RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Сустрэча тураператараў Расіі і Беларусі прайшла ў Магілёве

Сустрэча тураператараў Смаленскай вобласці Расійскай Федэрацыі і Магілёўскай вобласці Рэспублікі Беларусь па пытаннях супрацоўніцтва ў сферы турызму адбылася сёння ў канферэнц-зале гандлёвага цэнтра «Атрыум». Бакі дзяліліся вопытам работы, прэзентавалі турыстычныя аб’екты і прапановы, абмяркоўвалі магчымасці ўзаемаабмену турыстычнымі групамі.

Звяртаючыся да ўдзельнікаў сустрэчы з уступным словам, намеснік начальніка ўпраўлення спорту і турызму Магаблвыканкама Вадзім Брэжэзінскі падкрэсліў:

«Паколькі мы актыўна супрацоўнічаем у развіцці турызму з такімі аддаленымі рэгіёнамі Расіі, як Хабараўскі і Прыморскі край, само сабой зразумела, што мы хочам наладзіць адносіны і з нашымі найбліжэйшымі суседзямі. Візіт Смаленскай дэлегацыі прыйшоўся вельмі дарэчы, ён дазволіў прадэманстраваць «разыначкі» турыстычнай індустрыі Магілёўшчыны, пагутарыць, абмяняцца ведамі з калегамі. Перакананы, што даная сустрэча стане адпраўной кропкай у развіцці трансгранічнага супрацоўніцтва, развіцці турыстычнай інфраструктуры. Паколькі пандэмічная сітуацыя сходзіць, гэта дазволіць нам больш цесна ўзаемадзейнічаць у плане рэалізацыі нейкіх сумесных праектаў. Як у стварэнні тураў, так і ў арганізацыі і ўдзеле падзейных мерапрыемстваў.

Нягледзячы на падабенства нашых культур, паколькі мы даўно добрасуседствуем, усё ж у кожнага ёсць свае асаблівасці, якія цікава пазнаваць, і ёсць што запазычыць. Напрыклад, цікавасць выклікае вопыт расійскага боку ў падтрымку інвестыцыйных праектаў, накіраваных на фарміраванне і развіццё індустрыі».

Як адзначыла начальнік аддзела турызму дэпартамента інвестыцыйнага развіцця Смаленскай вобласці Расійскай Федэрацыі Юлія Нікіфарава, у апошнія гады, улічваючы пандэмічную і знешнепалітычную сітуацыю, узаемадзеянне Беларусі і Расіі стала яшчэ больш актуальным:

«А паколькі непасрэдна нашы рэгіёны наогул прыгранічныя, супрацоўніцтва бачыцца нам цікавым і ўзаемавыгадным. Увесь наш турпаток, які раней ішоў на Еўропу, мы цалкам можам перанакіраваць на нашу Саюзную дзяржаву, сумежныя рэгіёны. Думаю, гэта будзе займальна і нашым, і вашым турыстам.

У апошнія некалькі гадоў мы таксама актыўна карыстаемся такім паняццем, як бізнес-місіі. Упершыню для сябе мы адпрацавалі падобныя праекты ва ўласных рэгіёнах Расіі. Зразумелі, што гэта эфектыўна і цікава для нашага турбізнесу, тураператараў, якія шукаюць сабе ў межах бізнес-місіі новых партнёраў, новых кліентаў. І як толькі адступіла пандэмія, як толькі ў нас з’явілася магчымасць прыехаць у Беларусь, нягледзячы на гарачы турыстычны час летняга сезона, мы прыехалі. Улічваючы, што Магілёўская вобласць – наш найбліжэйшы сусед, перш за ўсё вырашылі адправіцца ў госці сюды.

У склад расійскай дэлегацыі, акрамя прадстаўнікоў органаў выканаўчай улады, увайшлі прадстаўнікі цэнтра развіцця турызму, які ў першую чаргу ўзаемадзейнічае з турыстамі, тураператарамі і прасоўвае рэгіянальны турпрадукт. Акрамя таго, удзельнікамі паездкі сталі прадстаўнікі турыстычнага бізнесу – тураператары ўнутранага, уязнога і выязнога турызму. Улічваючы, што ў нас вельмі цеснае ўзаемадзеянне намячаецца ў рамках Саюзнай дзяржавы, мы разлічваем на тое, што сітуацыя, звязаная з міжнародным і ўнутраным тураперайтынгам, аб’яднае ўзаемныя намаганні і для нашых народаў адкрые добрыя перспектывы».

У сваю чаргу дырэктар ДКУП «Магілёўаблтурыст» Алена Карпенка падкрэсліла своечасовасць падобных сустрэч, акцэнтаваўшы ўвагу на тым, што пандэмічныя гады некалькі перапынілі супрацоўніцтва і цяпер важна як аднавіць існуючыя раней сувязі, так і наладзіць новыя.

«У нас былі добра наладжаныя сувязі паміж турыстычнымі прадпрыемствамі, мы часта ездзілі адзін да аднаго, вазілі турыстаў. Гэтыя пару гадоў некалькі перапынілі нашы ўзаемаадносіны. Таму цяпер, калі з’явілася такая магчымасць, неабходна надаць гэтаму пільную ўвагу. Мы ставім мэтай аднавіць турыстычны паток, арганізаваць узаемаабмен групамі. Тым больш што межы адкрыты і няма неабходнасці рабіць тэсты ПЦР. Да таго ж, сёння карыстаюцца вялікім попытам непрацяглыя аўтобусныя туры».

У першы дзень знаходжання з бізнес-місіяй на Магілёўшчыне расійская дэлегацыя атрымала магчымасць як наведаць асобныя турыстычныя аб’екты рэгіёна, так і азнаёміцца з асаблівасцямі развіцця сферы турызму ў цэлым. Вынікам другога, сённяшняга дня стала падпісанне пагаднення аб супрацоўніцтве паміж турыстычнымі аператарамі Смаленскай і Магілёўскай абласцей.

Юлія Таранава, фота аўтара.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая