RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Дзінара Алімбекава аформіла адзін з найлепшых стартаў сезона для беларускага біятлона і гатовая да большага

Гонкі ў Кантыялахці паднялі Дзінару Алімбекаву на рэкордную пазіцыю ў заліку Кубка свету

З такім аптымізмам беларускія біятланісты сезон не пачыналі ўжо даўно. Пасля двух этапаў Кубка свету найлепшая ў складзе беларускай каманды – Дзінара Алімбекава – значыцца на чацвёртым радку агульнага заліку Кубка свету! І такія вынікі ўжо наўрад ці можна патлумачыць удалым збегам абставінаў.

Першыя гонкі сезона ў біятланістаў заўсёды ў некаторай ступені рулетка. Усе падыходзяць да Кубка свету ў розным стане, ва ўсіх па-рознаму праходзіць «укатка». Таму і да поспехаў беларускіх спартсменак на першым этапе цяперашняга сезона многія ставіліся насцярожана. Радаваліся, але з аглядкай на тое, што казка можа скончыцца. Прэцэдэнты ўжо былі. Але не гэтым разам. Так, спаборніцтвы другога этапа зноў праходзілі ў фінскім Кантыялахці. Пандэмія, нагадаем, прымусіла арганізатараў сабраць пачатковыя этапы парамі ў «бурбалкі». Але наўрад ці гэта магло неяк паўплываць на размеркаванне месцаў на фінішы. З пяці праведзеных у Фінляндыі стартаў Дзінара Алімбекава можа ганарыцца ўсімі. Уключаючы эстафету.

Першая ў сезоне камандная гонка для беларускай зборнай склалася не лепшым чынам. Па-першае, намазалі звыш усякіх нормаў. Па-другое, зноў узнялі пытанне аб сітуацыі з Ірынай Крыўко, якая яшчэ нядаўна лічылася лідарам каманды. Упершыню за доўгія гады Іра папросту не апынулася ў складзе эстафетнай чацвёркі: Ганну Солу і Ірыну Кручынкіну трэнеры палічылі найлепшай альтэрнатывай. І, здаецца, памыліліся. Кручынкіна зарабіла два штрафныя кругі, Сола – тры. Зрэшты, усе гэтыя перашкоды толькі адцянялі выступ Дзінары.

Ірыну Кручынкіну на другі этап эстафеты біятланістка з Чавусаў адправіла першай. І гэта ў спрэчцы з Джаанай Скотхайм, Анаіс Бескон, Ванесай Хінц і Лізай Вітоцы! Прычым візуальна Алімбекава выглядала нават больш упэўнена, чым у той эстафетнай гонцы, якая ў 2018 годзе прынесла ёй тытул алімпійскай чэмпіёнкі. З адкрытай прыкрасцю ўспрымаўся і фініш беларускі ў гонцы пераследу. Пасля ўсяго, што яна ўжо паспела паказаць у Фінляндыі, ад яе пачынаюць падсвядома чакаць траплення на п’едэстал. Ад яго Дзінару аддзяліла менш за 20 секунд. Для параўнання: у мінулым сезоне Ірыне Крыўко ўдалося заехаць у топ-10 у асабістых гонках на этапах Кубка свету толькі тройчы. Першы трэнер Алімбекавай Марыя Шыпікава, якая да гэтага часу пільна сачыла за падзеямі ў кар’еры вучаніцы, разважае, што цяперашні сезон можа стаць вызначальным у кар’еры спартсменкі:

– Мы абмяркоўвалі сітуацыю з сённяшнім асабістым трэнерам Дзінары Андрэем Івановым і прыйшлі да высновы, што Алімбекава раней проста не магла раскрыць усіх сваіх магчымасцяў. Прычын было шмат. Пачынаючы з траўмы рукі, якая доўгі час, відавочна, замінала спартсменцы, і заканчваючы адказнасцю дзяўчыны. Дзінара адчувала, што можа выступаць лепш, і пры гэтым вельмі старалася не падвесці. Гэта адказнасць на яе ціснула. У гэтым жа годзе Алімбекавай, відаць, удалося вырашыць праблемы са здароўем. Пры гэтым яна аказалася не вельмі моцна схільная перападам у падрыхтоўцы, звязаным з закрыццём межаў. Каманда была сабрана разам, усе пад наглядам, змаглі пазбегнуць праблем са здароўем, што аказалася вырашальным фактарам у падрыхтоўцы. Алімбекава зараз выглядае вельмі эфектыўна, яна адчула ўпэўненасць у сваіх сілах і зараз напэўна будзе старацца максімальна выкарыстоўваць гэты стан у маючых адбыцца гонках. Шкада, што Іра Крыўко на старце сезона адчувае сябе значна горш, чым можна было б чакаць. Калі ацэньваць агульную сітуацыю, у «Раўбічах» можна добра падрыхтавацца да сезона, а лыжаролеры на гэтай стадыі – дастаткова эфектыўная замена лыжам.

З гэтай жа серыі і вынікі мужчынскай часткі каманды. Да п’едэстальных спадзяванняў хлопцы пакуль, праўда, не дабеглі, але пры гэтым прыемна радуюць стабільнасцю. Рэгулярныя пападанні ў топ-20, прычым не аднаго, а адразу некалькіх біятланістаў (на другім этапе ролю лідара ў Антона Смольскага перахапіў Сяргей Бачарнікаў, а Максім Варабей другі этап запар набірае ачкі), стала прыкметна стабільнай стральба, што выглядае добрым вынікам працы трэнерскага штаба. Эстафета, дзе кожны з траіх схапіў па штрафным коле, наўрад ці псуе агульную карціну. Каманда відавочна на хаду, і гэту акалічнасць варта прымаць у разлік пры падрыхтоўцы да будучых сезонаў. А заадно памятаць, што захоўваць форму і здароўе ва ўмовах пандэміі вельмі няпроста і фатальнай можа стаць нават кароткачасовая страта пільнасці. З Кантыялахці, дарэчы, біятланісты адправіліся ў нязвыклы для традыцыйнага еўрапейскага календара доўгі шлях – да другой «бурбалкі» цяперашняга сезона ў аўстрыйскім Хохфільцэне. Першыя гонкі там запланаваны на 11 снежня.

Дзмітрый Камашка, СБ, фота БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая