RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Леанід Мартынюк: калі мы гаворым пра лічбы, трэба разумець, што за імі стаяць здароўе і жыццё людзей – гэта самае дарагое

Пасяджэнне калегіі галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя аблвыканкама прайшло 3 красавіка ў Магілёве. Удзел у ім прынялі памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь - інспектар па Магілёўскай вобласці Леанід Мартынюк, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Аляксандр Гарошкін, галоўны дзяржаўны санітарны ўрач вобласці Святлана Нячай, у рэжыме відэасувязі падключыўся да работы намеснік міністра аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Юрый Горбіч. А таксама прадстаўнікі структурных падраздзяленняў аблвыканкама, галоўныя штатныя і пазаштатныя спецыялісты, намеснікі старшынь гаррайвыканкамаў, галоўныя ўрачы ўстаноў аховы здароўя, старшыні прафсаюзных арганізацый устаноў аховы здароўя рэгіёну, прадстаўнікі фармацыі і медтэхнікі, кантралюючых органаў і інш.

Аб выніках работы арганізацый аховы здароўя Магілёўскай вобласці ў 2023 годзе і задачах на 2024 год расказаў у сваім дакладзе начальнік галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Магілёўскага аблвыканкама Аляксандр Старавойтаў. Ён адзначыў, што нарада ў кіраўніка дзяржавы, якая адбылася 23 мая мінулага года, стала каталізатарам, які запусціў працэс па распрацоўцы кіраўніцкіх рашэнняў, накіраваных на ўстараненне існуючых праблем у сістэме аховы здароўя. І адным з асноўных крытэрыяў ацэнкі дзейнасці вызначана зніжэнне ўзроўню смяротнасці ад папераджальных прычын. Мерапрыемствы закраналі ўсе асноўныя напрамкі дзейнасці сістэмы аховы здароўя, работа праведзена каласальная.

«Апошнія некалькі гадоў асаблівая ўвага надавалася апорным клінікам, але ў бягучым годзе ўпор быў зроблены на аб'екты аховы здароўя, якія аказваюць медыцынскую дапамогу ў сельскай мясцовасці, - адзначыў Аляксандр Старавойтаў. - Праведзены рамонтныя работы ўсіх устаноў аховы здароўя на вёсцы - у 240 ФАПах, 92 АВОПах, а таксама ў 19 БСУ / УБ. Работы былі выкананы ў самыя кароткія тэрміны і з аптымізацыяй затрат. Былі прыцягнуты дадатковыя сродкі спонсарскай дапамогі ў памеры Br195 тыс.

У 2023 годзе рамонты праведзены ў 7 цэнтральных раённых бальніцах. У 2024 годзе плануем пачаць рамонты Чавускай і Клімавіцкай ЦРБ з аналагічнымі падыходамі.

Нягледзячы на вялікі аб'ём рамонтных і будаўнічых работ, праведзеных у сельскай мясцовасці, уводзяцца ў эксплуатацыю і аб'екты абласнога ўзроўню. У мінулым годзе быў здадзены ў эксплуатацыю інфекцыйны корпус Магілёўскай бальніцы нумар 1 і радыялагічны корпус абласнога анкадыспансера. Гэта тыя аб'екты, у якіх мелі патрэбу пацыенты Магілёўскай вобласці.

Усімі ўстановамі аховы здароўя перагледжаны і актуалізаваны праграмы вытворчага кантролю. Цэнтралізаваны стэрылізацыйныя мерапрыемствы на базах цэнтральных раённых бальніц і ў амбулаторыях, якія маюць умовы для стэрылізацыі. Арганізавана работа па абнаўленні парка дэзінфекцыйна-стэрылізацыйнага абсталявання. Зацверджаны і паспяхова рэалізуецца абласны план мадэрнізацыі цэнтральных стэрылізацыйных аддзяленняў.

У вобласці таксама праведзена даўкамплектаванне ўстаноў аховы здароўя эндаскапічным абсталяваннем, мыйна-дэзінфекцыйнымі машынамі і шафамі для захоўвання эндаскопаў, медыцынскім абсталяваннем для ФАПаў, АВАПаў, УБ, БСУ, службы хуткай медыцынскай дапамогі і рэанімацыйна-анестэзіялагічных аддзяленняў. На гэтыя мэты накіравана больш як $10 млн.

Праведзена маштабнае абнаўленне медыцынскага аўтатранспарту. У бягучым годзе набыта 50 адзінак аўтатранспарту і 3 адзінкі перасовачных медыцынскіх комплексаў. Гэтыя мерапрыемствы наблізяць і забяспечаць роўную даступнасць медыцыны для жыхароў вёскі і горада. Таксама атрымана 45 аўтамабіляў хуткай медыцынскай дапамогі».

Па словах Аляксандра Старавойтава, павышаная ўвага надаецца і працы з кадрамі: «Выкананне любых задач немагчыма без наяўнасці падрыхтаваных кадраў. Укамплектаванасць урачамі на 1 студзеня 2024 года па фізічных асобах складае 73,2% (каэфіцыенце сумяшчальніцтва 1,3); укамплектаванасць спецыялістамі з сярэдняй медыцынскай адукацыяй - 83,6% (каэфіцыенце сумяшчальніцтва 1,2).

У 2023 годзе ва ўстановах аховы здароўя прыступілі 182 маладыя спецыялісты з вышэйшай медыцынскай адукацыяй і 404 спецыялісты з сярэдняй медыцынскай адукацыяй. Найбольш запатрабаванымі спецыяльнасцямі застаюцца педыятры, стаматолагі, урачы дыягнастычнага профілю.

У інтэрнатуры сёлета прыступіла 176 спецыялістаў з вышэйшай медыцынскай адукацыяй, з іх 173 урачы і 3 правізары. Нягледзячы на тое, што за мінулы год вырас паказчык замацавання маладых спецыялістаў пасля завяршэння тэрміну адпрацоўкі, а 57% лекараў, якія звольніліся, працаўладкоўваецца ва ўстановы аховы здароўя вобласці, пытанне з замацаваннем кадраў застаецца ў полі ўвагі».

Таксама Аляксандр Старавойтаў адзначыў, што ставілася задача максімальна ахапіць насельніцтва дыспансернымі аглядамі. Як вынік, першаснае захворванне знізілася па хваробах сістэмы кровазвароту на 5,8% (1371 выпадак). Асноўнае зніжэнне зарэгістравана за кошт выяўлення артэрыяльнай гіпертэнзіі (1168 выпадкаў).

Яшчэ адзін напрамак - гэта мерапрыемствы па раннім выяўленні анкалагічных захворванняў. Згодна з загадам Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь была арганізавана праца цэнтра анкаскрынінгу на базе УАЗ «Асіповіцкая ЦРБ». За 2023 год агульны ахоп дзейнага кантынгенту скрынінгам раку выкананы на 65,5%. Выяўленне ў ранніх стадыях склала 89,5%.

«У 2024 годзе плануецца пастаўка 9 маммагрофаў і 11 рэнтгенаўскіх апаратаў, што патрабуе выдзялення дадатковых сродкаў для падрыхтоўкі памяшканняў, у якіх яны будуць размяшчацца. Гэта палепшыць даступнасць скрынінгавых мерапрыемстваў для жыхароў вобласці. Яны паказалі сваю эфектыўнасць ужо пры правядзенні дыспансерызацыі ў 2023 годзе», - падзяліўся планамі начальнік галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя аблвыканкама.

«Усё выразней выбудоўваецца ў вобласці трохузроўневая сістэма аказання медыцынскай дапамогі, - працягнуў ён. - Набіраюць абароты створаныя міжраённыя цэнтры па аказанні высокатэхналагічнай дапамогі. Штогод расце колькасць высокатэхналагічных умяшанняў, што павышае іх даступнасць для жыхароў вобласці. Як вынік ліквідавана чарга на кардыяхірургічныя ўмяшанні (у чарзе стаіць каля 60 пацыентаў) і эндапратэзаванне тазасцегнавых суставаў (247 пацыентаў), скарочана ў 2 разы чарга на пратэзаванне каленных суставаў (398 пацыентаў).

Але на дасягнутым не трэба спыняцца, бо рэзервы яшчэ існуюць. Касцюковіцкая ЦРБ павінна стаць рэгіянальным цэнтрам па пратэзаванні тазасцегнавых суставаў, а Бабруйск - асвоіць пратэзаванне каленных суставаў. У планах у бягучым годзе завяршыць фарміраванне паўнацэннага міжраённага цэнтра ў Крычаве».

Падагульняючы сваё выступленне, Аляксандр Старавойтаў нагадаў: «Старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Міхайлавіч Ісачанка 5 студзеня 2024 года ў сваім звароце да актыву вобласці вызначыў адным з асноўных прыярытэтаў на гэты год - стаўленне да людзей. Часам добразычлівыя, прафесійнае стаўленне да людзей, якія звярнуліся па медыцынскую дапамогу або параду, больш каштоўныя за любое матэрыяльна-тэхнічнае абсталяванне.

2024 год аб'яўлены Годам якасці, і я лічу, што мы таксама абавязаны ўнесці свой уклад. А хто як не людзі ацэняць вынікі нашай працы».

На заканчэнне пасяджэння даў ацэнку рабоце сферы аховы здароўя Леанід Мартынюк, і ўказаў напрамкі, на якія трэба звярнуць асаблівую ўвагу. Таксама ён падзяліўся меркаваннем аб выставе дасягненняў сферы аховы здароўя рэгіёну, арганізаванай у фае канферэнц-залы аблвыканкама:

«Выставу, якую мы сёння ўбачылі, неабходна ўзмацняць. Гэта дазволіць не толькі расказаць аб тым, што добра атрымліваецца, але і звярнуць увагу на вузкія месцы, дзе яшчэ трэба прыкласці намаганні. Выстава таксама дазваляе медыкам азнаёміцца, што новага з'явілася ў калег і падштурхоўвае ўкараніць гэта ў сябе, а новага ў вобласці шмат. І трэба разумець, якім коштам гэта дастаецца». Памочнік Прэзідэнта падкрэсліў, што арганізацыя якаснага абслугоўвання насельніцтва ў сферы аховы здароўя ў многім залежыць ад людзей, якія сядзяць сёння ў гэтай зале, і ў Год якасці гэта пытанне гучыць удвая актуальна.

«У дакладах гучалі адсылы да органаў мясцовай улады, аблвыканкаму, дэпутацкага корпусу - гэта, сапраўды, сумесная праца. Мы робім адну агульную справу на карысць людзей. Аналіз лічбаў і паказчыкаў, якія гучаць на калегіях, дазваляе даць адзнаку і вылучыць шэраг пазіцый, якія патрабуюць яшчэ больш пільнай увагі, паколькі менавіта яны характарызуюць якасць працы. Самае галоўнае, што мы адсочваем гэтыя вузкія месцы і робім усе захады, каб іх выпраўляць. Калі мы гаворым аб лічбах, трэба разумець, што за імі стаяць здароўе і жыццё людзей. А гэта самае дарагое, што можа быць».

Рэзюмуючы сказанае, Леанід Мартынюк адзначыў сістэмнасць у рабоце і прафесіяналізм, уласцівы ўсім узроўням медыцынскага абслугоўвання вобласці. І падзякаваў медыкам за іх працу.

Юрый Горбіч, які прыняў у працы калегіі анлайн-удзел, таксама адзначыў: «Сённяшняя відэаканферэнцсувязь і тэлемедыцына – гэта яшчэ адно пацверджанне таго, што Магілёўская вобласць, сапраўды, актыўна выкарыстоўвае сучасныя тэхналогіі. Уважліва праслухаў усе даклады і далучаюся да слоў памочніка Прэзідэнта. На гэты момант важна ўбачыць праблему і своечасова прыняць меры па яе выпраўленню. І ў гэтым напрамку Магілёўшчына з'яўляецца адной з ключавых абласцей, таму што на гэты момант знаходзіцца ў ліку лідэраў - на другім месцы ў краіне па абсалютнай большасці паказчыкаў. Шчыра ўдзячны за тую працу, якая праводзіцца не адзін год і вынікі якой выявіліся летась. Гэта сведчыць аб тым, што ў вобласці выбудавана структура кіравання, структура працы».

Таксама ў гэты дзень адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання работнікаў сферы аховы здароўя і ўстаноў аховы здароўя па выніках агляду-конкурсу якасці і культуры медыцынскага абслугоўвання насельніцтва сярод арганізацый аховы здароўя вобласці за 2023 год.

Юлія Таранава, фота Галіны Гаўрылавіч

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая