RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Да 25 сакавіка сельгастэхніка да вясновых палявых работ павінна стаяць на лінейцы гатоўнасці

Рэстаўратары школы МТЗ

У рамонтным цэху ААТ «Задняпроўскі міжрайаграсэрвіс» кіпіць праца нават у суботу. Да пасяўной рукой падаць – тэхніка ў сельгаспрадпрыемствах патрэбна ў поўнай гатоўнасці і ў тэрмін. На зіму ў рамонт паступіла каля 80 энерганасычаных трактароў, з іх сваім ходам змаглі дабрацца толькі тры машыны. Зараз больш за палову ўжо на хаду, каля двух дзясяткаў у працы. Дырэктар «Задняпроўскага міжрайаграсэрвісу» Алег Грудаў тлумачыць, што дэбіторская запазычанасць кліентаў-сельгаспрадпрыемстваў, перабоі з пастаўкамі імпартных запчастак адбіліся на тэмпах рамонту:

– Але нашы работнікі разумеюць, якая на нас адказнасць. Каб паспець да старту пасяўной, перайшлі на падоўжаны працоўны дзень. У нас высокакваліфікаваныя вопытныя кадры – каля 70 працэнтаў з вышэйшай адукацыяй. Прадпрыемства – тэхнічны цэнтр найбуйнейшых вытворцаў, такіх, як «МТЗ», «Гомсельмаш», «Смаргонскі агрэгатны завод». Энерганасычаная тэхніка ў рамонце і тэхабслугоўванні патрабуе высакакласных электроншчыкаў і не толькі. Зараз набіраем таксама і талковых механізатараў, зарплату гарантуем годную. Па даручэнні старшыні аблвыканкама Анатоля Ісачанкі ствараем механізаваны атрад – тэхпадмацаванне для сельгаспрадпрыемстваў вобласці.

Іван Галаўнёў разам з двума таварышамі прайшлі кастынг для працы ў мехатрадзе. Кожны дзень іх дастаўляюць з Быхава. Пяць энерганасычаных трактароў і сем плугоў для мехатрада будуць закупляцца ў лізінг. А другая частка – гэта машыны, якія літаральна стаялі пад плотам у сельгаспрадпрыемствах. Іх «Задняпроўскі міжрайаграсэрвіс» забраў за кошт доўгу і адрамантаваў. Іван Галаўнёў рамантуе якраз такі МТЗ 3022, яму ж на ім і араць:

– Трактар 2009 года выпуску, але яго тэхнічны стан больш апраўданы не узростам, а адсутнасцю гаспадарскай рукі. Я прыехаў зарабляць, таму я і перабраў рукамі кожную гайку – гэта мой карміцель.

Па падліках спецыялістаў, рэстаўраваныя энерганасычаныя трактары разы ў чатыры таннейшыя, чым з канвеера. Незалежна ад «дыягназу» жалезнага каня, які быў пастаўлены ў сельгасарганізацыі, кожную машыну разбіраюць да апошняга болціка, ліквідуюць усе непаладкі, а затым зноўку збіраюць, як канструктар. Тут працуюць не проста майстры, а сапраўдныя рэстаўратары. Аляксандр Перабінос з напарнікам прайшлі навучанне на трактарным заводзе, каб удваіх спраўляцца з задачамі любой складанасці на ўчастку па рамонце вузлоў і агрэгатаў. На іншым участку – па рамонце гідраўлічнага абсталявання – выпускнік БДСГА Сяргей Стацэнка:

– Я праграміст, інжынер, электроншчык ў адной асобе. У мяне на ўзбраенні дыягнастычнае абсталяванне, стэнд, ноўтбук для перапрашыўкі блока электроннага кантролю. Відавочна, што такога абсталявання і спецыялістаў на месцах няма. У нас ёсць яшчэ 15 мабільных брыгад, якія з неабходным абсталяваннем раз’ехаліся перад пачаткам пасяўной па сельгаспрадпрыемствах. Іх задача – правесці тэхабслугоўванне ўсіх энерганасычаных трактароў.

У рамонтным цэху працуе нават... шахцёр. Сяргей Картамышаў тры гады таму прыехаў у Беларусь з сям’ёй з Данецка:

– Тут мне дапамаглі з інтэрнатам, заробак годны. Калісьці я скончыў каледж па спецыяльнасці «электраслесар», цяпер веды спатрэбіліся. Асвоіў і рамонт трактароў, і шынамантаж. Галоўнае, ёсць упэўненасць у заўтрашнім дні, таму што ўсе сілы кінутыя на агульную мэту – вырасціць хлеб.

Да 25 сакавіка сельгастэхніка да вясновых палявых работ павінна стаяць на лінейцы гатоўнасці. У камітэце па сельскай гаспадарцы і харчаванні Магілёўскага аблвыканкама для гэтага прымаюцца ўсе меры.

СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая