RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Міністр эканомікі: «У нас наперадзе сур'ёзная праца для таго, каб праграма была паўнавартасным, кансалідаваным дакументам у развіцці на пяцігадовы перыяд»

«У нас наперадзе досыць сур'ёзная праца для таго, каб праграма ў канчатковым выніку была паўнавартасным, кансалідаваным дакументам у развіцці на пяцігадовы перыяд», – пра гэта заявіў падчас прэзентацыі ў Магілёве праекта праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2021-2025 гады міністр эканомікі Беларусі Аляксандр Чарвякоў.

Аляксандр Чарвякоў адзначыў, што праца над новай праграмай заняла больш за два гады. «У ёй удзельнічала вялікая колькасць экспертаў. Толькі профільных – больш за 100 чалавек. Гэта сведчыць пра тое, што праца была шматбаковая. У выніку мы атрымалі дакумент, які сёння прэзентуем. Гэта сумесная праца экспертаў, навукі, бізнесу і грамадства, дзе кожны бок унёс свой сур'ёзны ўклад. Распрацоўваючы праграму, мы вызначылі яе стартавыя ўмовы. Мы павінны былі разумець, з якога пункту мы стартуем, якія ў нас ёсць дасягненні, якія праблемы».

Пры складанні новай праграмы ўлічваліся тэндэнцыі, якія фарміраваліся ў апошнія гады ў свеце. Яны рэзка змянілі канфігурацыю знешніх і ўнутраных умоў.

Сярод знешніх умоў вылучаны 2 асноўныя напрамкі. Першае – узмацненне жорсткасці канкурэнцыі, пратэкцыянізм і рэгіяналізацыя. Другі напрамак – санкцыі і абмежаванні ў допуску да новых тэхналогій і выхаду на фінансавыя рынкі.

Сярод унутраных абмежаванняў – зніжэнне дэмаграфічнага патэнцыялу і міграцыя. Напрыклад, у Магілёўскай вобласці за 5 гадоў насельніцтва знізілася на 24 тыс. чалавек. Гэта той патэнцыял, які мог бы сёння даваць ВУП, прырастаць эканоміку. Але гэта сусветныя тэндэнцыі. І іх неабходна ўлічваць. Акрамя таго, назіраецца адставанне па прадукцыйнасці працы ад еўрапейскіх дзяржаў. Яшчэ адзін фактар – высокая залежнасць нашай эканомікі ад вуглевадароднай сыравіны. У цяперашні час практычна больш за 90% электраэнергіі, да ўводу АЭС, мы атрымлівалі з газу. Натуральна, любыя кан’юнктурныя змены кошту на газ аўтаматычна прыводзілі да змены кошту электраэнергіі. А гэта, практычна, уся наша эканоміка. Таму праграма развіцця павінна не толькі нівеліраваць выклікі і абмежаванні, але і ствараць аснову для будучага росту.

Акрэсліваючы контуры будучыні эканомікі, Аляксандр Чарвякоў пазначыў яе характэрныя рысы. Першая – дзяржава працягне захоўваць сацыяльную накіраванасць, дзе галоўная мэта – гэта рост дабрабыту людзей. Асноўная ўвага будзе нададзена даходам насельніцтва, цэнам, занятасці, даступнасці жылля, а таксама высокатэхналагічным паслугам у ахове здароўя і адукацыі.

Другая рыса – у эканоміцы працягне развівацца індустрыяльны патэнцыял у традыцыйных галінах прамысловасці і сельскай гаспадарцы. Але толькі на новай тэхналагічнай базе на лічбавай аснове.

Трэцяя – трэба будзе сфарміраваць новыя высокатэхналагічныя галіны і прадпрыемствы.

У якасці прыярытэту – шчаслівая сям'я. Яго рэалізацыя накіравана на ўмацаванне сямейных каштоўнасцей. У аснове якіх традыцыйная сям'я, здароўе, падтрымка маладых і клопат аб старэйшым пакаленні. Яшчэ адзін прыярытэт – моцныя рэгіёны. Тут будзе зроблены акцэнт на стварэнне камфортных і бяспечных умоў жыцця і працы ў любым кутку нашай краіны, стварэнне новых працоўных месцаў. Трэці – інтэлектуальная краіна. У аснове гэтага прыярытэту – адукацыя і навучанне чалавека, незалежна ад яго ўзросту. Развіццё навукі, падтрымка вынаходніцтва і рацыяналізатарства, раскрыццё творчага патэнцыялу. І чацвёрты прыярытэт – гэта дзяржава-партнёр. Прадугледжваецца ўмацаванне ўзаемнага даверу і дыялогу паміж дзяржавай і грамадствам, паміж чалавекам і бізнесам.

Першыя тры прыярытэты накіраваны на развіццё чалавечага патэнцыялу, павышэнне якасці працоўнай сілы, яе інтэлекту і стварэння камфортнага асяроддзя ў любым пункце нашай краіны. Апошні – дазваляе аб'яднаць намаганні грамадства, бізнесу і дзяржавы на дасягненне адзінай мэты – развіцця Беларусі.

«Ад гэтага энергетычнага эфекту выйграюць усе – чалавек, грамадства, бізнес і дзяржава, – падкрэсліў міністр эканомікі. – Сукупнасць рэалізацыі прыярытэтаў дазволіць нам забяспечыць сацыяльную стабільнасць у грамадстве і дабрабыт нашых грамадзян. Таму канструкцыя праграмы ўключае ключавыя чатыры блокі: паляпшэнне якасці жыцця насельніцтва, умацаванне эканамічнага патэнцыялу і лічбавая трансфармацыя, рэгіянальнае развіццё і стварэнне спрыяльнага рэгулятарнага асяроддзя».

Што тычыцца паляпшэння якасці жыцця насельніцтва, яно вызначаецца ўзроўнем медыцыны, адукацыі, сацыяльнай абароны і даходамі насельніцтва.

Адзін з напрамкаў звязаны з фарміраваннем высокатэхналагічнай медыцыны ў рэгіёнах. За пяцігоддзе плануецца пабудаваць 12 міжрэгіянальных цэнтраў з аказаннем спецыялізаванай медыцынскай дапамогі. У тым ліку 2 у Магілёўскай вобласці – у Касцюковічах і Бабруйску. Цэнтры будуць аснашчаны неабходным высокатэхналагічным абсталяваннем.

Яшчэ адзін напрамак звязаны з цыфравізацыі медыцыны. Ён дазволіць укараніць адзіную тэлекамунікацыйную інфраструктуру аховы здароўя на базе 5G. Інтэлектуальныя сістэмы дадуць магчымасць дыстанцыйна маніторыць здароўе, а тэлемедыцына і рабатызацыя – праводзіць высокатэхналагічныя аперацыі.

Адзін з галоўных складнікаў сацыяльнага блока, вядома ж – адукацыя.

«Сістэма адукацыі павінна забяспечыць такі ўзровень ведаў і кампетэнцыі, пры якім чалавек мог бы лёгка і свабодна ставіць перад сабой мэты і дасягаць іх. Мець актуальны набор ведаў і ўменняў. Заставацца запатрабаваным на працягу ўсяго жыццёвага шляху», – сказаў Аляксандр Чарвякоў.

У дашкольнай адукацыі плануецца захаваць 100% ахоп дзяцей пяцігадовага ўзросту падрыхтоўкай да агульнай сярэдняй адукацыі. За 5 гадоў у Магілёўскай вобласці запланавана пабудаваць 12 дзіцячых садоў. Дадаткова з'явіцца больш за 2,5 тыс. месцаў.

У сістэме сярэдняй адукацыі трэба выбудаваць спецыяльныя адукацыйныя траекторыі. Яны дазволяць са школьнай лаўкі вызначыць будучую прафесію. А таксама сфарміраваць у дзяцей інавацыйныя і прадпрымальніцкія навыкі.

У сістэме вышэйшай адукацыі плануецца змяніць фармат уступных кампаній, а таксама павысіць практыку арыентаванасці працэсу навучання, ствараючы прафесійна-адукацыйныя ліфты, гнутка рэагуючы на змены рынку працы.

Для старэйшага пакалення, узрост 55 +, будуць уведзены праграмы дадатковай адукацыі, уключаючы навучанне інфармацыйным тэхналогіям.

Вядома, важным элементам сацыяльнага блока з'яўляецца якасць жыцця.

У блоку, які тычыцца ўмацавання эканамічнага патэнцыялу і лічбавай трансфармацыі галін, міністр эканомікі вызначыў тры асноўныя вектары.

Нарошчванне ўнутранага спажывання за кошт росту даходаў насельніцтва, рэалізацый дзяржаўных праграм і стымуляванне набыцця айчынных тавараў.

Разгортванне новага інвестыцыйнага цыклу. Што будзе спрыяць росту прадукцыйнасці працы, павелічэнню канкурэнтаздольнасці і экспартных магчымасцей, стварэнню развітай інфраструктуры ва ўсіх рэгіёнах краіны.

Рэалізацыя экспартнай стратэгіі будзе накіравана на ўкараненне інструментаў фінансавай падтрымкі экспарцёраў усіх формаў уласнасці, незалежна ад сумы кантактаў.

«У бліжэйшы час трэба будзе стварыць адно акно па працы з экспарцёрамі. Гэта экспартна-імпартнае агенцтва, – адзначыў міністр эканомікі. – Асноўная яго задача – дапамагчы нашым прадпрыемствам у прасоўванні экспарту на новыя рынкі».

Змяненне знешніх умоў і ўзмацненне канкурэнцыі патрабуе і новых арганізацыйных бізнес-мадэлей узаемадзеяння паміж прадпрыемствамі. Таму прапануецца аб'яднаць намаганні прыватнага бізнесу, буйных дзяржаўных кампаній і навукі ў межах стварэння 13 кластараў у найбольш перспектыўных сферах: біятэхналогіі, хіміі, нафтахіміі, прыбора- і аўтамабілебудаванні і г.д. Яны будуць нацэлены на стварэнне новых прадуктаў і іх прасоўванне на рынак.

У Магілёўскай вобласці з'явяцца 2 кластары. Адзін – у сферы біятэхналогій на базе тэхнапарка «Горкі» і ў БДСГА. Другі – IT-кластар. Яго каардынатарам выступіць Магілёўскае агенцтва рэгіянальнага развіцця. Гэты кластар аб'яднае БРУ, Парк высокіх тэхналогій, прамысловыя прадпрыемствы і спецыялізаваныя лабараторыі.

У будучай пяцігодцы ў прамысловасці прадугледжваецца развіць 5 прыярытэтных галін і напрамкаў.

Плануецца асвоіць вытворчасць грузавога і пасажырскага электратранспарту і яго кампанентаў, а таксама камунальных машын з электрапрывадам. Развіць сетку зарадных станцый. На пляцоўках філіялаў з-да «Электрарухавік», ААТ «Магілёўліфтмаш» будзе створана высокатэхналагічная вытворчасць па выпуску электрарухавікоў.

У фармацэўтыцы запланавана вытворчасць лекавых сродкаў і медпрэпаратаў новага класа антыбіётыкаў. У біяіндустрыі трэба будзе асвоіць вытворчасць амінакіслот, вітамінаў і многае іншае. У робататэхніцы – распрацаваць беспілотныя комплексы ў аўтамабілебудаванні і авіяцыі. Укараніць рабатызаваныя працэсы на прадпрыемствах машынабудавання і лёгкай прамысловасці. У вытворчасці кампазіцыйных матэрыялаў прадугледжваецца асваенне выпуску высокатэхналагічных вырабаў для машынабудавання, аэракасмічнай і абароннай прамысловасці.

Асаблівая ўвага будзе нададзена галінам па перапрацоўцы мясцовых сыравінных рэсурсаў. Гэта драўняная сыравіна і прадукцыя сельскай гаспадаркі.

Што тычыцца лічбавай трансфармацыі сектараў эканомікі, плануецца стварыць сем тыпавых галіновых платформ: у сферы машынабудавання, сувязі, транспарту, адукацыі і іншых накірунках. З іх з'яўленнем у значнай ступені зменяцца механізмы ўзаемадзеяння паміж дзяржавай і бізнесам, дзяржавай і грамадзянамі, у саміх суб'ектах гаспадарання.

Для жыхароў рэгіёнаў актуальнымі будуць платформы «разумныя гарады Беларусі» і «нацыянальны геапартал».

Першы з іх дасць магчымасць у рэжыме анлайн выкарыстоўваць шырокі набор разнастайных сэрвісаў, а ў «Нацыянальным геапартале» можна будзе здзяйсняць разлікі і рэгістраваць здзелкі ў галіне зямельных адносін.

Галоўнымі лакацыямі праектаў рэальнага сектара, вядома ж, будуць выступаць рэгіёны. Таму адзін з ключавых блокаў праграмы – развіццё абласцей.

«У развіцці рэгіёну неабходна максімальна выкарыстоўваць яго патэнцыял, кампетэнцыі і канкурэнтную перавагу, – падкрэсліў міністр эканомікі. – Пазначу толькі пяць ключавых напрамкаў і развіцця патэнцыялу Магілёўскай вобласці.

Па-першае – вобласць валодае ўнікальнымі вытворчасцямі. У рэгіёне выпускаецца 100% рэспубліканскіх аб'ёмаў шын, шыферу; каля 70% цэменту і прадуктаў з яго; больш за 60% хімічных валокнаў і тканін з іх. Большасць флагманаў рэгіёну правялі маштабную мадэрнізацыю. Але неабходна працаваць над нарошчваннем прыбытковасці бізнесу. Таму трэба будзе ў бліжэйшае пяцігоддзе аптымізаваць бізнес-працэсы і тэхналогіі, вывесці прадпрыемствы на рэнтабельны рэжым працы, забяспечыць своечасовасць разлікаў па даўгах, пашыраць лінейку выпускаемай прадукцыі і г.д.

Другі напрамак для раскрыцця патэнцыялу – гэта машынабудаванне і вытворчасць транспартных сродкаў. Рэгіён гістарычна меў у гэтым кірунку кампетэнцыі. І сёння яны захаваны і развіваюцца на ААТ «Магілёўліфтмаш», ААТ «Бабруйскаграмаш», Бабруйскім заводзе трактарных дэталяў і агрэгатаў. Адна з задач развіцця гэтых прадпрыемстваў – выхад на рынак з комплекснымі тэхналагічнымі рашэннямі. Напрыклад, у вытворчасці сельгасмашынабудавання прапаноўваць спажыўцу ўсю лінейку, пачынаючы ад апрацоўкі глебы і заканчваючы машынамі для ўборкі і захоўвання сельгаспрадукцыі.

Трэці напрамак – гэта дрэваапрацоўка і вытворчасць паперы. Сёння траціна ўсёй паперы, кардону і драўнянастружкавых пліт вырабляецца ў Магілёўскай вобласці. У аб'ёме экспартнага кошыка рэгіёну 45% прыпадае на мэблю. Гэта адзін з лепшых паказчыкаў у краіне. У той жа час 30% экспарту – гэта паўфабрыкаты: пліты ДСП. Стаіць задача вакол мадэрнізаваных прадпрыемстваў ствараць спадарожныя вытворчасці і выбудоўваць новыя кааперацыйныя ланцужкі. Да прыкладу, ужо пачата работа па стварэнні вытворчасці прадукцыі з дэкаратыўнымі адбіткамі.

Чацвёрты напрамак – аграпрамысловы комплекс. Тут асноўная задача – павысіць яго эфектыўнасць. Сёння па выхадзе малака нам даводзіцца канкурыраваць на рынку з кампаніямі такіх краін, як Германія, Нідэрланды, Данія. Яны маюць вынік у 1,3 – 1,4 раза вышэй, чым нашы арганізацыі, якія перапрацоўваюць малочную прадукцыю. Гэта рэсурс, грошы і развіццё вёскі».

Што тычыцца развіцця нашых тэрыторый. У малых і сярэдніх гарадах, а таксама сельскіх раёнах стаўка будзе рабіцца на паглыбленне перапрацоўкі мясцовых рэсурсаў, сельгаспрадукцыі і стварэнне прадпрыемстваў на гэтай аснове. Кожнаму раёну спатрэбіцца, як мінімум, рэалізаваць два праекты ў гэтым кірунку.

Для прыцягнення інвестараў у гарады з насельніцтвам звыш 80 тыс. кожны рэгіён павінен падрыхтаваць індустрыяльныя пляцоўкі для стварэння новых вытворчасцей з інжынернай інфраструктурай. Для іх развіцця будуць прыцягвацца прылеглыя раёны, фарміравацца так званыя тэрытарыяльна-гаспадарчыя комплексы.

«Магілёўшчына з 2015 года ўжо рэалізуе такі комплексны праект па развіцці паўднёва-ўсходняга рэгіёну. На яго прыкладзе адпрацоўваюцца стымулы для такіх груп тэрыторый. Асноўны прынцып – чым меншы патэнцыял у рэгіёне, тым больш павінна быць стымулаў, – падзяліўся Аляксандр Чарвякоў. – Але для прывабнасці жыцця па-за горадам мы павінны наблізіць інфраструктуру да гарадской. Гэта бяспечныя дарогі, яслі, сады, школы, здраўніцы, гадзінная даступнасць да месца працы».

Адна з ключавых задач пяцігодкі – гэта запуск інвестыцыйнага цыклу. Меры, прапанаваныя на разгляд на Усебеларускім народным сходзе, звязаны з прыцягненнем інвестыцый.

Падводзячы вынікі сустрэчы, Аляксандр Чарвякоў адзначыў, што пры сумесным вырашэнні агучаных на сходзе задач будзе дасягнуты жаданы вынік.

Галіна Гаўрыловіч, фота аўтара

 

 

 

 

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая