RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Пытанні змяненняў у заканадаўстве і стымулявання інвестыцыйных ініцыятыў абмеркавалі на канферэнцыі СЭЗ Рэспублікі Беларусь у Магілёве

У Магілёве працягваецца абласная канферэнцыя «Павышэнне эфектыўнасці работы рэальнага сектара эканомікі: праблемы і шляхі вырашэння». Учора яе ўдзельнікі абмеркавалі пытанні кадравай палітыкі. У другі дзень дыялогавая пляцоўка перамясцілася ў адміністрацыю СЭЗ «Магілёў», дзе адбылася II канферэнцыя свабодных эканамічных зон Рэспублікі Беларусь «Выклікі сучаснасці і новыя падыходы ў працы “СЭЗ”». Сёння ўдзел у мерапрыемстве прынялі памочнік Прэзідэнта – інспектар па Магілёўскай вобласці Леанід Мартынюк, намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Руслан Страхар, першы намеснік міністра эканомікі Рэспублікі Беларусь Юрый Чабатар, а таксама кіраўнікі адміністрацый СЭЗ Рэспублікі Беларусь.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў звярнуўся Леанід Мартынюк. Ён адзначыў, што першы дзень канферэнцыі паказаў эфектыўнасць працы ў такім фармаце. Сустрэча з прадстаўнікамі прамысловага комплексу, сферы адукацыі і дзяржаўнай улады дазволіла абмеркаваць надзённыя пытанні і выпрацаваць канцэпцыю далейшага развіцця кадравага патэнцыялу вобласці.

«Сёння і заўтра два магутныя блокі прысвечаны працы СЭЗ у Рэспубліцы Беларусь, будуць разгледжаны найважнейшыя аспекты павышэння эфектыўнасці рэальнага сектара эканомікі, пытанні прываблівання інвестыцый. Асобная ўвага будзе нададзена праблемам павышэння эфектыўнасці работы прамысловасці і зніжэння выдаткаў. І мы завершым гэты тыдзень пасяджэннем, на якім падвядзём вынікі.

Аналізуючы эканоміку ў цэлым, абмяркоўваючы сітуацыю, якая склалася, мы бачым неабходнасць сёння надаць гэтай сферы дадатковую ўвагу, нароўні са сферай сельскай гаспадаркі, дзе кантроль наладжаны на рэгулярнай аснове», – падкрэсліў памочнік Прэзідэнта – інспектар па Магілёўскай вобласці.

У завяршэнне свайго выступлення ён пажадаў удзельнікам сустрэчы новых ведаў, вопыту і плённай працы на магілёўскай зямлі.

У сваю чаргу Руслан Страхар адзначыў, што ў любой краіне інвестыцыйная дзейнасць займае цэнтральнае месца ў эканамічным працэсе і прадвызначае агульны рост эканомікі:

«Інвестыцыі – гэта аснова развіцця кожнага рэгіёна і пытанне выжывальнасці ў сучасных умовах. Менавіта таму тэма інвестыцый не губляе сваёй актуальнасці. Увядзенне замежнымі дзяржавамі абмежавальных мер у межах санкцыйнага ціску ўнесла карэкціроўкі ў магчымасці і ўмовы вядзення бізнесу. Выклікала неабходнасць перагляду напрамкаў інвеставання і пошуку новых шляхоў прытоку інвестыцый. Многія прадпрыемствы, незалежна ад формы ўласнасці, знаходзяцца ў інвестыцыйнай паўзе і прыкметна скарацілі інвестыцыі ў асноўны капітал. Цяжкасці ў набыцці і дастаўцы ў краіну еўрапейскага абсталявання прымушаюць прадпрыемствы мяняць свае інвестыцыйныя планы. Вызначаць новых пастаўшчыкоў і выбудоўваць новыя лагістычныя ланцужкі яго ўвозу.

У бягучай пяцігодцы праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця рэспублікі зроблена стаўка на запуск новага інвестыцыйнага цыклу. А ў існуючых няпростых эканамічных умовах прывабліванне інвестыцый у перспектыўную вытворчасць, зыходзячы з патэнцыялу, кампетэнцый, канкурэнтных пераваг рэгіёнаў застаюцца адным з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці. Несумненна, як і ў любым рэгіёне нашай краіны, свабодныя эканамічныя зоны маюць вялікае значэнне ў развіцці адпаведных тэрыторый. Гэта ў поўнай меры адносіцца і да СЭЗ «Магілёў». Прывяду толькі некалькі асноўных лічбаў.

У аб’ёме прамысловай вытворчасці Магілёўскай вобласці рэзідэнты СЭЗ «Магілёў» займаюць 36%. У аб’ёме інвестыцый прамысловага комплексу – 38%. А ва ўсім аб’ёме інвестыцый Магілёўскай вобласці з улікам інфраструктурных праектаў, жылля – амаль 10%. Гэта даволі значны паказчык. І самае важнае для нас – у аб’ёме экспарту Магілёўскай вобласці, бо СЭЗ – гэта экспартаарыентаваныя прадпрыемствы, рэзідэнты СЭЗ займаюць 53%. Гэты год паказаў неабходнасць мабільнасці, выклікаў патрэбнасць адаптавацца да новых умоў. І намі робіцца ўсё, каб супрацьстаяць неабгрунтаванаму санкцыйнаму націску, змякчыць удар па эканоміцы рэгіёна. Так, доля інвестыцый у ВРП зніжаецца, і па выніках года не ідзе гаворка, на жаль, пра перавышэнне ўзроўню інвестыцый мінулага года. Але разам з тым варта адзначыць, што нават у бягучых умовах, атрыманыя замежнымі інвестарамі даходы актыўна рэінвестуюцца ў далейшае развіццё бізнесу на тэрыторыі вобласці. На долю рэінвеставання даводзіцца 90% прамых замежных інвестыцый. Гэта сведчыць пра тое, што прыватныя кампаніі з замежным капіталам не плануюць згортваць сваю дзейнасць, а працягваюць сваё развіццё на тэрыторыі Магілёўскай вобласці, а значыць і тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Таму сённяшняя дыялогавая пляцоўка заклікана раскрыць нашу адаптыўнасць і падзяліцца вопытам работы ў сучасных умовах».

Намеснік старшыні расказаў, што праца канферэнцыі мэтанакіравана падзелена на тры дыялогавыя пляцоўкі, якія па сутнасці ўяўляюць найважнейшыя моманты або складнікі эфектыўнай працы прамысловага комплексу – гэта кадры, інвестыцыі і прадукцыйнасць працы.

«І сёння ў межах асобнай канферэнцыі мы разглядаем пытанні прываблівання інвестыцый як з пункту гледжання змены або ўдасканалення заканадаўства, так і адносна прыняцця адпаведных мер у зменлівых сусветных умовах, – растлумачыў ён. – Гэтыя тэндэнцыі нам неабходна адсочваць і ўбудоўвацца ў зменлівую структуру, у пытанні прываблівання інвестыцый, новых форм узаемадзеяння з інвестарам, пытанні стварэння ўмоў для таго, каб нашы інвестары, як айчынныя, так і замежныя, адчувалі тут сябе камфортна і разам з намі развівалі рэальны сектар эканомікі. Як і раней, пытанне прываблівання інвестыцый – комплекснае. Мы гатовыя прадастаўляць добрыя прывабныя ўмовы для кожнага. Несумненна, важная кропкавая праца з кожным інвестарам і рашэнне ўсіх адміністрацыйных пытанняў ад выдзялення зямельных участкаў, стварэння інфраструктуры для рэалізацыі інвестпраектаў да той жа працы па падрыхтоўцы і перападрыхтоўцы кадраў. Гэта ўсе важныя складнікі для паспяховай рэалізацыі інвестыцыйнага праекта».

Руслан Страхар выказаў упэўненасць, што выпрацаваныя падчас канферэнцыі падыходы, прапановы, напрацоўкі стануць добрай асновай для далейшага паступальнага росту інвестыцый не толькі ў межах канкрэтных СЭЗ, але і ў межах краіны ў цэлым.

Юлiя Таранава, фота mogilevnews.by

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая