RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Сяргей Сувееў: «Будзем рухацца далей. Упэўнена і мэтанакіравана»

Сяргей Сувееў: «Будзем рухацца далей. Упэўнена і мэтанакіравана»

Работа VI Усебеларускага народнага сходу асвятлялася ў СМІ ўсебакова. Таму на сустрэчы карэспандэнта «раёнкі» са старшынёй райсавета дэпутатаў Сяргеем Сувеевым, якая адбылася пасля вяртання асіповіцкай дэлегацыі дадому, гаворка ішла выключна пра моманты, якія адносяцца да рэгіянальнай спецыфікі. Напэўна, усім цікава, аб чым размаўлялі прадстаўнікі нашага краю ў перапынках паміж пасяджэннямі і па іх заканчэнні…

— Агульным уражаннем стала пачуццё еднасці ўсіх дэлегатаў і атмасфера настрою на канструктыўнае рашэнне праблем. Гэты кантэкст і задаваў тон у нефармальных зносінах    удзельнікаў сходу, — адзначыў Сяргей Сувееў. — Зразумела, абмяркоўвалі вы-ступленне Прэзідэнта краіны. Яно было працяглым па часе, аднак успрымалася лёгка: Аляксандр Лукашэнка гаварыў пра тое, што кожны дэлегат таксама лічыць актуальным.

— У каго з іншых спікераў атрымалася «зачапіць» аўдыторыю за жывое?

— Усе выступалі канкрэтна, граматна, адкрыта і з душой. Так што прамоўцаў слухалі ўважліва. Дарэчы, выступіла каля 30 дэлегатаў. Пункты гледжання агучваліся розныя, нагоды для дыскусій узнікалі… Гэта нармальна: дыялог — самы канструктыўны шлях адзінства.

Выказацца была магчымасць ва ўсіх жадаючых, толькі не кожны паспяваў укласціся ў адведзены час. На жаль, не вытрымалі рэгламенту экс-кандыдат у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь Ганна Канапацкая і старшыня РГА «Патрыёты Беларусі» Сяргей Рачкоўскі.

— Моцнае ўражанне пакінулі прэтэнзіі Кіраўніка дзяржавы да лаяльнасці работнікаў органаў дзяржкіравання, агучаныя на прыкладзе Бялыніцкага райвыканкама. Як адрэагавалі на пачутае нашы дэлегаты?

— Для нашага раёна гэта праблема не актуальная, аднак занепакоенасць Прэзідэнта без увагі не засталася. Расслабляцца нельга: інфармацыйная вайна ідзе, і землякі —    удзельнікі Усебеларускага сходу — на сабе адчуваюць яе напружанне. У бліжэйшыя дні плануецца правядзенне сустрэч дэлегатаў з калектывамі прадпрыемстваў Асіповіччыны, у тым ліку і з мэтай супрацьстаяння нядобразычлівым тэлеграм-каналам.

— Падчас падрыхтоўкі да УНС у рэгіёнах ішла актыўная работа па выпрацоўцы прапаноў для правядзення Канстытуцыйнай рэформы і іншых злабадзённых пытаннях. Наколькі важкім быў асіповіцкі ўнёсак у агульную справу?

— Прапаноў было даволі многа і, як здавалася, яны былі свежымі і арыгінальнымі. Аднак у рэчаіснасці атрымалася, што і іншыя раёны Магілёўшчыны генерыравалі падобныя ідэі.

Гэта на самай справе добра, бо дазваляе зрабіць важную выснову: у грамадстве сфарміравалася ў цэлым несупярэчлівае разуменне шляхоў далейшага развіцця нашай краіны. На маю думку, Усебеларускі народны сход вызначыў для рэалізацыі гэтых чаканняў добры шлях.

gzt-akray.by

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая