RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Гатоўнасць да ўводу першага ў Магілёўскай вобласці рэпрадуктара на 3,6 тыс. свіней складае амаль 50%.

Будаўніча-мантажныя работы па ўводзе свінагадоўчага рэпрадуктара на 3,6 тыс. галоў у Клімавіцкім раёне завершаны на 48%. Маштабны праект стане першым падобным комплексам на тэрыторыі Магілёўскай вобласці.

«Гатоўнасць аб’екта да ўводу складае 48%, ужо асвоена каля Br19 млн, – расказаў старшыня Клімавіцкага райвыканкама Міхаіл Дзямідаў. – Узведзены каркасы будынкаў, праведзены інжынерныя камунікацыі, пабудаваныя ачышчальныя збудаванні. Працэнт гатоўнасці некаторых аб’ектаў ужо дастаткова высокі, напрыклад, работы па ўводзе станцыі абезжалезвання выкананы на 95%».

Свінагадоўчы рэпрадуктар на 3,6 тыс. галоў асноўных свінаматак размясціўся на ўчастку плошчай 24 га ў раёне в. Гразівец. На рэалізацыю буйнога інвестпраекта выдзелена Br70 млн. З яго ўводам будзе створана каля 100 новых працоўных месцаў. Заказчыкам аб’екта выступіў Клімавіцкі камбінат хлебапрадуктаў. Па словах Міхаіла Дзямідава, на будаўніцтве рэпрадуктара працуюць 4 падрадныя арганізацыі, у тым ліку Клімавіцкая і Касцюковіцкая ПМК. Працы вядуцца актыўна, згодна з заяўленымі тэрмінамі. Будаўніцтва завершыцца па графіку 1 снежня.

Рэпрадуктар будзе вырабляць каля 90 тыс. галоў парасят штогод. Тут будуць разводзіцца такія высокапрадуктыўныя пароды, як дзюрок і ландрас. Іх будуць дарошчваць да 32–34 кг (гэта прыкладна 1,5-2 месяцы жыцця), а затым перадаваць для заключнага адкорму на дзеючы свінакомплекс «Сосны». Увод новага аб’екта дазволіць рэалізаваць сучасныя падыходы ў свінагадоўлі, калі ўзнаўленне і адкорм жывёл ажыццяўляюцца абсалютна на розных пляцоўках. Падзел біялагічных цыклаў дапаможа пазбегнуць вялікага ўрону ў выпадку распаўсюджвання масавых інфекцый. Акрамя таго, новыя тэхналогіі кармлення, вентыляцыі і брудавыдалення дапамогуць патанніць свініну і вырабленую з яе прадукцыю.

На тэрыторыі новага рэпрадуктара ўзвядуць каля 50 будынкаў і збудаванняў. Гэта 8 свінарнікаў па 168 м у даўжыню, у кожнага з якіх будзе сваё прызначэнне: для апаросу, абнасеньвання, утрымання супаросных свінаматак і парсючкоў. Будаўніцтвам таксама прадугледжаны станцыя перапампоўкі сцёкаў, будынак каранціну, пункт мыйкі і дэзынфекцыі транспарту з прахадной, рампа прыёму і адгрузкі свіней, навес для сельскагаспадарчых машын, кацельня, пляцоўка для адпачынку, дызельная электрастанцыя і трансфарматарная падстанцыя, забойны цэх. Побач з тэрыторыяй рэпрадуктара прадугледжаны воданапорная вежа, водазабор і станцыя абезжалезвання – па тэхналогіі свіному пагалоўю неабходная чыстая вада без прымешак.

«Будаўніцтва рэпрадуктара на тэрыторыі раёна мае вялікую значнасць, – падкрэсліў Міхаіл Дзямідаў. – Гэта новыя працоўныя месцы для людзей, дадатковая прадукцыя жывёлагадоўлі, а таксама перспектыўнае развіццё паўднёва-ўсходняга рэгіёну. Аб’ект маштабны і шматабяцальны, і калі ім правільна распарадзіцца, ён стане залогам поспеху не толькі Клімавіцкага раёна, але і ўсёй Магілёўскай вобласці».

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая