Магілёўшчына сёлета вяла наймацнейшую бітву за ўраджай. На гэта звярнуў увагу першы намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Уласевіч, адкрываючы сёння ўшанаванне работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК рэгіёна ў малой зале Палаца культуры вобласці. Узнагароджанне стала часткай абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2021».


«Хлеб мы гадавалі ў неймаверных умовах засухі. Было ўкладзена нямала сродкаў, мінеральных угнаенняў, паліва, людской працы. І дзякуючы, у першую чаргу тым, хто сядзеў за штурвалам камбайнаў і трактароў, спецыялістам і кіраўнікам сельгасвытворчасцяў, мы атрымалі важкі ўраджай, перасягнуўшы мільённую рысу па намалоце, – адзначыў Анатоль Уласевіч. – Наша вобласць стала адным з чатырох рэгіёнаў Беларусі, якія пераадолелі гэтую мяжу».

Акрамя таго, на Магілёўшчыне сабрана 100 тыс. т бульбы, 25 тыс. т гародніны, выраблена 21 тыс. т ільнотрасты. Пэўных вынікаў удалося дасягнуць у вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі. «На 26 тыс. т атрымана больш малака (паказчык вырас на 104,8% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года). Сярэдні надой на карову павялічыўся на 155 кг. і таксама амаль 105% да ўзроўню 2020-га. Выраслі прывагі валавой вытворчасці мяса. Наша перапрацоўка атрымала значна больш сыравіны ў выглядзе малака, мяса, лёну, цукровых буракоў. За гэта працаўнікам вёскі нізкі паклон ад імя Магілёўскага аблвыканкама і дэпутацкага корпуса», – падкрэсліў Анатоль Уласевіч.


Сёння наш рэгіён вырабляе аб’ём прадукцыі раслінаводства і жывёлагадоўлі дастатковы для таго, каб накарміць не толькі сваіх жыхароў, забяспечыць харчовую незалежнасць вобласці і ў цэлым Беларусі. Лішкі рэалізуюцца за межы дзяржавы. «Гэта велізарны поспех, дасягнуты дзякуючы рукам аграрыяў», – канстатаваў першы намеснік старшыні аблвыканкама.



Ён падзякаваў работнікам хлебнай нівы за працу і ўручыў пераможцам абласнога спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў на ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых раслін у 2021 годзе, якія занялі 2-е і 3-і месцы, дыпломы. Шэраг спецыялістаў галіны быў узнагароджаны ганаровымі граматамі і падзякамі Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта, Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў, прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, юбілейным медалём «100 год органам дзяржаўнага кіравання сельскай гаспадаркай і харчаваннем Беларусі» і інш.


Вольга Емельянава, фота Галіны Гаўрыловіч
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
28.10.2025 - 09:29
24.10.2025 - 11:46
Рост вытворчасці малака забяспечылі 74 арганізацыі Магілёўскай вобласці
21.10.2025 - 17:19
У Беларусі пачалі стварэнне адзінай сістэмы аплаты праезду ў транспарце
17.10.2025 - 18:07
16.10.2025 - 19:15