RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Камандных дух, дысцыпліна і яднанне. Абласное свята «Магілёўская лыжня» прымалі ў Чавусах

Больш за 800 удзельнікаў і звыш дзесяці забегаў - абласное зімовае спартыўнае свята «Магілёўская лыжня» сустракалі 10 лютага на біятлонным комплексе ў Чавусах.

«Чавуская зямля дала шмат знакамітых спартоўцаў для нашай краіны, і тое, што сёння тут праходзяць спаборніцтвы, - яшчэ адзін крок да папулярызацыі спорту, - падкрэсліў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка. - Спорт - гэта не толькі фізічная актыўнасць, гэта яшчэ камандны дух, дысцыпліна, яднанне. Усё гэта неабходна ў нашай рабоце: адзін у полі не ваяр - у вырашэнні ўсіх пытанняў павінна прысутнічаць каманда. І сёння яшчэ адзін крок у яднанні ўсіх нашых структурных падраздзяленняў - не толькі аблвыканкама, але і райвыканкамаў, грамадскіх арганізацый, а таксама ўсіх тых, хто неабыякавы да спорту».

Удзельнікамі спаборніцтваў сталі каманды структурных падраздзяленняў Магілёўскага аблвыканкама, праваахоўных органаў і сілавых структур, гарадскіх і раённых выканаўчых камітэтаў, клубаў па гульнявых відах спорту і інш. У праграму лыжні ўвайшло некалькі відаў асабіста-камандных спаборніцтваў. Для аматараў лыжнага спорту таксама адбыліся масавыя старты: 11 забегаў сярод жанчын і мужчын працягласцю ад аднаго да трох кіламетраў. У якасці ўзнагарод самым хуткім і цягавітым - дыпломы, прызы і добрыя ўражанні.

Па словах начальніка ўпраўлення спорту і турызму Магілёўскага аблвыканкама Сяргея Новікава, умовы надвор'я для сённяшняй лыжні добрыя, ды і траса выдатная - бегчы лёгка нават навічку. Атмасфера свята таксама зараджае яркімі эмоцыямі і спаборніцкім духам. Мусіць, менавіта таму з года ў год спаборніцтва збіраюць усё больш удзельнікаў.

«У першай эстафеце стартавалі структурныя падраздзяленні Магілёўскага аблвыканкама, усяго 14 каманд, - адзначыў ён. - На першым этапе бегла кіраўніцтва, затым жанчыны, і ўжо потым - мужчыны. У наступнай эстафеце на лыжню выйшлі прадстаўнікі гарадоў і раёнаў вобласці, усе 23 каманды. Кожны сваім асабістым прыкладам паказаў, што выступае за здаровы лад жыцця і папулярызацыю лыжных гонак сярод падрастаючага пакалення».

Сяргей Новікаў таксама выказаў надзею, што свята стане запамінальнай падзеяй для кожнага ўдзельніка, і ўсе застануцца задаволены паказанымі на гонцы вынікамі. Таксама ён расказаў, што «Магілёўская лыжня» - своеасаблівы падрыхтоўчы этап перад вялікім і важным рэспубліканскім стартам: 2 сакавіка ў Раўбічах адбудзецца Прэзідэнцкая лыжня. І рэгіянальныя спаборніцтвы дазволяць адабраць лепшых лыжнікаў для ўдзелу ў гэтых забегах, дзе магілёўскай зборнай давядзецца абараняць спартыўны гонар усёй вобласці.

Пазітыўныя эмоцыі ад сённяшняй лыжні атрымаў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама Мікалай Сілкоў.

«Дыстанцыя выдатная, ды і спаборніцкі элемент дадаў эмоцый, - дзеліцца ён. - Вядома, можна на любых выхадных выйсці на лыжах і прайсціся для сябе, але тут - сапраўдны адрэналін і рызыка спаборніцтваў. Хварэеш сам за сваю каманду і калег, іншыя хварэюць за цябе, і агульны вынік залежыць ад кожнага. Выдатна, калі можна ў добрае надвор'е ў добрай кампаніі пабалець за сяброў і самому прыняць удзел у лыжні. Ёсць момант, калі пераборваеш сябе, імкнешся прайсці трасу лепш і ў выніку выкладваешся нават больш, чым мог бы. А яшчэ важная змена роду дзейнасці, гэта зараджае».

Прадстаўнікі апарата Магілёўскага аблвыканкама сталі пераможцамі эстафетнай гонкі, і гэты вынік прынёс неверагодныя эмоцыі: радасць, гонар і, канешне ж, адрэналін ад забегу. Удзельнікі «Магілёўскай лыжні» прызнаюцца, што яны заўсёды падтрымліваюць адзін аднаго і дапамагаюць ва ўсіх пытаннях - як у працоўных, так і ў асабістых. Такая пазіцыя дазваляе ўсяму калектыву дамагацца пастаўленых мэт, і кожнаму па асобнасці расці і развівацца ў абраным кірунку.

«У лыжні мы ўдзельнічаем ужо пяты год, і гэта - наша трэцяя запар перамога, - дзеліцца намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення арганізацыйна-кадравай працы - начальнік аддзела арганізацыйнага забеспячэння, працы з органамі мясцовага кіравання і самакіравання Магілёўскага аблвыканкама Аляксей Лаўранёнак. - Каманда аблвыканкама з году ў год планамерна рыхтуецца і адказна падыходзіць да гэтага мерапрыемства, бо гэта не толькі свята, але яшчэ і агульная і зладжаная праца ўсіх удзельнікаў. Для нас кожны новы прыз - гэта стымул да чарговай перамогі. Гэта аўтарытэт і значнасць, якія гуртуюць калектыў. Бо на лыжню выязджае не толькі каманда, але і група падтрымкі, нашы балельшчыкі. Свежае паветра і спартовая рызыка ўсім на карысць!»

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая