Сустрэча з прадстаўнікамі спорту, удзельнікамі ХХХІІІ летніх Алімпійскіх і XVII летніх Паралімпійскіх гульняў у Парыжы, ураджэнцаў Прыдняпроўскага краю, адбылася сёння ў Магілёўскім аблвыканкаме. У цырымоніі ўзнагароджання прынялі ўдзел кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта, упаўнаважаны прадстаўнік кіраўніка дзяржавы ў Магілёўскай вобласці Дзмітрый Крутой, памочнік Прэзідэнта - інспектар па Магілёўскай вобласці Леанід Мартынюк, старшыня аблвыканкама Анатоль Ісачанка, старшыня абласнога Савета дэпутатаў, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Аляксандр Гарошкін.
Ганаровымі граматамі і падзякамі Магаблвыканкама і абласнога Савета дэпутатаў адзначаны спартсмены Віялета Бардзілоўская, Сюзана Валадзько, Яўген Залаты, Ігар Бокій, трэнеры - Юрый Марозаў, Яўген Кусянкоў, Андрэй Шчамялёў, Наталля Пазнякова. Таксама Юрыю Марозаву і Андрэю Шчамялёву аб'яўлена Падзяка Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Дзмітрый Крутой павіншаваў алімпійскіх чэмпіёнаў і трэнерскі склад, падзякаваў за дасягнутыя поспехі і адзначыў, што напярэдадні значных дзяржаўных свят у рэспубліцы праходзіць цэлая чарада важнейшых мерапрыемстваў, звязаных не толькі са сферай эканомікі, адкрыццём важных сацыяльных аб'ектаў, але і з сацыяльнай сферай, у тым ліку , спартовай: «Безумоўна, нашая краіна была прадстаўленая найбольш малалікай камандай. Але кожны ваш поспех, кожны ваш медаль ад гэтага набылі абсалютна іншую каштоўнасць і іншае гучанне», - падкрэсліў ён.
«Было шмат размоў ехаць ці не ехаць з такімі абмежаваннямі, уціскамі, - расказаў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта. - Але Прэзідэнт адназначна сказаў, што будзем удзельнічаць, таму што любы поспех - гэта ўплыў на краіну, уплыў на людзей, на наша насельніцтва. Яно так і атрымалася. І можа быць, вы там у запале барацьбы не так адчувалі менавіта першыя моманты, першыя імгненні перамогі. Мы ж адчувалі тут, у Беларусі, уздым. І гэта лішні раз падкрэслівае высокую ролю спорту, спартсменаў, спартыўных дасягненняў. Цешыліся мы не толькі за нашых рабят-медалістаў, але і за тых, хто ўвайшоў у фінал, паказаў свой лепшы вынік, асабісты рэкорд. Гэта таксама вялікае пераадоленне і вялікае дасягненне ў цяперашніх няпростых умовах».
Па словах Дзмітрыя Крутога гэтыя перамогі кажуць аб тым, што дзяржава надае вялікую ўвагу спорту: «Мы не зрэзалі ніводнай праграмы, ніводнага рубля фінансавання нашых спартсменаў, асабліва - алімпійскіх відаў. Гэта сведчыць аб тым, што ў найскладанейшых умовах мы працягваем развіваць нашу справу. Зносіны пасля Алімпіяды з многімі федэрацыямі паказалі, і пра гэта яны гавораць практычна ў адзін голас, што цяпер назіраецца вельмі цікавая тэндэнцыя - падрасла тая генерацыя спартсменаў, якая з'яўляецца следствам сістэмнай работы дзяржавы ў спартыўнай сферы. І, канешне, мы чакаем што вось гэтыя незаконныя, несправядлівыя санкцыі, абмежаванні і забароны з боку Міжнароднага алімпійскага камітэта, сусветных федэрацый спорту будуць зняты і нашы спартсмены сябе пакажуць. Бо сёння на трэніроўках многія з іх дэманструюць сусветныя вынікі. З нецярпеннем чакаем паўнацэннага вяртання на сусветныя арэны, каб яшчэ раз паказаць, наколькі Беларусь насамрэч з'яўляецца значнай краінай у спорце.
У нас створана сур'ёзная база, ёсць план развіцця, ёсць топавыя спартсмены, на падыходзе - перспектыўная моладзь. Мы іх бачым, вядзем, забяспечваем жыллём, вырашаем літаральна ў ручным рэжыме любыя пытанні, жыццёвыя ў тым ліку. Таму з упэўненасцю магу сказаць, што спартоўцы ў нас не пакрыўджаныя, яны акружаныя клопатам дзяржавы і мы гатовыя ў любых жыццёвых абставінах падставіць плячо і зрабіць так, каб яны думалі толькі аб высокім выніку на спартыўных арэнах і аб спаборніцкіх праграмах», - сказаў на заканчэнне ён.
У сваім віншаванні Анатоль Ісачанка падкрэсліў, што на радзіме шчыра перажывалі за спартсменаў і ганарацца іх вынікамі: «Перажывалі мы, перажывалі вашыя родныя. Узысці на пастамент і атрымаць заслужаны медаль, сусветны медаль - гэта, сапраўды, подзвіг. Подзвіг ва ўсіх сэнсах гэтага слова: подзвіг для нашай краіны, подзвіг для чалавека, які займаўся, подзвіг для трэнера, які прыклаў усе намаганні, каб спартсмен дасягнуў такіх вышынь. Гэта вялізная праца, карпатлівая праца. Гэта гонар бацькоў, сем'яў, знаёмых, сяброў, блізкіх. Перапаўняе пачуццё гонару, пачуццё маналітнасці нашай, адзінства. Менавіта таму напярэдадні Дня народнага адзінства мы сустракаемся з вамі, каб выказаць словы вялікай удзячнасці і ў чарговы раз нагадаць, што заўсёды гатовы вас падтрымаць. Пад словам «мы» я маю на ўвазе ўсіх беларусаў, якія сапраўды перажываюць, ганарацца сваёй краінай і робяць усё, каб яна станавілася як мага лепшай і прыгажэйшай».
Выказаў словы ўдзячнасці і Аляксандр Гарошкін: «Паважаныя алімпійцы, трэнерскі штаб, родныя і блізкія, хачу ад імя ўсіх жыхароў Магілёўшчыны падзякаваць вам за вашу працу і, што самае галоўнае, за яе вынік. Менавіта дзякуючы вашай працы і гэтым вынікам ва ўсім свеце ведаюць аб тым, што маленькая, але гордая краіна па імені Беларусь можа перамагаць не толькі на палях бітваў, калі такое раптам спатрэбіцца, як гэта зрабілі нашы дзяды і прадзеды восемдзесят гадоў таму, але і перамагаць на спартыўных пляцоўках. Нягледзячы ні на якія абмежаванні, ні на якія забароны. Дзякуй вам вялікі - за Беларусь, за адзінства. І далейшых поспехаў на спартыўнай і жыццёвай ніве», – пажадаў ён.
Адказваючы на пытанні журналістаў, Андрэй Шчамялёў, трэнер сярэбранага алімпійскага чэмпіёна па акадэмічным веславанні Яўгена Залатога, пацвердзіў: «Вы маеце рацыю, мара кожнага трэнера - выхаваць чэмпіёна. Я не выключэнне. Асаблівых сакрэтаў няма, але на світанку маёй кар'еры старэйшы калега Васіль Фёдаравіч Папоў сказаў мне: «Андрэй, для трэнера галоўнае - цярпенне, цярпенне і цярпенне». Ён мае рацыю, і я з гэтым пунктам гледжання цалкам згодзен. Не бывае так, што добры трэнер, кепскі спартсмен і наадварот. Усё павінна супасці. Гэта тандэм - спартсмен і трэнер павінны знайсці адзін аднаго, каб дамагчыся высокіх вынікаў. Яўген -мэтанакіраваны, сумленны, справядлівы чалавек. Зусім хутка, ужо ў кастрычніку, пачынаем з ім новы цыкл падрыхтоўкі».
Сам жа спартсмен распавёў, што марыў аб алімпійскай узнагародзе з дзяцінства. Вось толькі не мог вызначыцца з відам спорту: «Мне ўсё падабалася. І так атрымалася, што першы ў гісторыі мужчынскага акадэмічнага веславання алімпійскі медаль прынёс я. Захапляюся сваёй камандай, якая мяне падтрымлівала. Два гады мы інтэнсіўна, мэтанакіравана рыхтаваліся. І на Алімпіядзе я зведаў моцныя эмоцыі, калі пасля спаборніцтваў узяў тэлефон у рукі і прачытаў словы балельшчыкаў, якія дзякавалі за гэты медаль. Таму запрашэнне на такія мерапрыемствы, як сёння, вельмі прыемна атрымліваць. Адчуваеш, што зрабіў нешта неверагоднае. Вядома, удзячны камандзе, родным, сябрам, усім знаёмым і незнаёмым за падтрымку. Пасля Алімпіяды людзі падыходзяць паразмаўляць. Цікава пачуць іх меркаванне», - дзеліцца Яўген Залаты.
Таксама спартсмен пажадаў усім, хто марыць пакарыць гэтую вышыню, каб яны імкнуліся з кожнай трэніроўкай станавіцца ўсё лепш: «Трэба разумець, што супернікі гэтак жа жадаюць выйграць вас, як і вы іх, і імкнуцца стаць мацней з кожным днём».
У той жа час яшчэ адна ўладальніца «срэбра» Алімпійскіх гульняў у скачках на батуце Віялета Бардзілоўская прызналася, што ўсведамленне перамогі ў поўнай меры не прыйшло нават да гэтага часу: «Праскочыла толькі на імгненне адразу пасля скачка, калі пачалі віншаваць. Што рабіць з медалём, яшчэ думаю, а пакуль ён захоўваецца ў сваёй каробачцы ў цэнтры залы. Некалькі разоў пазнавалі на вуліцы. Было нязвыкла, нечакана, але прыемна. Шлях да перамогі - заўсёды вельмі доўгі і цяжкі, праз які, я думаю, не ўсе пройдуць, але калі ёсць вялікае жаданне і працавітасць, то праз гэта абавязкова трэба прайсці, трэба верыць і наогул не здавацца ні ў якім разе», - падкрэсліла яна.
Юлія Таранава, фота Галіны Гаўрыловіч
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
23.04.2025 - 10:57
Адкрытае першынство па джып-спрынце «Дарогамі Перамогі» пройдзе 27 красавіка ў Бабруйскім раёне
18.04.2025 - 09:19
Магіляўчанка Сюзанна Валадзько заваявала бронзу чэмпіянату Еўропы па цяжкай атлетыцы
16.04.2025 - 09:26
«Барысфен» і «Гродна-93» перамаглі на фінішы рэгулярнага сезона чэмпіянату Беларусі
11.04.2025 - 12:34
Аліна Шаўчук стала чэмпіёнкай Еўропы па барацьбе ў вазе да 68 кг
10.04.2025 - 11:42
Бабруйчанка Аліна Шаўчук выйшла ў фінал чэмпіянату Еўропы па барацьбе