RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Магілёўскай вобласці ўсе раёны пачалі касавіцу

У Магілёўскай вобласці ўсе раёны пачалі касавіцу. Прыбраць кармы неабходна і якасна, і ў патрэбны час. На будучы ўраджай вялікія планы: травастой у гэтым годзе не горшы за леташні, таму справа толькі за аператыўнай уборкай.

У ААТ «Палыкавічы» Магілёўскага раёна плануюць нарыхтаваць з першага ўкосу 8 тысяч тон сенажу і 0,9 тысячы тон сена. Па словах дырэктара Аляксея Шуплякова, ралля займае тысячу гектараў, дзе ў асноўным бабовыя і бабова-зёлкавыя культуры, і 480 – лугавыя ўгоддзі для сенажаці.

– Каб атрымаць якасныя кармы, трэба вытрымаць тэрміны ўборкі і закладкі. Паралельна закладваем кармы ў яму. Таксама ёсць свой прэс, таму па прагрэсіўных тэхналогіях нарыхтавалі ўжо 400 тон сенажу.

Уборачная плошча ў Магілёўскім раёне – больш за 13 тысяч гектараў. Ужо скошана 2570, або 19 працэнтаў да плана.

– Скошваем у дзень 538 гектараў, або 4 працэнты, – адзначае першы намеснік старшыні – начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Магілёўскага райвыканкама Алег Маслак. – Ужо нарыхтавалі 4455 тон сенажу, у тым ліку па прагрэсіўных тэхналогіях у палімернай упакоўцы – 1055. Для гэтага ёсць спецыялізаваная тэхніка. Падсеялі 4 тысячы гектараў траў, яшчэ плануем дадаць больш за 2 тысячы: люцэрна, канюшына, бабова-зёлкавыя сумесі.

Аналізуючы сітуацыю, Алег Рыгоравіч адзначае, што якасць кармоў напрамую ўплывае на вытворчасць малака і прадуктыўнасць буйной рагатай жывёлы:

– Задача –прыбраць якасныя травы, у якіх будзе максімальная колькасць бялку. Валавыя прывагі за студзень-май вышэй на 108 працэнтаў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. У ЗАТ «Агракамбінат “Зара”»Магілёўскага раёна – на 115 працэнтаў, у сельгаспрадпрыемстве «Вендараж» філіяла РУП «Магілёўэнерга»– на 119, у ААТ «Фірма “Кадзіна”»– на 114. На гэтыя плюсы паўплывала якраз нарыхтоўка якасных кармоў. Вытворчасць жа малака –103,8 працэнта. Так, не самая вялікая лічба, але спадзяёмся нарыхтаваць высакакласныя кармы і атрымаць больш высокі вынік.

– Першы ўкос –гэта толькі пачатак. Знясільваючая праца яшчэ наперадзе. Цалкам касьба скончыцца толькі да канца верасня. І тэхніка будзе працаваць практычна без перапынку, але мне гэта толькі на руку, бо можна атрымаць добрыя грошы,–гаворыць механізатар КСУП «Дзямідавіцкі» Касцюковіцкага раёна Іван Савянкоў. – У мяне тэхніка з новай касілкай, таму ў дзень атрымоўваецца зрабіць вялікі аб’ём працы. Так, за 6 гадзін прыбраў 10 гектараў.

План корманарыхтоўкі ў гаспадарцы сур’ёзны: неабходна 200 тон сена, больш за 9 тысяч тон сенажу. У сельгаспрадпрыемстве адзначаюць, што ў гэтым працэсе важна ўсё: і кашэнне, і варушэнне, і драбненне, і трамбоўка. Мінулыя майскія дажджы, цішыня, цяпло спрыялі хуткаму росту траў, добрай зялёнай масе.

Усяго па вобласці неабходна нарыхтаваць 111 тысяч тон сена, 1708 тысяч тон сенажу і 1898 тысяч тон сіласу. Прыбрана 28,8 тысячы гектараў, або 15 працэнтаў да плана. У камітэце па сельскай гаспадарцы і харчаванні Магілёўскага аблвыканкама адзначаюць, што асноўная задача – прыбіраць травы своечасова. Тады будуць добрымі і надоі,і прыбаўленні.

СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая