RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Магілёўскай вобласці кукурузы на сілас убрана сто працэнтаў, на збожжа – чвэрць ад планавых плошчаў

Ці багаты гектар на бялок

Спецыялісты адзначаюць, што ў залежнасці ад эканамічнай мэтазгоднасці катэгорыі «на сілас» або «на збожжа» могуць памяняцца месцамі. У Магілёўскай вобласці на раніцу ўчарашняга дня ўбрана на сілас каля 112 тысяч гектараў пры сярэдняй ураджайнасці 224 цэнтнеры з гектара. На зерне – прыкладна 24 працэнты плошчаў, намалочана больш за 70 тысяч тон пры сярэдняй ураджайнасці 60 цэнтнераў з гектара. У мінулым годзе кукуруза на зерне ў рэгіёне займала прыблізна 22 тысячы гектараў, а ў гэтым перавысіла 50 тысяч. Толькі ў адным Глускім раёне пад яе адвялі 12 тысяч гектараў у межах інвестпраекта ЗАТ «БНБК». У ім удзельнічаюць і сельгасарганізацыі Бабруйскага раёна, а нядаўна далучыўся Асіповіцкі.

У КСУП «Ніва-Барсукі» Кіраўскага раёна амаль усе 810 гектараў кукурузы на сілас. Галоўны аграном Сяргей Сіўчыкаў тлумачыць, што першапачаткова на збожжа адвялі 190 гектараў, але, зыходзячы з эканамічнай мэтазгоднасці, будуць прыбіраць каля 50, астатняе – на сілас:

– У гэтым годзе вал збожжа амаль на 2 тысячы тон большы, запас зернефуражу пад сваю патрэбу – 5 тысяч тон. Таму зерне кукурузы ўжо не мае стратэгічнай каштоўнасці з улікам выдаткаў на яго сушку. Лепш прыбяром на сілас – менш выдаткі. Паўтарагадовы запас кармоў у нас будзе, і гэта галоўнае. Ураджайнасць сухой кукурузы – каля 300 цэнтнераў з гектара, зялёная была пад 400. Намалацілі амаль 1,5 тысячы тон алейнага семя рапсу: алей прададзім, а шрот пойдзе ў корм у якасці бялковай дабаўкі. Узмацнілі мехатрад, каб хутчэй адправіць трактары на зябліва. Ідуць дажджы, тэхніцы працаваць складана, але трэба думаць аб будучым ураджаі.

 

У перадавіках па ўраджайнасці кукурузы на зерне Кіраўскі раён (91 цэнтнер з гектара) і Магілёўскі (77). Кукуруза на зялёны корм лепш за ўсё ўрадзіла ў Крычаўскім (298 цэнтнераў з гектара) і Шклоўскім (292).

Хоць Магілёўскі раён і ў лідарах па ўраджайнасці кукурузы на зерне, акцэнт трэба зрушыць на паказчык не цэнтнераў, а бялку з гектара, – лічыць першы намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Магілёўскага райвыканкама Генадзь Давыдаў:

– Кукуруза – культура дарагая. У ЗАТ «Сервалюкс Агра» давала і 114 цэнтнераў збожжа з гектара. Пакуль на зерне каля 5 тысяч гектараў, але, калі захаваецца дажджлівае надвор’е, будзем прыбіраць на сілас. У раёне пасеяна кукурузы 13 тысяч гектараў. Калі плюшчыць збожжа пры цяперашняй вільготнасці, атрымаеш якую-ніякую выгаду, сушыць – прыбытак мінімальны. Калі глядзець па-гаспадарску, то трэба шырэй займацца травой і бабовымі. Раён спецыялізуецца на вырошчванні буйной рагатай жывёлы, а бялок з травы значна таннейшы. Па травяных кармах у нас плюс каля трох кармавых адзінак на ўмоўную галаву да мінулага года. І сенажу заклалі больш, і па сіласе перасягнулі мінулы паказчык, хоць уборка працягваецца. Азімага ячменю пасеялі больш за 2 тысячы гектараў, у той час як у 2021-м толькі 300: з’явіліся раяніраваныя гатункі, мякчэйшы клімат – гэта зімоўка прайшла добра. Шмат сеем канюшыны, люцэрны, але насенне апошняй прыходзіцца закупляць, якаснае і вельмі дарагое. Трэба больш налягаць на свае культуры. Для нас гэта канюшына. Сталі займацца сланечнікам, але пакуль нельга назваць эксперымент удалым, хоць і да тэрмінаў сяўбы ў сувязі з лагістыкай дастаўкі насення былі праблемы. Трэба атрымліваць свой бялок. Увесь свет лічыць ураджай па вытворчасці бялку на гектар. Нават у розных гатункаў ячменю можа ўтрымлівацца яго і 11 працэнтаў, і 16, а выдаткі на пасеў, догляд і ўборку аднолькавыя. Канчатковая ацэнка корманарыхтоўцы будзе дадзена зыходзячы з паказчыкаў у жывёлагадоўлі.

СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая