RU BY EN 中文
Twitter Instagram

На Магілёўскім міжнародным марафоне чакаецца больш за пяць тысяч удзельнікаў

Прэс-канферэнцыя, прысвечаная Магілёўскаму міжнароднаму марафону, які адбудзецца ў абласным цэнтры 6 кастрычніка, прайшла ў фізкультурна-аздараўленчым комплексе H2O. Спартыўнае мерапрыемства збярэ аматараў бегу на цягавітасць ужо пяты раз. Чакаецца, што ў ім прымуць удзел звыш 5 тыс. чалавек. У рамках марафону таксама будуць разыграны ўзнагароды ІІІ Адкрытага чэмпіянату Беларусі па марафонскім бегу, у якім прымуць удзел прафесіяналы, удзельнікі Алімпійскіх гульняў, чэмпіёны Еўропы. Акрамя гэтага, выйдуць на дыстанцыю і заўзятыя аматары. Аб асаблівасцях правядзення, навінах і арганізацыйных момантах вялікага спартыўнага свята расказалі начальнік упраўлення спорту і турызму Магаблвыканкама Сяргей Новікаў, галоўны суддзя марафона Дзмітрый Сівоў, начальнік аддзела спорту і турызму Маггарвыканкама Дзмітрый Лацянкоў.

«Першы марафон зараджаўся яшчэ ў 2017 годзе хутчэй сярод аматараў, як свята для гараджан, прафесіяналаў у ім практычна не было. З году ў год мы расцем і ўдасканальваемся. І ўжо дашлі да таго, што Міністэрства спорту давярае нам праводзіць чэмпіянат краіны. Гэта шмат аб чым кажа, у тым ліку аб узроўні арганізацыі, - распавёў Дзмітрый Сівоў. - Да нас зараз прыязджаюць прафесіяналы, якія ўдзельнічаюць разам з аматарамі. Думаю, аматарам, напэўна, будзе цікава паўдзельнічаць у адным мерапрыемстве з чэмпіёнамі Еўропы, з удзельнікамі Алімпійскіх гульняў, з неаднаразовымі пераможцамі нашых чэмпіянатаў. У гэтым годзе геаграфія прафесійных спартсменаў папоўніцца яшчэ камандай ЦСКА з Расіі. Лічу, гэта вельмі добры досвед узаемадзеяння».

Таксама ён адзначыў, што на сёння сярод зарэгістраваных ёсць прадстаўнікі розных рэгіёнаў Беларусі, Расіі і нават Кітая: «Важна і тое, што спецыяльна арганізоўваюцца дзіцячыя забегі, ёсць вельмі даступная дыстанцыя 3 км для ўсіх жадаючых. Нават я, шчыра кажучы, зарэгістраваўся. Калі ўсё атрымаецца - хачу прабегчы, адчуць гэтыя эмоцыі. Для ўсіх жыхароў горада Магілёва ёсць магчымасць прыйсці, каб паўдзельнічаць ці падтрымаць спартоўцаў, атрымаць станоўчы зарад. У гэтым годзе было вельмі прыемна атрымліваць званкі з пытаннямі, калі плануецца марафон. Гэта сведчыць аб тым, што людзі ўжо ведаюць аб гэтым мерапрыемстве і чакаюць яго. Мне, як арганізатару, гэта прыемна, што расце як геаграфія, так і колькасць удзельнікаў», - падзяліўся галоўны суддзя марафону.

Дыстанцыі і асаблівасці маршруту

У гэтым годзе стартава-фінішнае мястэчка будзе размяшчацца каля фізкультурна-аздараўленчага цэнтра Н2О. Аднак маршрут забегаў для бывалых удзельнікаў будзе часткова знаёмы з мінулых гадоў.

Арганізатары нагадваюць, што на ўсе віды абавязковая папярэдняя рэгістрацыя, якая працягнецца да 4 кастрычніка ўключна. Забраць стартавыя пакеты таксама трэба будзе загадзя ў холе ФАК H2O: 4 кастрычніка - з 9 да 19.00 і 5 кастрычніка - з 9 да 21.00, 6 кастрычніка стартавыя пакеты будуць выдавацца іншагароднім удзельнікам.

Аматарам бегу прадстаўлены на выбар традыцыйныя дыстанцыі: амаль 42.2 км, 10км і 3км. А таксама новаўвядзенне гэтага года - экідэн - эстафета даўжынёй марафон, падзеленая на шэсць этапаў (5км+10км+5км+10км+5км+7.195км). Заяўкі на ўдзел у якой прымаюцца ад каманд у трох катэгорыях: мужчынскія, жаночыя і мікс (тры мужчыны і тры жанчыны). Па словах арганізатараў, на 2 кастрычніка жаданне паўдзельнічаць у новым выглядзе выказалі ўжо 12 каманд.

Таксама ў спартыўнай праграме прадугледжаны сямейны забег - 500 м, у якім на старт выйдуць дзеці ва ўзросце да 12 гадоў, пры жаданні і неабходнасці - разам з бацькамі. Да ўдзелу дапускаюцца нават нованароджаныя малышы ў калясках. Аднак колькасць удзельнікаў на гэтай дыстанцыі ў мэтах бяспекі абмежавана да 300 чалавек.

«У 10:00 - стартуе самы масавы забег на дыстанцыі 3км. Для школьнікаў і студэнтаў, якія не прэтэндуюць на прызавы фонд за першае, другое і трэцяе месцы, рэгістрацыя праводзіцца бясплатна. Калі ж ёсць амбіцыі пазмагацца за галоўныя прызы - трэба прайсці платную рэгістрацыю, каб атрымаць нумар са спецыяльным чыпам, - растлумачыў нюансы Дзмітрый Сіваў. - У 11.00 даецца старт асноўным забегам на 10 км, 42.195 км, экідэн. Завяршальным стане сямейны забег, які стартуе ў 12:30».

Прызавы фонд

За першае, другое і трэцяе месца на дыстанцыі 3 км для пераможцаў у абсалюце ў мужчын і жанчын прадугледжаны прызы 200, 150 і 100 BYN адпаведна. На дыстанцыі 10 км прызавы фонд аналагічна складзе 500, 300 і 200 BYN. Максімальны прызавы фонд прадстаўлены на марафонскай дыстанцыі 42,195 км, тут удзельнікі атрымаюць магчымасць выйграць ад 3 тыс. да 400 BYN за шэсць прызавых месцаў. На экідэне таксама прадугледжаны грашовыя прызы - ад 1,2 тыс. да 400 BYN на каманду за тры прызавыя месцы. Таксама пераможцы атрымаюць грашовыя сертыфікаты, прызы і сувеніры ад спонсараў.

«Грашовыя прызы і падарункі, дзякуючы абласному ўпраўленню і гарадскому аддзелу спорту і турызму, у нас таксама прадугледжаны ў сямі ўзроставых катэгорыях сярод мужчын і жанчын, каб прыцягнуць да ўдзелу аматараў спорту. Да таго ж, спецыяльнымі кубкамі будуць адзначаны самы старэйшы і самы малодшы ўдзельнікі, памятныя кубкі падрыхтаваны і для катэгорыі людзей з інваліднасцю», - растлумачылі арганізатары.

Акрамя таго, першая тысяча фінішаваўшых на дыстанцыі 3 км атрымае заслужаныя медалі ўдзельнікаў забегу, прадугледжаны медалі і ўсім бегунам, якія аплацілі стартавы ўзнос. Акрамя грашовых прызоў для пераможцаў і прызёраў, усе ўдзельнікі забегаў на 10 км, 42,195 км і экідэна атрымаюць медалі і майкі, выпушчаныя спецыяльна да мерапрыемства. Салодкія падарункі і медалі ўручаць таксама юным удзельнікам сямейнага забегу.

Святочная праграма

Папоўніць затрачаныя сілы, удзельнікам Магілёўскага міжнароднага марафону прапануюць салдацкай кашай і дранікамі. Акрамя таго, бегуны, якія аплацілі стартавы ўзнос, змогуць паўдзельнічаць у латарэі з каштоўнымі прызамі, які пройдзе на марафоне ўпершыню. Галоўным прызам стане спартыўны веласіпед, таксама прадугледжаны паўгадавыя абанементы на наведванне шэрага спарткомплексаў, сертыфікаты і зніжкавы купоны на тавары і паслугі партнёраў мерапрыемства.

Культурна-забаўляльная праграма ў гэты дзень разгорнецца для ўсіх гасцей свята.

«У першую чаргу, з 8 да 12.00 6 кастрычніка ў ФАК Н2О для ўсіх жадаючых будзе прадастаўлена магчымасць бясплатна наведаць басейн, трэнажорную залу, пагуляць у настольны тэніс, - расказаў Сяргей Новікаў. - Таксама на паркоўцы ФАК Н2О будуць працаваць традыцыйныя інфармацыйныя пляцоўкі МНС, пазаведамаснай аховы, аблгазу, ФСК і іншых. Разгорнуцца разнастайныя спартыўныя лакацыі, канцэртная праграма, будзе арганізаваны выязны гандаль».

Аргмоманты і абмежаванні ў руху транспарту

Як адзначылі арганізатары, паводле водгукаў мінулых гадоў, для спартсменаў на маршруце вельмі важная падтрымка. Таму акрамя асноўных стацыянарных сцэн у Падміколлі і ў раёне старой вяслярнай базы, аматараў бегу на працягу ўсёй дыстанцыі балельшчыкі змогуць падтрымліваць на дадатковых лакацыях: ля набярэжнай насупраць ДК вобласці, на месцы былой скейт-пляцоўкі ў Падміколлі, на вул. Вялікай Чавускай.

Для дзяцей, якія бяруць удзел у забегу 3 км, акрамя непасрэдна будынка ФАК, дадаткова на тэрыторыі каля спарткомплексу будуць прадугледжаны аўтобусы, дзе яны змогуць пераапрануцца для забегу, пачакаць старт, адпачыць пасля фінішу.

Што да абмежаванняў у руху транспарту, арганізатары растлумачылі, што па маршруце самай масавай дыстанцыі, якая будзе праходзіць па крузе каля H2O, з 9.45 часткова або поўнасцю будзе перакрыты рух. Таксама абмежаванні закрануць вуліцы Вялікая Чавуская, Вялікая Грамадзянская, Падміколле. Акрамя таго, па Пушкінскім праспекце і мосце для спартсменаў будзе выдзелена і адгароджана адна паласа і ў сувязі з гэтым будуць зачыненыя для пасадкі і высадкі два прыпынкі грамадскага транспарту: «Гасцініца «Турыст» і «Траецкае прадмесце».

«Мяркуецца, што да 10.40 уся вуліца Цярохіна і Залатавустаўскага, частка вуліц Фаціна і Маўчанскага будуць перакрытыя для руху транспарту. Абмежаванне для руху транспарту захаваецца па вул. Залатавустоўскага на час правядзення ўсяго мерапрыемства да 17.00. Адпаведнае распараджэнне ўжо падрыхтавана і больш дэталёвую інфармацыю магіляўчане атрымаюць пасля яго зацвярджэння», - удакладніў Дзмітрый Лацянкоў.

А пакуль яшчэ ёсць магчымасць, арганізатары запрашаюць усіх ахвочых далучыцца да вялікага спартыўнага свята.

Юлія Таранава, фота аўтара

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая