RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Помнік асветніку Георгію Каніскаму ўрачыста адкрылі ў Магілёве

Помнік славутаму беларускаму асветніку Георгію Каніскаму ўрачыста адкрылі ў Магілёве. Мерапрыемства прайшло 6 жніўня ў дзень памяці праваслаўнага прапаведніка, філосафа і грамадскага дзеяча, з дня нараджэння якога сёлета спаўняецца 305 гадоў.

Гасцямі ўрачыстага адкрыцця архітэктурнай кампазіцыі сталі прадстаўнікі выканаўчай улады, духавенства і грамадскасці. Прывітанне ўдзельнікам цырымоніі накіравала старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Наталля Качанава: «Сённяшняя падзея глыбока сімвалічная для захавання нашай багатай культурнай і духоўнай спадчыны і гістарычнай памяці. Пераканана: каб паспяхова рухацца наперад, трэба ўмацоўваць сувязь часоў, часцей звяртацца да сваіх традыцый і вытокаў, захоўваць імёны сваіх герояў і вернасць тым высокім маральным арыенцірам, якія яны нам завяшчалі».

Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Веніямін адзначыў, што ідэя стварэння помніка даўно жыла ў народзе, бо шанаванне свяціцеля пачалося з таго часу, як толькі ён спачыў. «Удзячная памяць нашчадкаў жывая і дагэтуль: свяціцель дарагі сэрцу магілёўцаў і кожнаму беларусу, – адзначыў ён. – І стварэнне гэтага цудоўнага помніка – сімвал духоўнасці, асветніцкай дзейнасці і любові да свайго народа Георгія Каніскага. Бо ён прыкладам асабістага жыцця сведчыў пра тое, як трэба любіць сваю веру і ў той жа час як захоўваць мір і згоду з прадстаўнікамі іншых канфесій. Зараз да гэтага знакавага месца з удзячнасцю і малітвай будуць прыходзіць людзі, успамінаць слаўную гісторыю Магілёва, уклад свяціцеля на карысць гэтых зямель і нашай Айчыны».

Помнік Георгію Каніскаму ўяўляе архітэктурную кампазіцыю, якая размясцілася на вул. Карла Маркса абласнога цэнтра ў раёне лесвічнага спуску ў парк Падміколле. Фігура самога асветніка вышынёй 3,6 м выканана з бронзы і ўсталявана на пастаменце з гранітных пліт з памятнай таблічкай: «Выдатны асветнік зямлі беларускай свяціцель Георгій Каніскі». Над помнікам узвышаецца белая арка, якую вянчае купал з крыжам. Ля самага зводу канструкцыі зманціраваны дэкаратыўны рэльеф, у цэнтры якога – абраз Божай Маці з немаўлём. Вышыня ўсёй скульптурнай кампазіцыі складае 9,3 м.

Постаць помніка, рэльеф у арцы і накупальны крыж выкананы па індывідуальнай замове. Аўтарам бронзавай фігуры Георгія Каніскага выступіў беларускі скульптар, член Саюза мастакоў Беларусі Аляксей Паўлючук. У ліку яго вядомых работ – эмблема «Музы» Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы, помнік спаленым вёскам у Пружанах, помнік 1000-годдзя з дня заснавання Брэста.

«Праваслаўныя вернікі шануюць Георгія Каніскага як святога зямлі беларускай, які праявіў сябе ў служэнні Богу, народу і Айчыне, – сказаў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка. – Яго спадчына сёння з’яўляецца маральным арыенцірам для вернікаў, фундаментальнай часткай нашай гістарычнай памяці і духоўна аб’ядноўвае беларусаў. Сёння ў дзяржавы і царквы адна агульная мэта – духоўнае развіццё, шчасце і дабрабыт людзей. Упэўнены, што добрае імя Георгія Каніскага будзе нагадваць пра неабходнасць спалучаць у сабе духоўнае, маральнае, навуковае на карысць росквіту нашай Радзімы. Наша краіна з’яўляецца тэрыторыяй міру і згоды. Беларускі вопыт узаемадзеяння дзяржавы і царквы, міжканфесійнага дыялогу годны стаць узорам для многіх краін».

На думку губернатара, адкрыццё і асвячэнне помніка свяціцелю Георгію Каніскаму ў Год гістарычнай памяці – важны крок у выхаванні падрастаючага пакалення ў духу маральнасці і патрыятызму, у захаванні і памнажэнні спадчыны нашых продкаў.

Дарэчы, ініцыятыва стварэння помніка беларускаму асветніку з’явілася ў 2017 годзе, калі да гарадской улады звярнуліся прыхаджане і жыхары Магілёва. За ўвекавечанне памяці Георгія Каніскага ў бронзе было сабрана каля 11 тыс. подпісаў. Прайшло грамадскае абмеркаванне будаўніцтва, і 6 жніўня 2021 года ў падмурак будучага помніка была закладзена капсула з пасланнем нашчадкам. Праз год ініцыятыва ўвасобілася ў жыццё.

«Да стварэння помніка мы ішлі вельмі доўга: Было шмат пытанняў, сустрэч ініцыятыўных груп, вызначалася пляцоўка пад будаўніцтва, – адзначыў старшыня Магілёўскага гарвыканкама Уладзімір Цумараў. – У выніку ўсё ўвасобілася ў жыццё і цяпер найлепшага месца для архітэктурнай кампазіцыі нельга і ўявіць. Прасторная пляцоўка ля ўвахода ў любімы ўсімі гараджанамі парк, злева – Свята-Мікольскі манастыр, справа – Свята-Пакроўская царква, прама – Спаса-Праабражэнскі храм. Менавіта тут увекавечылася памяць асветніка Георгія Каніскага, які сапраўды праславіў нашу Магілёўшчыну. Гэтага моманту чакалі ўсе – ён стаў знакавым не толькі для духавенства і глыбока вернікаў людзей, але і для ўсіх магілёўцаў».

Цырымонію асвячэння помніка правялі мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Веніямін і архіепіскап Магілёўскі і Мсціслаўскі Сафроній. Падчас урачыстай цырымоніі былі ўручаны медалі ў гонар свяціцеля Георгія Каніскага. Іх удастоены Анатоль Ісачанка і Уладзімір Цумараў, а таксама дырэктар дабрачыннага фонду імя Георгія Каніскага Анатоль Хішчанка і генеральны дырэктар ААТ «Будтрэст №12» Дзмітрый Марозаў.

Асоба Георгія Каніскага стала яркай старонкай у гісторыі магілёўскіх зямель. У 1755 годзе ён узначаліў Магілёўскую епархію і быў шчырым прыхільнікам праваслаўя. У Магілёве ён заснаваў духоўную семінарыю, друкарню і шэраг школ для людзей розных саслоўяў, пад яго кіраўніцтвам пабудаваны Архірэйскі палац, а таксама шэраг культавых збудаванняў, у тым ліку Спаса-Праабражэнскія манастыр і кафедральны сабор, Георгіеўская царква.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая