RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Пагадненні і пратаколы аб намерах на $ 250 млн. падпісаны на інвестфоруме «Млын поспеху» ў Магілёве

Пратаколы аб намерах і пагадненні на агульную суму $250 млн. падпісаны сёння на XII Міжнародным інвестыцыйным форуме «Млын поспеху» ў Магілёве. Іх рэалізацыя забяспечыць стварэнне звыш 600 новых працоўных месцаў, паведамляе карэспандэнт сайта.

Зацвярджэнне 19 дакументаў, якія будуць спрыяць развіццю дзелавых сувязяў паміж краінамі і адкрываюць новыя магчымасці для прываблівання інвестыцый у эканоміку Магілёўскай вобласці, адбылося падчас цэнтральных падзей форума – секцыі «Рэалізацыя інвестыцыйнага патэнцыялу з выкарыстаннем пераваг паўднёва-ўсходняга рэгіёна Магілёўскай вобласці» і пленарнага пасяджэння.

У прыватнасці, быў падпісаны план мерапрыемстваў на 2022‑2023 гады па рэалізацыі пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Магілёўскім абласным выканаўчым камітэтам і выканаўчым органам дзяржаўнай улады Сагдыйскай вобласці Рэспублікі Таджыкістан ад 1 снежня 2017 года. ААТ «Магілёўхімвалакно» пацвердзіла намер мадэрнізаваць вытворчасць тэхнічных нітак з размяшчэннем устаноўкі бесперапыннай цвердафазнай даполікандэнсацыі і арганізаваць вытворчасць поліэфірных нятканых палотнаў гідраструйным спосабам, а Kronospan – пабудаваць завод па вытворчасці слаістых пластыкаў на тэрыторыі СЭЗ «Магілёў». ЗТАА «ВМГ Індустры» плануе развіццё праз удасканаленне працэсу вытворчасці мэблі на тэрыторыі свабоднай эканамічнай зоны. Тут жа ЗТАА «Мебелаін» мае намер узвесці вытворча-складскі корпус. ААТ «Магілёўліфтмаш» бачыць перспектыву ў стварэнні высокатэхналагічнай вытворчасці цягавых рухавікоў для электратранспарту і рухавікоў спецыяльнага прызначэння, арганізацыі высокатэхналагічнай вытворчасці новай серыі электрарухавікоў і мадэрнізацыі вытворчасці серыйнага выпуску ліфтаў. Нацыянальнае агенцтва інвестыцый і прыватызацыі плануе адкрыць прадстаўніцтва НАІП у Магілёўскай вобласці, ААТ «Бабушкина крынка» – арганізаваць вытворчасць і захоўванне прадуктаў тварожных, печаных, замарожаных, хуткарастваральнага сухога малака, малочна-тлушчавых канцэнтратаў і безлактозных малочных прадуктаў, а ЗТАА «СБИ Каучук» – рэалізаваць інвестыцыйны праект па будаўніцтве завода, які выпускае гуматэхнічныя вырабы, у СЭЗ «Магілёў».

Акрамя таго, пратаколы аб намерах па рэалізацыі інвестыцыйных праектаў падпісалі: Клімавіцкі райвыканкам і ТАА «Энергааграінвест» (мяркуецца арганізаваць вытворчасць і перапрацоўку рапсу на тэрыторыі Клімавіцкага раёна); Касцюковіцкі райвыканкам і ТАА «Дартс плэй» (будаўніцтва і абслугоўванне аўтамыйкі ў г. Касцюковічы і стварэнне вытворчасці высокатэхналагічных прадуктаў з тонкаліставага металу на тэрыторыі Касцюковіцкага раёна); Краснапольскі райвыканкам і спажывецкі сельскагаспадарчы кааператыў «Горская скарбніца» (стварэнне вытворчасці малочнай прадукцыі (сыроў) на тэрыторыі Краснапольскага раёна); Краснапольскі райвыканкам і Краснапольскі лясгас (павелічэнне вытворчых магутнасцей па вытворчасці паліўнай дранкі); Крычаўскі райвыканкам і ТАА «Крычаўскі машынабудаўнічы завод» (вытворчасць абсталявання для перапрацоўчай прамысловасці сельскай гаспадаркі на тэрыторыі Крычаўскага раёна); Слаўгарадскі райвыканкам і вытворча-гандлёвае ўнітарнае прадпрыемства «Чырвоны харчавік – Слаўгарад» (закладка вырошчвання шматгадовых пладовых культур на тэрыторыі Слаўгарадскага раёна); Хоцімскі райвыканкам і ТАА «Біягаз праект» (будаўніцтва біягазавай устаноўкі паблізу комплексу па адкорме буйной рагатай жывёлы ААТ «Кастрычнік-Бярозкі» магутнасцю 1 МВт на тэрыторыі Хоцімскага раёна); Чэрыкаўскі райвыканкам і дзяржаўная лесагаспадарчая ўстанова «Чэрыкаўскі лясгас» (пашырэнне дрэваапрацоўчай вытворчасці на тэрыторыі Чэрыкаўскага раёна). Таксама пратакол аб намерах па развіцці інвестыцыйнай і знешнеэканамічнай дзейнасці зацвердзілі прадстаўнікі адміністрацыі свабоднай эканамічнай зоны «Магілёў» і ААТ «Агенцтва знешнеэканамічнай дзейнасці». ТАА «БелЭмса» і СЭЗ «Магілёў» падпісалі пагадненне аб далейшай рэалізацыі інвестыцыйнага праекта.

XI Міжнародны інвестыцыйны форум «Млын поспеху» сабраў сёння ў Магілёве каля 60 замежных удзельнікаў з 7 краін (Расіі, Таджыкістана, Казахстана, Турцыі, Пакістана, Індыі і Бразіліі). Усяго ж мерапрыемства наведала больш за 500 чалавек. Гэта прадстаўнікі дыпламатычных арганізацый, рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, замежных афіцыйных і дзелавых колаў, банкаў, БелГПП, свабодных эканамічных зон, кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый, інш.

«Млын поспеху» прайшоў ў фармаце секцыі і пленарнага пасяджэння ў рэжыме анлайн, што дазволіла далучыцца да мерапрыемства тым, хто праз эпідэміялагічную абстаноўку ці пэўныя абставіны не змог прыехаць у Магілёў.

Сёлета галоўны акцэнт форуму – прэзентацыя патэнцыялу паўднёва-ўсходняга рэгіёна Магілёўскай вобласці, расказаў дырэктар ААТ «Магілёўскае агенцтва рэгіянальнага развіцця» Яўген Якімаў. «Паўднёва-ўсходняя частка Магілёўшчыны вылучаецца на агульным фоне – тут дзейнічаюць асаблівыя льготы, – падкрэсліў ён. – Было распрацавана каля 40 інвестыцыйных прапаноў для дадзенай мясцовасці. І мы чакаем інвестараў, якія прыйдуць сюды. Гэта дасць сур’ёзны імпульс для развіцця як паўднёва-ўсходняга рэгіёна, так і ўсёй вобласці».

Перад пачаткам пасяджэння ў холе Палаца культуры вобласці арганізавалі выставу-прэзентацыю арганізацый і прадпрыемстваў Магілёўскай вобласці, якія сталі партнёрамі эканамічнага мерапрыемства. Акрамя таго, па асобных праграмах напярэдадні і ў дзень правядзення «Млына поспеху» ўдзельнікі форума змаглі наведаць найбуйнейшыя вытворчасці, культурныя аб’екты горада на Дняпры.

 

Вольга Емельянава, фота Галіны Гаўрыловіч 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая