамі, спектакль «Медзведзяня Рым-Цым-Цы». На працягу дня музычную казку-гульню прадэманструюць два разы –а 15.00 і а 17.30. Паказы будуць праходзіць пад падстрэшкам на адкрытым паветры.

Недалёка размесціцца пляцоўка сямейнага сельскагаспадарчага праекта «Уладар сяла». 10 ліпеня тут пройдзе другі дзень фіналу. Сем’і паспаборнічаюць у конкурсе-прэзентацыі «Сямейны абрад», візітнай картцы«Сардэчна запрашаем да нас!», а таксама інтэлектуальным конкурсе і жартоўнай сельскай эстафеце «Працуем у камандзе». За Магілёўскую вобласць выступіць шматдзетная сям’я Уладзіміра і Крысціны Пагодзіных з аграгарадка Камсенічы Круглянскага раёна.

На маладзёжнай пляцоўцы «Талака» адбудзецца прэзентацыя прафесійна-тэхнічных і вышэйшых устаноў адукацыі Магілёўскай вобласці, дэманстрацыя экспазіцый найлепшых экспанатаў дэкаратыўна-прыкладной і тэхнічнай творчасці, пройдуць інтэрактыўныя гульні, спартыўна-забаўляльныя мерапрыемствы, квэсты. Да прыкладу, Беларуска-Расійскі ўніверсітэт запросіць на танцы з робатамі, МДУ імя А. А. Куляшова прывязе земляка, імя якога ўпісана ў Кнігу рэкордаў Гінеса. Ноу-хау прадставіць Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт харчовых і хімічных тэхналогій: у ВНУ распрацавалі формулу, дзякуючы якой за месяц валасы могуць вырасці на 20 сантыметраў. Тут жа Саюз пісьменнікаў Беларусі правядзе прэзентацыі новых выданняў, сустрэчы з чытачамі і афтограф-сесіі, масцітыя і юныя паэты будуць чытаць вершы. Гарадскія медыяхолдынгі «Веснік Магілёва» і «Бабруйскае жыццё» прадставяць «Моладзевы прэс-цэнтр «Александрыя-2021», дзе арганізуюць майстар-класы па здымцы ролікаў, вядзенні блогаў, каналаў у сетцы інтэрнэт і інш. Акрамя гэтага, свае пляцоўкі ўладкуюць рэканструктары: хлопцы з Мінска прадставяць вопратку, зброю і прадметы салдацкага побыту часоў Першай і Другой сусветных войнаў.

Знойдзецца на свяце месца і для аматараў рухомага адпачынку. На спартыўнай пляцоўцы будзе працаваць дзіцячая лёгкаатлетычная паласа перашкод, запланаваныя спартыўна-забаўляльныя конкурсы (кальцакід, хадулі, рагатка, набіванне мяча, скакалкі, абручы), гульні, майстар-клас па варкаўце.

Ужо традыцыйна на пляцоўцы «Свята цырка» цырк-шапіто пакажа тры спектаклі – а 13.00, 16.00, 18.30. Побач размесцяцца атракцыёны. А пляцоўку «Зроблена ў Беларусі» зойме прадукцыя і сувеніры Мінскага трактарнага завода.

Свята пройдзе не толькі на асноўнай тэрыторыі. Так, у Александрыйскай сярэдняй школе арганізуюць экспазіцыю «Тканае неба Александрыі». Тут будзе прадстаўлена невялікая, але вельмі самабытная калекцыя з дванаццаці посцілак. У свой час гэтыя вырабы мелі ўтылітарнае прызначэнне: імі засцілалі ложкі. У асобных выпадках, калі посцілка была вельмі яркая і святочная, – вешалі на сцяну, каб зрабіць інтэр’ер ярчэйшым і цікавейшым. У побыце беларусаў посцілкі атрымалі шырокае распаўсюджванне досыць позна, у канцы XIX–пачатку XX стагоддзяў. Менавіта ў гэты час з’явіліся анілінавыя фарбавальнікі для тканіны. У кожным рэгіёне вырабы адрозніваліся сваімі лакальнымі асаблівасцямі. Напрыклад, адзнакай вырабаў Магілёўскай вобласці стаў іх узор –разнастайная па памерах і розных канфігурацыях клетка.

Тэматычнае свята «Дзень адкрытых дарог», прысвечанае 85-годдзю з дняўтварэння Дзяржаўтаінспекцыі, адбудзецца з 16.00 да 18.00 на пляцоўцы каля вучэбна-спартыўнага цэнтра «Александрыя». Тут запланавана вялікая канцэртная праграма, выстава рэтрааўтамабіляў, а таксама сучаснага аўтатранспарту ДАІ. Для дзяцей пройдуць розныя віктарыны і конкурсы, у тым ліку малюнкаў на асфальце. Сюрпрызам для маленькіх гасцей стане магчымасць размаляваць фарбамі сапраўдны белы аўтамабіль. Адным з самых яркіх момантаў будзе флэшмоб, дзе 50 інспектараў ДПС выступяць на адкрытай пляцоўцы. З дапамогай харэаграфіі і руху жазлоў яны візуалізуюць лічбы і літары: ДАІ, 85 і 6 (шосты рэгіён).

Як заўсёды, на свяце будзе чым падсілкавацца. У гандлёвым абслугоўванні прыме ўдзел каля 120 суб’ектаў гаспадарання, будзе арганізавана больш за 2 тыс. пасадачных месцаў. Усіх аб’яднае адзіны квартал «Гандлёвыя суполкі», які расцягнецца на 1,4 км. Кожная вобласць і Мінск прадставяць прадукцыю вядучых прадпрыемстваў. Праца гандлёвых радоў запланавана да 2 гадзін ночы.

Важны аспект маючага адбыцца свята –эпідэміялагічная бяспека як удзельнікаў «Купалля», так і гасцей. Дэталёвая праца праведзена з тымі, хто будзе абслугоўваць людзей: праверана наяўнасць санітарных кніжак, праведзены абавязковы медагляд. Абслугоўваючы персанал будзе ў ахоўных масках, там, дзе неабходна– у пальчатках. Усюды ўстановяць санітайзеры. У артыстаў, якія будуць выступаць, ёсць даведкі, што яны не хварэюць на каранавірус. Гасцей свята таксама просяць не забываць аб масках, выкананні сацыяльнай дыстанцыі і правілах гігіены.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая