RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Дырэктар «Крычаўцэментнашыфера» аб сітуацыі з экспартам: мы будзем працаваць у любых умовах

Мы будзем працаваць у любых умовах. Такое меркаванне па пытанні пераарыентацыі рынкаў збыту і магчымага зніжэння экспартных паставак выказаў генеральны дырэктар ААТ «Крычаўцэментнашыфер» Уладзімір Карчэўскі.

«Прадпрыемства працуе ў штатным рэжыме, сыравінай мы забяспечаны ў поўным аб’ёме, заробак выплачваецца своечасова, – падкрэсліў Уладзімір Карчэўскі. – У 2021 годзе пасля рэканструкцыі мы загрузілі вытворчасць на 100% магутнасці. Мінулы год склаўся для нас больш чым удала: выпусцілі больш за 1,5 млн т цэменту, 40% якога пайшло на экспарт – Расія, Прыбалтыка, Польшча і іншыя краіны. Цяпер сітуацыя складваецца такім чынам, што пераарыентацыя рынкаў збыту і магчымае зніжэнне экспартных паставак – чаканы працэс. Аднак мы гатовыя і будзем працаваць у любых умовах».

За 2 месяцы бягучага года ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага тэмп росту вытворчых паказчыкаў склаў 112,3%. Адгрузка за студзень-люты таксама павялічылася да 114,5%. Тым не менш, назіраецца зніжэнне экспарту за кошт санкцый Еўрасаюза, якія заключыліся ў адкліканні сертыфікатаў на прадукцыю беларускай вытворчасці. Цяпер Польшча і Прыбалтыка выпалі з ліку пакупнікоў «Крычаўцэментнашыфера».

«Гэта не гаворыць пра тое, што сітуацыя выйшла з-пад кантролю, выйсце ёсць заўсёды, – выказаў упэўненасць Уладзімір Карчэўскі. – У адпаведнасці з планамі мы забяспечаны заяўкамі на вытворчасць цэменту на найбліжэйшыя 3 месяцы, растуць продажы нашай прадукцыі ўнутры краіны. Спажыўцамі цэменту з’яўляецца 6 нашых заводаў жалезабетонных вырабаў. Таму ўпэўнены, што гэта сітуацыя не крытычная, проста праца будзе арганізавана трохі ў іншых умовах. У нашага прадпрыемства ёсць і жаданне, і магчымасці для далейшага развіцця».

ААТ «Крычаўцэментнашыфер» уваходзіць у холдынг «Беларуская цэментная кампанія» і з’яўляецца адным з найбуйнейшых прадпрыемстваў па вытворчасці будматэрыялаў. З 2013 года завод вырабляе цэмент па сухім спосабе. На новай лініі ўстаноўлена высокатэхналагічнае абсталяванне, якое дазваляе атрымліваць прадукцыю высокай якасці, якая адгружаецца россыпам чыгуначным і аўтамабільным транспартам. У акцыянернае таварыства ўваходзіць 6 філіялаў у Брэсцкай, Віцебскай, Гомельскай, Мінскай і Магілёўскай абласцях. Асаблівай папулярнасцю сярод пакупнікоў карыстаюцца цэмент, дарожныя і аэрадромныя пліты, стойкі лініі электраперадачы. У ліку спажыўцоў – будаўнічыя, рамонтна-будаўнічыя і гандлёвыя арганізацыі, домабудаўнічыя камбінаты, заводы жалезабетонных вырабаў і сілікатных матэрыялаў.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая