У заслужанага майстра спорту па вольнай барацьбе Ірыны Курачкінай шмат узнагарод, у тым ліку і самага высокага ўзроўню. Яна сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў - 2020, уладальнік бронзавага медаля чэмпіянатаў свету 2017, 2019 і 2024 гадоў, трохразовая чэмпіёнка Еўропы. А цяпер і лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта «Беларускі спартыўны Алімп».
Першыя крокі ў спорце ў Ірыны Курачкінай пачаліся з лёгкай атлетыкі. Але да яе ў Ірыны, як яна цяпер прызнаецца, душа не ляжала. «Мне больш падабаліся сілавыя практыкаванні: адцісканні, прэс, падняцце штангі. У дзяўчат з вольнай барацьбы адчувалася нейкая свая атмасфера, яны былі зараджаны на перамогу і высокія рэзультаты. Таму ў 16 гадоў перайшла да іх, адна са спартсменак трэніравала мяне. Пазней за мяне ўзяўся Артур Зайцаў і вывеў на сусветны ўзровень», - успамінае сярэбраны прызёр Алімпіяды.
Дасягаць вынікаў у новым відзе часта даводзілася праз слёзы і боль. Для пачатку Ірыне трэба было набраць патрэбную фізічную форму, дагнаць іншых барцоў, вывучыць прыёмы і эфектыўна іх выкарыстоўваць.
На першым жа сваім міжнародным старце ў Рызе спартсменка заваявала серабро. Не спыніла яе нават тое, што саперніца выкарыстала забаронены прыём. «Кожная хоча перамагчы! Тое, што ў іншым відзе спорту лічаць грубасцю, у вольнай барацьбе - норма. Але я не прывыкла мірыцца з нахабствам, таму, калі саперніца, ідучы на захоп, схапіла мяне за валасы, а суддзі не заўважылі парушэнне, я адказала тым жа. Проста іншых варыянтаў не заставалася. Яна тут жа адпусціла руку і мы прадоўжыі сумленную барацьбу», - расказвае Ірына.
У 2018 годзе яна стала чэмпіёнкай Еўропы ў вазе 55 кг, затым перайшла ў алімпійскую катэгорыю і пачала выступаць у вазе 57 кг. Прайшла адбор на ІІ Еўрапейскія гульні ў 2019 годзе ў Мінску, дзе выйграла золата. І з захапленнем успамінае тую атмасферу: «Гэта былі мае першыя спаборніцтвы такога грандыёзнага маштабу. Побач столькі вялікіх спартсменаў, якія раней здаваліся недасягальнымі! Гэта вельмі матывавала на поспех, я зрабіла ўсё, каб перамагчы. Дзякуючы гэтаму і стараннай падрыхтоўцы, у напружанай барацьбе залаты медаль дастаўся мне».
Пасля перамогі на першынстве свету ў 2018 годзе яна атрымала допуск да ўдзелу ў Алімпіядзе-2020 у Токіа. І там выйграла серабро, уступіўшы японцы ў фінальным паядынку па ачках. «Засмуцілася, вядома, што не змагла ўзяць золата. Але я зрабіла ўсё, што змагла, а сілы былі няроўныя - саперніца нагнала вагу перад схваткай, не хапіла моцы перамагчы яе. На ўзнагароджванні я расплакалася. Потым падумала: калі на гэты раз не склалася, паспрабую ў наступны», - гаворыць спартсменка.
Пуцёўку на Алімпіяду-2024 яна атрымала на турніры еўрапейскай кваліфікацыі ў Баку, але пабываць там так і не змагла - з-за санкцый яе не дапусцілі да Гульняў у Парыжы. Такая несправядлівасць з боку МАК стала для Ірыны ўзрушэннем. «У мяне нават прапала жаданне прыходзіць у залу і прадаўжаць займацца. Тады вельмі падтрымала сям'я, трэнеры, спартсмены і многія іншыя неабыякавыя людзі, - адзначае чэмпіёнка свету. - Калі эмоцыі супакоіліся, усё ж вярнулася ў залу. І зразумела, што не гатова пакінуць яе».
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
18.04.2025 - 09:19
Магіляўчанка Сюзанна Валадзько заваявала бронзу чэмпіянату Еўропы па цяжкай атлетыцы
16.04.2025 - 09:26
«Барысфен» і «Гродна-93» перамаглі на фінішы рэгулярнага сезона чэмпіянату Беларусі
11.04.2025 - 12:34
Аліна Шаўчук стала чэмпіёнкай Еўропы па барацьбе ў вазе да 68 кг
10.04.2025 - 11:42
Бабруйчанка Аліна Шаўчук выйшла ў фінал чэмпіянату Еўропы па барацьбе