RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Дзякуючы маштабнай мадэрнізацыі торфапрадпрыемства «Дняпроўскае» нарошчвае вытворчасць

Залатыя зліткі

Мадэрнізацыя Быхаўскага торфапрадпрыемства закране літаральна кожны ўчастак сыравіннай і прамысловай зон.

Напярэдадні беларускія тарфянікі адзначылі свае «Дажынкі» – сезон здабычы закрыты, вынікі падведзены. Адзінае ў Магілёўскай вобласці торфапрадпрыемства «Дняпроўскае» здабыла больш за 150 тысяч тон торфу – напалову больш, чым летась. Дзякуючы маштабнай мадэрнізацыі завод выйшаў на якасна новы ўзровень развіцця. І попыт на прадукцыю стабільна расце.

Пытанне сямейнага дабрабыту

Сямейныя дынастыі тарфянікаў у вёсцы Гадылёва Быхаўскага раёна – справа звычайная. Гісторыя «Дняпроўскага» налічвае 70 гадоў, і калісьці сам населены пункт забудоўваўся пад рабочых. У Рамана Ганчарова на заводзе працуюць бацька і жонка. Раман, які паспеў зрабіць кар’еру ад слесара кацельні да начальніка змены, кажа, што вытворчасць працуе ў кругласутачным рэжыме:

– Трэба забяспечыць бесперабойнасць усіх звёнаў – ад сыравіннага аддзялення, куды торф дастаўляецца вагонамі з месца здабычы, да адгрузкі гатовых брыкетаў. Мадэрнізацыя брыкетнага завода вядзецца без спынення вытворчасці, мы нават нарасцілі аб’ёмы, а гэта нашы заробкі. Змяніліся і ўмовы працы. У гэтым цэху, да прыкладу, устанавілі сістэму абяспыльвання, стала лягчэй дыхаць – на нашай вытворчасці гэта актуальна.

Галіна Сударава сваё працоўнае месца называе сэрцам завода: яна аператар пульта кіравання. Бесперабойна працуюць транспарцёры, ідзе загрузка сыравіны – пульт старога пакалення інфармуе з дапамогай запаленых лямпачак. Хутка за тэхналагічным працэсам можна будзе назіраць па сучасных маніторах – гэта адзін з пунктаў мадэрнізацыі. На торфапрадпрыемства Галіна прыйшла 30 гадоў таму, тут жа працуе і муж, таму для яе перазагрузка вытворчасці – пытанне сямейнага дабрабыту:

– Скажу шчыра, былі гады, калі мы думалі, што прадпрыемства закрыюць: нічога не абнаўлялася, заробак затрымлівалі. Зараз паглядзіце на чаргу машын ля прахадной – нашы брыкеты нарасхват. Тое, што складзена ў біг-бэгі, – гэта экспарт. Розніца з тым, што было «да», істотная: уцепленыя фасады, замененыя вокны, адрамантаваныя санвузлы, душавыя, пакой прыёму ежы. Зараз на працоўным месцы прыемна і камфортна.

Наталля Ганчарова жартуе, што адной левай пераварочвае вагоны. Яна аператар сыравіннага аддзялення, куды па вузкакалейцы ў вагонах торф дастаўляюць з месца здабычы. Спецыяльнае збудаванне для разгрузкі – вагонаперакульвальнік – Наталля прыводзіць у рух націскам кнопкі. У ходзе мадэрнізацыі на гэтым участку з’явіўся капітальны навес, абнаўляюцца ўстаноўкі для механізаванай разгрузкі, аператарскае памяшканне таксама ў чаканні апгрэйду.

Заклад поспеху

Стаўленне да справы, да людзей дазваляе разлічваць на станоўчы вынік, устойлівае развіццё і шматгадовую перспектыву, перакананы дырэктар ААТ «Торфапрадпрыемства Дняпроўскае» Вадзім Паўловіч:

– Торф – гэта нацыянальны здабытак, і адносіцца да яго трэба беражліва.

Беларусь у пяцёрцы сусветных лідараў па яго здабычы. Запасаў торфу на нашым радовішчы «Зімнік» хопіць на 20 гадоў. Але ўжо сёння трэба працаваць над стварэннем сыравіннай зоны на перспектыву – будаваць новыя тарфяныя палі.

Праграмай комплекснай мадэрнізацыі тарфяных вытворчасцяў на перыяд з 2022 па 2025 год прадугледжана будаўніцтва і ўвод у эксплуатацыю каля 200 гектараў новых плошчаў.

Для асушэння радовішча пракладваецца сістэма адкрытых каналаў, а перад гэтым неабходна выкарчаваць з балоцістай мясцовасці дрэвы. Пасля заканчэння сезонных работ інфраструктура ўжо распрацаваных радовішчаў па-гаспадарску прыводзіцца ў парадак, тыя, хто працаваў на ўборачных машынах, пераходзяць у мехмайстэрні – рыхтаваць тэхніку да новага сезона. А вось тарфяная чыгунка працуе круглы год.

Праект мадэрнізацыі Быхаўскага торфапрадпрыемства за кошт сродкаў пазабюджэтнага фонду Міністэрства энергетыкі атрымаўся маштабным, тэхпераўзбраенне закране літаральна кожны ўчастак сыравіннай і прамысловай зон. Замянілі латковыя эстакады і размеркавальны транспарцёр над прэсамі, мадэрнізавалі лінію падрыхтоўкі торфу і тэхналагічнае абсталяванне вагонаперакульвальніка, адрамантавалі склад гатовай прадукцыі і кацельнае абсталяванне.

– Цікавасць да нашай прадукцыі стабільная, а прыбытак інвестуем у мадэрнізацыю, – Вадзім Паўловіч расказвае аб планах. – Прыярытэт – унутраны рынак.

Галоўнае – забяспечыць нашага спажыўца. Гэта насельніцтва, цэмзаводы, аб’екты сацыяльнай інфраструктуры і іншыя спажыўцы, якія выкарыстоўваюць наш брыкет у якасці паліва.

Атрымлівае развіццё і няпаліўная група: грунты для вырошчвання буякоў, гадавальнікаў лясгасаў. А экспарт – гэта бонус. Купляюць наш брыкет Польшча, Германія.

У адзін паліўны кошык энергарэсурсы складаць рызыкоўна – гэта даказаў цяперашні ацяпляльны сезон у Еўропе. Таму ў дзяржаўнай праграме энергазберажэння акцэнт робіцца на павелічэнні долі мясцовых энергарэсураў.

У Магілёўскім абласным упраўленні па наглядзе за рацыянальным выкарыстаннем паліўна-энергетычных рэсурсаў адзначылі, што па выніках мінулага года доля торфу, дроў, дранкі, адходаў лесанарыхтоўкі ў паліўна‑энергетычным балансе вобласці дасягнула запланаванага паказчыка 22 працэнты. Доля чыстай энергіі ветру і сонца пакуль параўнальна невялікая – 0,6 працэнта. Каля 60 працэнтаў у паліўным кошыку рэгіёна займае прыродны газ, 13 – вугаль. Гэтыя энергарэсурсы закупляюцца за валюту. Галоўнае, перакананыя энергетыкі, прытрымлівацца трох слупоў – эканоміка, экалогія і сацыяльная арыентацыя. Што тычыцца апошняга, то на прадпрыемстве «Аблпаліва» запэўнілі: торфапрадпрыемствы рэспублікі планавае заданне перавыконваюць, а запасаў дроў і торфабрыкетаў на складах хапае.

ДАРЭЧЫ

Запасы торфу ў Беларусі ацэньваюцца ў больш чым 2 мільярды тон.

СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая