RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Галоўны трэнер БК «Барысфен» аб перамозе ў Кубку Беларусі: нашы хлопцы праявілі вялізны характар і веру ў свае сілы

Магілёўская баскетбольная каманда «Барысфен» падчас фіналу Кубка Беларусі праявіла вялізны характар і веру ў свае сілы. Такім меркаваннем падзяліўся галоўны трэнер «Барысфена» Андрэй Крыванос.

«Мы верылі, разумелі, як нам трэба сабрацца. Хлопцы праявілі вялізны характар і моцную веру ў перамогу. Яны паказалі свой камандны дух, выканалі практычна ўвесь план на гульню, які быў пастаўлены. Дысцыпліна, жаданне перамагчы і даказаць, што моцны баскетбол ёсць і ў Магілёўскай вобласці, - усё гэта дапамагло дабіцца такога высокага выніку», - адзначыў ён.

Для магілёўскага баскетбола - гэта першы залаты медаль. «Гэта вялікая гісторыя, якую ў канцы адыходзячага года падарылі нам нашы хлопцы. Эмоцыі яшчэ не ўлягліся. Для нашых заўзятараў, для нашага рэгіёна - гэта вялікі гістарычны крок», - падкрэсліў ён.

Наперадзе ў рыцараў - насычаныя будні. «Мы кожны сезон пачынаем з таго, што ставім перад сабой вялікія задачы. Мы не выходзім проста пагуляць, не ідзем за 3-м, 2-м ці 4-м месцам. Мы заўсёды нацэлены на фінал, максімальна выкласціся і дабіцца высокага выніку, - расказаў Андрэй Крыванос. - Наперадзе яшчэ амаль палова чэмпіянату, які будзе дастаткова складаным. І патрапіць у плэй-оф будзе няпроста. Там ужо будзе зусім іншая гульня, бо вынік будзе залежаць не ад аднаго матча, а ад цэлай серыі гульняў».

Галоўны трэнер каманды павіншаваў усіх з Новым годам. «Я рады, што наша каманда змагла паднесці ўсёй вобласці такі цудоўны падарунак», - падсумаваў ён.

Паводле слоў дырэктара БК «Барысфен» Андрэя Котава, перамога магілёўскіх спартсменаў стала сапраўднай гістарычнай падзеяй, бо Кубак краіны ўпершыню прыехаў у Магілёўскую вобласць.

І перамога, зазначае Андрэй Котаў, не была простай. «Мы згулялі не 8 таймаў, як належыць, а 11. У першым паўфінале згулялі тры дадатковыя пяціхвілінкі, змаглі абгуляць гегемона беларускага баскетбола БК «Менск», - распавёў ён. - Так атрымалася, што зладжаны склад нашай каманды, праца трэнерскага штаба, медыцынскага персанала - усё паказалі сябе. Гэта перамога - заслуга ўсіх, хто мае дачыненне, пачынаючы ад кіраўніцтва вобласці і горада, заканчваючы нашымі масажыстамі і балельшчыкамі. Гэта агульны вялізны поспех».

Падчас паўфінальнай схваткі магіляўчане змаглі абгуляць мінскіх баскетбалістаў з лікам 108:102. Каманда з Мінска да гэтага моманту 14 разоў запар выйгравала Кубак краіны. У фінале «Барысфен» абышоў «Гродна-93» з лікам 83:75.

Намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама і старшыня Магілёўскай абласной федэрацыі баскетбола Руслан Страхар таксама павіншаваў усіх жыхароў рэгіёну з такой важнай спартыўнай падзеяй. «Гэта сапраўды гістарычная падзея. Мы разумеем, што за гэтым поспехам стаіць каласальная праца трэнерскага складу, самаахвярная барацьба нашых баскетбалістаў, якія сапраўды аддалі ўсе сілы на паркеце. І асобныя словы падзякі я хачу выказаць усім балельшчыкам. Нашы балельшчыкі самыя лепшыя, эмацыйныя і адданыя. Мы ўсе бачылі, і тыя, хто глядзеў трансляцыю, і тыя, хто быў на пляцоўцы падчас гульні, як невялікая група балельшчыкаў з Магілёва змагла перакрычаць іншыя групы падтрымкі. І я ўпэўнены, што тыя, хто глядзелі трансляцыю дома, хварэлі за нашых хлопцаў усім сэрцам, - падкрэсліў ён. - Я ўпэўнены, што каманда заслужыла гэтую перамогу, нашы заўзятары заслужылі гэтую перамогу і ўся Магілёўская вобласць заслужыла гэтую па ісціне легендарную перамогу».

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая