RU BY EN 中文
Twitter Instagram

«Кіраўск-СДЮШАР» стаў уладальнікам Кубка Беларусі па пляжным футболе

Спартсмены каманды «Кіраўск-СДЮШАР» услед за перамогай у чэмпіянаце Беларусі выйгралі і Кубак краіны.

Заключны этап кубкавага розыгрышу праходзіў у Шчучыне. У вырашальным паядынку за ганаровы трафей кіраўчане нечакана буйна абыгралі свайго галоўнага канкурэнта «Гроднааблспорт» з лікам 9:2. У паўфінале «Кіраўск-СДЮШАР»упэўнена перайграў «Шчучын» – 8:2, а гродзенская дружына з мінімальнай перавагай адолела ў авертайме сапернікаў з «Брэста»– 3:2. У канцы ліпеня каманда з Кіраўска ўпершыню стала ўладальніцай золата нацыянальнага першынства, перамогшы ў фінальнай серыі гродзенцаў.

Найлепшым гульцом розыгрышу Кубка Беларусі прызнаны Аляксей Свістаў («Гроднаблспорт»), найлепшым галкіперам стаў Уладзімір Усціновіч («Кіраўск-СДЮШАР»), сярод бамбардзіраў не было роўных яго партнёру па камандзе Антону Калошыну, які пяць разоў паражаў вароты сапернікаў.

Нацыянальная зборная Беларусі па пляжным футболе пад кіраўніцтвам вядомага іспанскага спецыяліста Нікаласа Альварада рыхтуецца да суперфіналу Еўралігі-2020, які пройдзе з 1 па 6 верасня ў партугальскім Назарэ.

Плануецца, што за ўзнагароды паспрачаецца 12 зборных дывізіёна А, у ліку якіх і Беларусь. Каманды будуць размеркаваны на тры групы па чатыры зборныя. У чвэрцьфінал выйдзе па дзве найлепшыя дружыны кожнай з груп, а таксама дзве найлепшыя зборныя з тых, якія занялі трэція месцы. Па выніках цяперашняга кароткатэрміновага сезона ні адна з каманд дывізіёна А не вылеціць у дывізіён В. Такім чынам, у 2021 элітны дывізіён Еўралігі будзе пашыраны да 16 нацыянальных зборных. Зборная Беларусі апошнім часам упэўнена ўваходзіць у лік найлепшых на кантыненце – у 2018 і 2019 гадах беларусы займалі 5-е месца ў Еўралізе.

БЕЛТА
 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая