RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Магілёўскі «Зеніт» наладзіў выпуск свяцільнікаў для прамысловых памяшканняў

Вытворчасць свяцільнікаў новага пакалення для прамысловых памяшканняў наладзіў завод «Зеніт» у Магілёве. Пра гэта распавёў намеснік галоўнага канструктара ААТ «Зеніт» Сяргей Ігнатаў.

«Вытворчасць новых святлодыёдных свяцільнікаў серыі ДКУ-03 мы пачалі ў канцы 2020 года. Зараз мы вырабляем 4 мадэлі. Іх магутнасць – ад 50 да 250 Вт. Для іх стварэння выкарыстоўваюцца камплектуючыя ад сусветных вытворцаў і апошнія тэхналогіі, – распавёў намеснік галоўнага канструктара. – Гэта якасныя, даўгавечныя і сучасныя свяцільнікі, сярэдні тэрмін службы якіх складае 15 гадоў».

Па словах Сяргея Ігнатава, пры стварэнні новага пакалення свяцільнікаў улічваліся розныя характарыстыкі – ад бяспекі ў выкарыстанні да энергаэфектыўнасці. «Такія свяцільнікі ў першую чаргу ствараліся для прамысловых памяшканняў. Гэта могуць быць розныя заводы, дзе людзі працуюць за станкамі. Праца карпатлівая і патрабуе сур'ёзнай канцэнтрацыі. Асвятленне ў такіх памяшканнях не павінна ствараць ніякіх пульсацый, нават тых, што не бачныя чалавечаму воку. Таму што любое, нават няўлоўнае, мігаценне святла павышае стамляльнасць чалавека, а гэта можа ствараць небяспечныя для жыцця і здароўя сітуацыі. Таму каэфіцыент мігацення святла ў нашых новых свяцільніках менш за 1%, – падкрэсліў Сяргей Ігнатаў. – Акрамя таго, важна ўлічваць і рэальнасць перадачы колераў пры асвятленні. Яны павінны быць максімальна набліжаны да сонечнага святла. Мы пастараліся стварыць свяцільнікі з высокім індэксам колераперадачы. Важным адрозненнем гэтых свяцільнікаў з'яўляецца эканамічнасць энергаспажывання. Па суадносінах карыснага светлавога патоку і магутнасці спажывання яны знаходзяцца на перадавым узроўні».

У новым абсталяванні ўстаноўлена загартаванае матаванае шкло. Гэта дазваляе ствараць у памяшканні яркае, але не сляпучае святло. «У новых свяцільнікаў – высокая ступень абароны ад вільгаці, пылу і іншых дробных часціц, што таксама важна ў прамысловых памяшканнях. Яны валодаюць падвышанай трываласцю да ўдараў і вібрацый, без пашкоджанняў могуць вытрымаць напружанне сілкавання ў 380 Вт. Яшчэ адзін важны момант – у свяцільніках няма ртуці, для іх не патрэбна спецыяльная ўтылізацыя».

ААТ «Зеніт» уваходзіць у склад холдынга «Магілёўліфтмаш». Асноўны від прадукцыі – ліфтавае абсталяванне. Акрамя таго, тут вырабляюць разнастайную святлодыёдную тэхніку: ад спецыялізаваных асвятляльных прыбораў да вулічнага асвятлення.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая